Крыжовыя паходы | Les croisades | The Crusades
СтатистикаКрыжовыя паходы • Дзяржавы крыжаносцаў • Духоўна-рыцарскія ордэны • Блізкі Ўсход • Пірэнейскі паўвостраў • Балтыя • Гісторыя • Кнігі • Цікавосткі
- Последний пост
- 12 авг.
- Последнее чтение
- 15 авг.
- Постов за неделю
- 1
- Всего постов
- 72
- Тип
- открытый
- Язык
- белорусский
- В каталоге с
- 12 авг.
- 1/24сутки в ленте
- 58
- 1/48двое суток
- 66
- 1/72трое суток
- 71
Оценка по просмотрам недавних постов: пост набирает почти всё за первые сутки.
Посты
Пяць цікавых фактаў пра Пяты крыжовы паход. https://www.medievalists.net/2026/07/fifth-crusade/
Мілае прысвячэнне ў пачатку зборніка навуковых артыкулаў Franks and Crusades in Medieval Eastern Christian Historiography, edited by Alex Mallett (Turnhout: Brepols, 2020): To Yang, for all the support, and noodles… #гістарыяграфія
У сувязі з апошнімі падзеямі ў іспанскай Сэўце — урывак з паэмы "Спеў пра Майго Сіда", вершы 1622-29. Пераклад Якуба Лапаткі і Лявона Баршчэўскага: Юсуф Мараканскі ўгнявіўся вельмі на Сіда: "На спадчынных землях маіх ён усеўся нахабна За гэта падзякі ўзносіць свайму Хрысту Богу!" Не марудзячы, кароль мараканскі падрыхтаваўся: Сваё войска сабраў, пяцьдзясят тысяч вояў, У чаўны пасадзіў іх. Морам рушыла войска У Валенсію, за крыўды спытаць з Сіда Кампеадора. Прычалілі чаўны, і на бераг сышлі воі. Дайшоўшы да Валенсіі, Сідам забранай, Свае шатры паўсюль раскінулі іншаверцы. Мой літаральны пераклад: Кароль Мараканскі незадаволены Маім Сідам донам Радрыга: — На спадчынных землях маіх ён замацаваўся І нікому за гэта не дзякуе, акрамя Езуса Хрыстуса. Гэты кароль Мараканскі збірае сваіх ваяроў; Было іх пяцьдзясят разоў па тысячы, усе ўзброеныя. Рушылі яны да мора і селі ў свае чаўны, Паплылі ў Валенсію, да Майго Сіда дона Радрыга. Прыплылі караблі, яны выйшлі з іх, Прыбылі ў Валенсію, якую заваяваў Мой Сід, Паставілі няверныя свае намёты і сталі табарам. #першакрыніцы #пераклады #Рэканкіста #Іспанія
OPEN ACCESS: Папства і іспанскія каралеўствы ў Сярэднявеччы El papado y los reinos hispánicos en la Edad Media, coords. Jorge Díaz Ibáñez, María José Cañizares Gómez, Mário Farelo (Murcia: Sociedad Española de Estudios Medievales, 2026), 718 p. Зборнік артыкулаў, прысвечаных узаемаадносінам паміж папствам і іберыйскімі хрысціянскімі дзяржавамі ў розных сферах. У кантэксце нашай суполкі можна вылучыць артыкул Карласа дэ Аяла Марцінеса (Мадрыдскі аўтаномны ўніверсітэт) “Папства і войны супраць ісламу на Іберыйскім паўвостраве (XI–XIII стагоддзі)” (с. 307–332). #гістарыяграфія #папства #Рэканкіста #Іспанія #open_access
Мой артыкул, пра які я пісаў раней, апублікаваны ў навуковым часопісе Matenadaran: Medieval and Early Modern Armenian Studies (MEMAS), vol. 3.1 і ўжо дасяжны анлайн. Тэма артыкула: “The History of Kirakos Gandzakets‘i as a Source for the War of the Antiochene Succession.” У ім разглядаецца расповед пра бітву паміж каралём Арменіі Лявонам I і “султанам Алепа”, змешчаны ў трэцяй главе хронікі “Гісторыя Арменіі”. Сама хроніка была складзеная манахам Кіракосам Гандзакецы ва ўсходняй Арменіі ў XIII стагоддзі. Маёй мэтай было змясціць расповед у гістарычны кантэкст, паказаўшы што бітва адбылася ў красавіку 1206 года каля крэпасці Харым і была часткай Вайны за антыяхійскую спадчыну паміж Лявонам і Баэмундам IV, графам Трыпалійскім. Гэта першая ў сучаснай гістарыяграфіі спроба сістэмнага вывучэння хронікі Кіракоса як першакрыніцы па гісторыі Вайны за антыяхійскую спадчыну. #Кілікія #Антыёхія #Алепа #Лявон_Мецагорц #Баэмунд_IV #публікацыі
Мініяцюра з старафранцускага працягу хронікі Гіёма Тырскага. Ерусалімскае каралеўства, Акра. Каля 1280 года. Bibliothèque municipale de Lyon, ms 828, fol. 33. Вельмі часта гэтую мініяцюру можна сустрэць у Інтэрнэце з подпісам “Аблога Акры падчас Трэцяга крыжовага паходу”. Насамрэч на ёй выяўленая аблога Антыёхіі ў 1098 годзе — падзея, якая адносіцца да Першага крыжовага паходу. На першым плане крыжаносцы кідаюць ў горад камяні з дапамогай трэбушэта. Мусульмане ў горадзе паказаныя такім чынам, каб падкрэсліць, што перад намі ўсходні народ — у каўпаках і з бародамі. Постаць на муры пасярэдзіне — верагодней за ўсё Фіруз, армянін, камендант адной з вежаў, які здаў горад Баэмунду Тарэнцкаму. #мініцюры #першы_кп #Антыёхія #зброя
Сьвежы нумар навуковага часопісу East Central Europe: Between the Baltic and the Adriatic (Дэбрэцэнскі ўніверсітэт, Вугоршчына) Там ёсьць і артыкулы па тэме нашай суполкі. #гістарыяграфія #тэўтонцы #Асманская_Імперыя #Венецыя
Грюнвальдская битва. Источники и исследования, пер. Г. А. Стратановский, ст. Л. В. Разумовская; пер., ст. Р. Б. Гагуа (Москва: «Альма Матер», 2026), 398 с. У маскоўскім выдавецтве “Альма Матер” пабачыла свет кніга “Грюнвальдская битва. Источники и исследования”. Яна складаецца з дзвюх частках. У першай змешчаны пераклад той часткі хронікі Яна Длугаша, у якой апісваюцца падзеі Вялікай вайны, а таксама артыкул савецкага гісторыка Любові Разумоўскай “Ян Длугош и Грюнвальдская битва”. Другая частка кнігі называецца “Грюнвальдская битва по Хронике конфликта Владислава, короля Польши, с крестоносцами в год Христов 1410”. Яна ўтрымлівае пераклад “Хронікі канфлікту” (невялікая хроніка, напісаная на лаціне хутка пасля Вялікай вайны) на расейскую мову і даследванне гэтай гістарычнай крыніцы. Пераклад зрабіў беларускі гісторык Руслан Гагуа, ён жа ёсць аўтарам даследвання. На жаль, мушу зазначыць, што кніга не мае ніякай навуковай навізны. Пераклад з Яна Длугаша быў зроблены Георгіем Стратаноўскім для акадэмічнага савецкага выдання 1962 года. У тым жа выданні 1962 года быў надрукаваны і вышэйзгаданы артыкул Л. Разумоўскай. Артыкул, дарэчы, не самы добры і, наогул, — калі ўлічыць, колькі за апошнія 60 гадоў было зроблена для вывучэння гісторыі Грунвальдскай бітвы і біяграфіі Длугаша, – моцна састарэлы. Калі ўжо браліся перавыдаваць пераклад Длугаша, варта было б напісаць да яго каментары і ўступны артыкул з улікам нашых сённяшніх ведаў па тэме. Што тычыцца другой часткі, дык гэта таксама передрукоўка з кнігі: Руслан Гагуа, Грюнвальд в источниках: «Хроника конфликта Владислава, короля Польши, с крестоносцами в год Христов 1410» (Пинск: ПолесГУ, 2009). Яе хібы разабраў яшчэ ў 2009 годзе Генадзь Сагановіч [гл. рэцэнзію ў БГА, т. 16, сш. 2], у выніку чаго назван кнігу Р. Гагуа “псеўданавуковай”. Карацей, кніга не вартая таго, каб яе набыць. #першакрыніцы #гістарыяграфія #пераклады #тэўтонцы #ВКЛ #Польшча #Грунвальд
без подписи
без подписи
без подписи
Імперскі меч (Меч Святога Маўрыкія). Даўжыня 110 см. Вага: 1300 г (меч), 990 г (похва). Вена, Kunsthistorisches Museum, WS XIII 17. Похву, хутчэй за ўсё, вырабілі ў Італіі каля 1084 г. для каранацыі германскага імператара Генрыха IV (1084-1105). На кожным баку ў яе выяўленыя сем каранаваных асобаў, што павінна было сімвалізаваць пераемства ўлады ад Карла Вялікага да Генрыха III. Меч належыў германскаму каралю (1198-1218) і імператару (1209-1218) Ота IV і быў выраблены ўва Францыі, калі ягоны ўладальнік быў яшчэ графам Пуату і герцагам Аквітаніі. У далейшым меч і похва выкарыстоўваліся як цырыманіяльная зброя падчас каранацыі імператараў Свяшчэннай Рымскай Імперыі. І меч, і похва захаваліся амаль у ідэальным стане. Да таго ж меч ёсць выдатным прыкладам зброі эпохі крыжовых паходаў. #артэфакты #зброя #Германія
Сучасныя гісторыкі маюць мала інфармацыі пра жанчын, якія бралі крыж і ўдзельнічалі ў крыжовых паходах. (Дарэчы, ці можна іх называць крыжаносіцамі?) Першакрыніцы канца XI – XIII стагоддзя паведамляюць, можа, пра некалькі дзясяткаў такіх жанчын, не болей. Тым цікавейшая для нас постаць графіні Марыі Шампанскай, удзельніцы Чацвёртага крыжовага паходу, якая зрабілася імператрыцай Лацінскай імперыі, але так і не паспела сесці на канстантынопальскі трон. У жніўні 1198 года папа Інакент III абвясціў крыжовы паход “дзеля абароны зямлі нараджэння Госпада”, які пазнейшыя гісторыкі назавуць Чацвёртым крыжовым (1202–1204). Падрыхтоўка да гэтай экспедыцыі ішла вельмі марудна, адзін раз ейны пачатак нават давялося перанесці, бо не набралася дастатковай колькасці крыжаносцаў. Толькі пасля таго, як 28 лістапада 1199 года на знакамітым турніры ў Экры крыж узялі граф Цібо III Шампанскі і Луі Блуаскі, справа зрушылася з мёртвага пункта і шмат хто з францускіх феадалаў таксама пачаў прыносіць абяцанне крыжаносца. Так, у лютым 1200 года крыж узялі граф Бадуэн IX Фландрскі і, разам з ім, ягоная жонка Марыя Шампанская. Цяжка сказаць, што паўплывала на рашэнне графіні у большай ступені: каханне і адданасць свайму мужу? рэлігійнасць? вернасць сямейным традыцыям? Наконт апошняга фактара варта даць разгорнуты каментар. Марыя была дачкой Анры I, графа Шампані, і Марыі, дачкі французскага караля Луі VII. Такім чынам, і па мячы, і па кудзелі яна належыла да ліньяжаў, моцна звязаных з крыжаносным рухам. Ейны бацька, граф Анры, браў удзел у няўдалым Другім крыжовым паходзе, адным з правадыроў якога быў ейны дзед, кароль Луі. Старэйшы брат Марыі, граф Анры II Шампанскі, удзельнічаў у Трэцім крыжовым паходзе, а ў 1192 годзе стаў каралём-кансортам Ерусаліма (праз шлюб з каралевай Ізабэлай). Вышэйзгаданы Цібо Шампанскі быў малодшым братам Марыі і мусіў стаць правадыром Чацвёртага крыжовага паходу, але памёр (24 траўня 1201 г.), да таго, як пачаўся паход. Што тычыцца самой Марыі Шампанскай, то падчас падрыхтоўкі да крыжовага паходу яна зацяжарыла, таму не змагла выправіцца ў дарогу разам з мужам у красавіку 1202 года. Фландрыю яна пакінула не раней за сярэдзіну лета 1203 года. Сеўшы на карабель у Марсэлі (вясной 1204 года), графіня паплыла ў Святую Зямлю, не ведаючы, што на той момант паход (а разам з ім і ейны муж) ужо адхіліўся ад першапачатковага маршрута і накіраваўся ў Канстантынопаль. У Сірыю Марыя прыбыла, верагодна, у канцы вясны – пачатку лета 1204 года. Там яна даведалася, што крыжаносцы захапілі Канстантынопаль, а Бадуэн IX Фландрскі быў абраны імператарам (як Бадуэн I). Марыя пачала рыхтавацца да адплыцця ў Канстантынопаль, але нечакана захварэла і памёрла. Падчас знаходжання ў Святой Зямлі яна паспела паўдзельнічаць у вырашэнні спрэчкі пра антыяхійскую спадчыну паміж армянскім каралём Лявонам Мецагорцам, які прадстаўляў інтарэсы свайго ўнучатага пляменніка Раймонда-Рубэна, і графам Баэмундам IV Трыпалійскім. Цікава, што Баэмунд прынёс ёй (як жонцы імператара Канстантынопаля) амаж. Такім чынам ён імкнуўся дадаткова абгрунтаваць свае прэтэнзіі на Антыёхію. Калі пазней (у 1212/1213 г.) папа Інакент III паспрабаваў вырашыць спрэчку праз арбітраж, Баэмунд IV адмовіўся ўдзельнічаць у ім на той падставе, што нібыта “трымае Антыёхію ад імператара Канстантынопальскага” і можа адказаваць па гэтым пытанні толькі перад ім. Імператар Бадуэн I ненадоўга перажыў сваю жонку. У красавіку 1205 года у бітве пад Адрыянопалем ён быў разбіты і ўзяты ў палон баўгарскім царом Калаянам. Далейшы ягоны лёс невядомы. Лічыцца, што цягам наступнага году ён памёр пры невядомых абставінах. #чацвёрты_кп #жанчыны #Марыя_Шампанская #Інакент_III #Канстантынопаль
Ганна Дзягель, Так склалася гістарычна, нагадала, што ў свой час я ўдзельнічаў у падкасьце на тэму: Як з'явілася ідэя крыжовых паходаў. Калі каму цікава, то можна паслухаць. #адукацыя #крыжовыя_паходы
Thank God for the Crusade! Выпуск падкасту Pints with Aquinas. Мэт Фрэд, вядомы каталіцкі падкастэр, гутарыць пра крыжовыя паходы з доктарам Томасам Мэдэнам, прафесарам сярэднявечнай гісторыі і дырэктарам Цэнтра сярэднявечных і рэнесансных дасьледваньняў Сэнт-Луіскага ўніверсітэту. Падкаст цікавы ўжо тым, што і вядоўца, і госьць ёсьць шчырымі каталікамі. Доктар Мэдэн, дарэчы, спецыялізуецца на гісторыі Чацьвёртага крыжовага паходу. Падчас гутаркі ён выказаў шэраг тэзаў, якія сёньня нячаста можна сустрэць у публічнай прасторы. Вось найбольш цікавыя з іх: 📌 Хрысьціянства ніколі не было рэлігіяй пацыфістаў. Гвалт апраўданы, калі яго ўжываюць дзеля абароны тых, хто церпіць. Менавіта так было ў выпадку крыжовых паходаў, якія мелі на мэце дапамагчы ўсходнім братам-хрысьціянам. 📌 Крыжовыя паходы былі абарончымі войнамі, адказам на папярэднюю экспансію ісламу, якая доўжылася каля пяці стагодьдзяў і ў выніку якой было захоплена прыкладна 2/3 старых хрысьціянскіх тэрыторыяў. 📌 Крыжовыя паходы адыгралі станоўчую ролю ў гісторыі. Яны далі час Еўропе, якая на той момант была слабой і расколатай, каб узмацніцца і расквітнець напоўніцу ў XVI-XVII стагоддзях. У падкасьце ёсьць яшчэ шмат цікавага. Яго варта паслухаць. #адукацыя #свяшчэнная_вайна #хрысьціянства #іслам
Асоба Св. Францішка заўсёды прыцягвала ўвагу не толькі вернікаў, але і свецкіх асоб, таму не дзіўна, што пра яго было напісана шмат кніг, знята шмат фільмаў. У перадачы "Хрысціянскі код", прымеркаванай да 800-годдзя з дня смерці Св. Францішка, Цігран Латышаў распавядае пра лепшыя з іх: "Францішак, менестрэль Божы", 1950, "Францішак Асізскі", 1961, "Каталэй", 1965, "Брат Сонца, сястра Луна", 1972, "Францішак", 1989. https://youtu.be/a7PAg4AvjMo?si=b22AZ58_4COPN8s4
Жыцьцёвае, таму не магу не падзяліцца.
Пачалася ўрачыстая цырымонія сімвалічнага пахавання францускага медыявіста Марка Блока ў Пантэоне найбольш выбітных людзей Францыі. Паколькі нашчадкі Блока не дазволілі непакоіць ягоны прах, у Пантэон урачыста ўнясуць сімвалічную труну гісторыка, а таксама гэткую ж труну ягонай жонкі, Сімоны Відаль. Марк Блок, адзін з заснавальнікаў школы "Аналаў", сёння ёсць адным з самых уплывовых гісторыкаў. Найбольш вядомыя ягоныя працы: "Каралі-цудатворцы", "Характэрныя рысы францускай аграрнай гісторыі", "Феадальнае грамацтва", "Апалогія гісторыі". Блок быў забіты Гестапа 16 чэрвеня 1944 года. Апошнімі ягонымі словамі былі: "Vive la France!" Елісейскі палац ладзіць анлайн-трансляцыю цырымоніі. #навіны
Мапа рэгіёна паміж Антыёхіяй і Алепа; чырвоным паказаныя асноўныя дарогі. Стварыў яе сам у Adobe Illustrator. Гэта дадатак да майго артыкула, які будзе надрукаваны ўжо гэтым летам. На мапе можна вылучыць дзве найважнейшыя кропкі. Першая — гэта замак Баграс, які закрываў паўднёвы праход у Кілікію праз Аманскія горы (так званыя "Сірыйскія Вароты"). Ужо адтуль праз праходы ў Таўрскіх гарах можна было патрапіць у Малую Азію. Другая — гэта замак "Жалезны Мост" (араб. Джыср аль-Хадзід). Гэта быў у літаральным сэнсе мост праз раку Аронт, які з абодвух бакоў закрывалі вежы. Як замак Блізняты ў серыяле "Гульня тронаў". 😊 "Жалезны Мост" закрываў найбольш кароткі і зручны шлях да Алепа і далей — у Джазіру (паўночную Месапатамію). Для князёў Антыяхійскіх утрыманне дзвюх гэтых кропак было жыццёва важным пытаннем, бо толькі так яны маглі забяспечыць бяспеку сваёй сталіцы з поўначы. #мапы #Антыёхія #Кілікія
Projets de croisade (v. 1290 — v. 1330), présentés et publiés par Jacques Paviot (Paris: Académie des Inscriptions et Belles-Lettres, 2008), 412 p. (Documents relatifs à l’histoire des croisades, 20.) #першакрыніцы #пасаж