tgindex
cybulinka | навуковыя навіны

cybulinka | навуковыя навіны

Статистика
@cybulinkaбелорусский

Навука без лішніх словаў. Зьбіраю толькі самае важнае, значнае і цікавае з розных сфэраў навукі. Адмін: @sabaczka Архіў: @cblnq

Последний пост
13 авг.
Последнее чтение
15 авг.
Постов за неделю
3
Всего постов
21
Тип
открытый
Язык
белорусский
В каталоге с
13 авг.
Подписчики
286
0 за 1 дн.
Сутки
0
0,00%
Неделя
 
Месяц
 
Просмотров на пост
373
21 постов
Вовлечённость
130,4%
к подписчикам
Постов в день
0,4
всего 21
Упоминаний
1
каналов
Охват размещения
оценка
1/24сутки в ленте
162
1/48двое суток
185
1/72трое суток
200

Оценка по просмотрам недавних постов: пост набирает почти всё за первые сутки.

Посты

  • Апэрацыя на сэрцы вылечыла аўстралійца ад раку, але з пчоламі яму цяпер лепей не кантактаваць Хірургічнае ўмяшаньне пры хваробе сэрца й наступная бактэрыяльная інфэкцыя, імаверна, выклікалі магутны перазапуск імуннай сыстэмы ў пацыента з Аўстраліі. Гэтая рэакцыя цалкам зьнішчыла цяжкую форму мэляномы, але адначасова прывяла да зьяўленьня моцнай алергіі на ўкусы пчол. Выпадак апісаны ў часопісе BMJ Case Reports. Пацыент у веку каля 60 гадоў першапачаткова перанёс апэрацыю па выдаленьні мэляномы на грудзях. Праз восем месяцаў яго шпіталізавалі з закаркаванай салямі вапну (Ca) аортай. Падчас Падчас рэнтгенаграфіі й далейшых абсьледаваньня ў мужчыны выявіліся мэтастазы раней выдаленага раку. Хутка пасьля гэтага яму прызначылі таргетную тэрапію, але яна давала толькі моцныя пабочныя эфэкты, таму неўзабаве яе давялося адмяніць. У гэты ж пэрыяд пацыенту правялі апэрацыю на сэрцы, якая ўскладнілася бактэрыяльнай інфэкцыяй. Аднак ужо праз два месяцы на кантрольным абсьледаваньні лекары пабачылі, што зьнікла ня толькі інфэкцыя, але й ракавыя пухліны. Навукоўцы з Унівэрсытэту Адэлаіды мяркуюць, што пашкоджаньне тканак падчас апэрацыі ў спалучэньні з інфэкцыяй стымулявала масавы выкід запаленчых малекул цытакінаў, што здолела актываваць Т-лімфацыты й іншыя імунныя вузы, якія раней не атрымлівалі дастатковых сыгналаў для атакі раку. Цікава, што праз два гады пасьля апісаных падзей, у мужчыны, які працуе фэрмэрам, разьвілася сурʼёзная алергія на ўкусы пчол, хоць раней яны яго джалілі шмат разоў без аніякіх наступстваў. Паводле дасьледнікаў, зьяўленьне новай алергіі ёсьць маркёрам незваротнай перабудовы імуннай сыстэмы.

  • Сабакі ўмеюць адрозьніваць ня толькі ўсьмешку ад нэўтральнага выразу твару, але й шэраг нэгатыўных эмоцыяў, такіх як страх, злосьць і смутак. Да такой высновы прыйшлі навукоўцы, якія ўпершыню вывучылі мазгавую актыўнасьць сабак у адказ на эмацыйна стан чалавека. Вынікі былі апублікаваныя ў часопісе iScience. Дасьледнікі сканавалі мазгі 12 сабак, пакуль тыя разглядалі здымкі людзей з рознымі выразамі твару. На першым этапе навукоўцы супаставілі рэакцыю на шчасьлівыя й нэўтральныя твары. У васьмі жывёлінаў усьмешкі выклікалі актыўнасьць у скроневай кары і хвастатым ядры, дзе часткова адбываецца апрацоўка складанай інфармацыі і рэгулюецца сыстэма ўзнагароджаньня. Асабліва цікавай выявілася рэакцыі хвастатага ядра. Паводле аўтараў дасьледаваньня, гэта сьведчыць пра тое, што шчасьлівы выраз твару чалавека мае для сабак выразную эмацыйную каштоўнасьць. Пасьля гэтага жывёлінам паказвалі твары з чатырма рознымі эмоцыямі: радасьць, злосьць, страх і смутак. Наступны аналіз мазгавой актыўнасьці з дапамогай машыннага навучаньня паказаў, што рэакцыі на нэгатыўныя эмоцыі істотна розьніліся між сабой. То бок, сабачыя мазгі ня проста дзялілі твары на «пазытыўныя» і «нэгатыўныя», а адрозьнівалі канкрэтныя адценьні кепскага настрою чалавека. Аўтары мяркуюць, што такая чульлівасьць да чалавечых сыгналаў разьвілася ў сабак падчас прыручэньня. Што праўда, пакуль невядома, ці ўласьцівыя такія патэрны вулічным і адзічэлым сабакам.

  • Багаты на бялок рацыён прынята ўважаць карысным для здароўя, асабліва калі ідзецца пра падтрыманьне мускульнай масы. Аднак агляд больш чым 300 дасьледаваньня сьведчыць, што для людзей з маларухомым ладам жыцьця, надмернае спажываньне бялку можа мець нэгатыўны эфэкт, правакуючы мэтабалічныя парушэньні й скарачаючы працягласьць жыцьця. Большасьць прааналізаваных публікацый ладзілі на мышах і пацуках. Жывёлам давалі альбо мінімальную норму бялку, неабходную для перадухіленьня дэфіцыту, альбо ўдвая большую дозу. У адным досьледзе пацукі на малабялковым рацыёне жылі амаль на 150 дзён даўжэй, чым тыя, што спажывалі дадатковыя абʼёмы бялку. Дасьледнікі мяркуюць, што адзін з мэханізмаў такога працэсу зьвязаны з гармонам FGF21. У грызуноў ён аплывае на мазгі, печань, тлушчавую тканку, а таксама дапамагае рэгуляваць узровень цукру ў крыві й скарачаць колькасьць зомбі-вузаў (вузы, каморкі,якія перасталі дзяліцца і мусілі памерці, але штосьці пайшло ня так). Іншы імаверны мэханізм крыецца ў бялковым комплексе mTORC1, які стымулюе рост вузаў. Зьніжэньне ягонай актыўнасьці быццам перамыкае вузы з рэжыму актыўнага росту ў рэжым самааднаўленьня ды рамонту, што ў экспэрымэнтах на мышах прыводзіла да запавольваньня старэньня й павелічэньня працягласьці жыцьця. Ужо цяпер пераносіць гэтыя высновы на людзей нельга, бо грызуны істотна адрозьніваюцца ад чалавека паводле мэтабалізму бялку, рэжыму харчаваньня і ўплыву навакольнага асяродзьдзя. Больш за тое, існуюць дасьледаваньні, дзе больш высокае спажываньне бялку ў людзей, наадварот, зьвязвалі са зьніжэньнем рызыкі страты цягліцаў. Таму аўтары агляду не сьцьвярджаюць, што бялок сам па сабе шкодны, вынікі хутчэй паказваюць, што карысьць ад ягонага дадатковага спажываньня напрост залежыць ад фізычнай актыўнасьці і патрэбаў арганізму. Трэнаваным людзям багата бялку неабходна для аднаўленьня цягліц, тады як пры маларухомым спосабе жыцьця ягоны лішак не прыносіць дадатковай карысьці.

  • 4 авг.333253

    Сучасныя людзі, імаверна, фармаваліся не ў адным рэгіёне, а ў розных кутках Афрыкі. Доўгі час асобныя групы жылі ізалявана, а пасьля зноў сустракаліся і перамешваліся. Новае дасьледаваньне паказвае, што барʼерам, які разьдзяляў старажытныя папуляцыі, быў ня толькі клімат, але й малярыя. Навукоўцы прааналізавалі, як зьмянялася рызыка заражэньня малярыяй у Афрыцы ў пэрыяд ад 74 да 5 тысяч гадоў таму – яшчэ да таго, як чалавек масава расьсяліўся за межы кантынэнту й асвоіў земляробства. Дзеля гэтага дасьледнікі абʼядналі палеакліматычныя мадэлі, сучасныя зьвесткі пра арэал малярыйных камароў і эпідэміялягічную інфармацыю. У выніку стала зразумела, што людзі ўнікалі мясцовасьцяў з высокай рызыкай заражэньня. Такія рэгіёны станавіліся прыроднымі барʼерамі, якія на працяглы час адразалі суполкі адна ад адной. Аўтары працы мяркуюць, што гэта істотна паўплывала на тое, як розныя групы сустракаліся, абменьваліся генамі і як у рэшце склалася сучасная генэтычная разнастайнасьць чалавецтва. Атрымліваецца, малярыя была ня проста небясьпечнай інфэкцыяй, а і важным чыньнікам нашай эвалюцыі. Вядома, прамых сьведчаньняў тых часоў бракуе празь нястачу старажытнай ДНК, але прапанаваны падыход адкрывае новыя магчымасьці, каб зразумець, як хваробы кіравалі эвалюцыяй чалавека яшчэ ў глыбокай старажытнасьці.

  • Папулярныя мабільныя праграмы, якія праз штучны інтэлект вызначаюць калярыйнасьць страваў па адным толькі фотаздымку, могуць істотна памыляцца. Дасьледнікі высьветлілі, што такія сэрвісы ў сярэднім заніжаюць колькасьць калёрыяў прыкладна на трэць – асабліва калі справа тычыцца тлустай ежы. Цікава й тое, што падобныя функцыі найчасьцей платныя. Каб праверыць чатыры папулярныя праграмы для падліку калёрыяў, навукоўцы ўзялі 102 стравы. Усе яны былі прыгатаваныя на спэцыяльнай мэтабалічнай кухні, дзе кожны інгрэдыент узважвалі з дакладнасьцю да 0,1 грама. Гэта дазволіла параўнаць разьлікі штучнага інтэлекту з рэальным складам ежы. Аказалася, што ў сярэднім праграмы «гублялі» ад 250 да 345 кілякалёрыяў на адну порцыю. Найбольш праграмы памыляліся ў тлушчах – іхную колькасьць заніжалі прыкладна на 30 грамаў. Папярэдні аналіз таксама паказаў, што штучны інтэлект горш ацэньвае стравы зь нізкім утрыманьнем вугляводаў (напрыклад, для кетагеннай дыеты), бо якраз у іх тлушчу найбольш. Пры гэтым сам узровень вугляводаў сэрвісы вызначалі куды дакладней. На думку дасьледнікаў, фотаздымкі могуць быць карысным інструмэнтам для кантролю харчаваньня, але цалкам перакладаць на іх адказнасьць не варта. Каб дакладней ацаніць рацыён, лепш дадаткова пазначаць памер порцыяў або выкарыстоўваць іншыя мэтады падліку. Адзначу, што гэта пакуль толькі папярэднія вынікі. Іх прадставілі на штогадовай канфэрэнцыі NUTRITION 2026 Амэрыканскага таварыства харчаваньня, і яны яшчэ чакаюць публікацыі ў рэцэнзаваным навуковым часопісе.

  • Каля 51% усіх відаў пералётных птушак зазнаюць няўхільнае скарачэньне колькасьці. Да такой высновы прыйшла міжнародная група навукоўцаў, якая падрыхтавала адзін з найбольш поўных аглядаў цяперашняга стану папуляцый і ацаніла асноўныя пагрозы для выжываньня. У глябальным маштабе пад пагрозай зьнікненьня ўжо знаходзіцца амаль 300 відаў, але праблема закранае ня толькі іх. Навукоўцы заўважаюць, што імкліва радзеюць і папуляцыі звычайных, шырока распаўсюджаных птушак. Галоўная праблема палягае ў тым, што жыцьцё пералётных птушак завязанае на цэлую сетку арэалаў. Цягам году яны вандруюць паміж месцамі гнездаваньня й тэрыторыямі зімоўкі, часта перасякаючы тэрыторыі розных дзяржаў, дзе робяць перапынкі. Таму страта або дэградацыя нават адной лякацыі з гэтага ланцужка адбіваецца на ўсёй папуляцыі. Дасьледнікі вылучаюць некалькі галоўных прычын павольнага выміраньня пералётных птушак. Апрача стандартных зьменаў клімату і зьнішчэньня натуральнага асяродзьдзя, у сьпіс уключаюць выкарыстаньне пэстыцыдаў, распаўсюд хваробаў і сутыкненьні птушак з будынкамі і іншымі элемэнтамі інфраструктуры. Аўтары падкрэсьліваюць неабходнасьць берагчы ня толькі месцы гнездаваньня й зімоўкі, а міграцыйныя маршруты цалкам.

  • Наймацнейшая радасьць за дачку на вясельлі скончылася для жанчыны сындромам шчасьлівага сэрца Лекары апісалі рэдкі клінічны выпадак: 65-гадовая жанчына патрапіла ў шпіталь адразу пасьля вясельля сваёй дачкі. Прычынай стаў так званы «сындром шчасьлівага сэрца» — незвычайная форма стрэсавай кардыяміяпатыі. Яна можа разьвіцца ня толькі ад моцнага гора, але і ад надзвычай станоўчых эмоцыяў. Праз тры дні пасьля ўрачыстасьці ў жанчыны зьявіліся задышка й боль у грудзях, якія ўзмацняліся падчас фізычнай нагрузкі. Мэдыкі найперш западозрылі востры каранарны сындром, у тым ліку інфаркт, аднак абсьледаваньне паказала, што каранарныя артэрыі не пашкоджаныя. Замест гэтага ў пацыенткі выявілі характэрнае для сындрому Такацуба пашырэньне левага шлуначка сэрца і прыкметы часовага парушэньня ягонай працы. Гэты стан яшчэ называюць «сындромам разьбітага сэрца», бо найчасьцей яго выклікаюць моцныя нэгатыўныя перажываньні — такія як страта блізкага чалавека ці разрыў стасункаў. Аднак у гэтым выпадку жанчына распавяла, што перад зьяўленьнем сымптомаў адчула «надзвычайную радасьць» падчас вясельля дачкі. Калі іншыя магчымыя прычыны выключылі, лекары паставілі дыягназ «сындром шчасьлівага сэрца». Гэта адносна новы дыягназ, які ўпершыню зьявіўся толькі ў 2016 годзе. Паводле аўтараў дасьледаваньня, інтэнсіўныя эмоцыі як станоўчыя, так і адмоўныя, могуць выклікаць рэзкі выкід гармонаў стрэсу, што часова аслабляе сэрцавую цягліцу. Без часовага і правільнага лячэньня гэты стан можа пагражаць жыцьцю. Аднак у дадзеным выпадку прагноз аказаўся спрыяльным. Дзякуючы тэрапіі функцыя сэрца цалкам аднавілася, і празь некалькі месяцаў жанчына вярнулася да звычайнага жыцьця без аніякіх абмежаваньняў.

  • Генэтыка можа мець істотна меншы ўплыў на тое, якой руцэ мы аддаем перавагу Навукоўцы прыйшлі да высновы, што перавага правай ці левай рукі можа залежаць ня столькі ад прыроджаных асаблівасьцяў мазгоў, колькі ад шматгадовага досьведу. Вынікі дасьледаваньня паказваюць, што дамінантнасьць канцавіны фармуецца ў часе навучаньня складаным рухам. Традыцыйна ўважалася, што правая або левая рука лепш выконвае дакладныя дзеяньні дзякуючы асаблівай будове мазгоў, тая самая гіпотэза з мазгавымі паўсфэрамі. Каб спраўдзіць гэтую гіпотэзу, навукоўцы прапанавалі людзям незвычайную задачу: пісаць локцем. Дзеля гэтага да локця прымацоўвалі маркер, а ахвотнікаў прасілі выводзіць літару «А» і лічбу «8» некалькі разоў. Выявілася, што ўсе праварукія ўдзельнікі аднолькава кепска давалі рады з заданьнем як правым, так і левым локцем. Аналіз напісаных сымбаляў з дапамогай нэўрасеткі не паказаў ніякай перавагі «дамінантнага» боку. То бок, без папярэдняга практыкаваньня розьніца паміж правай і левай часткамі цела практычна зьнікала. На наступным этапе ўдзельнікаў вучылі пісаць локцем. Палова трэнавалі правую руку, а рэшта – левую. Пасьля курсу практыкаваньняў якасьць пісьма прыкметна палепшылася ў абедзьвюх групах незалежна ад таго, які локаць выкарыстоўваўся. На думку аўтараў, гэта сьведчыць пра тое, што перавага дамінантнай рукі зьвязаная найперш з гадамі практыкі: штодзённае выкарыстаньне асадак у школе, сталовых прыбораў і іншых інструмэнтаў. Калі ж чалавек выконвае незнаёмую задачу часткаю цела, якая ніколі раней гэтага не рабіла, такая перавага зьнікае. Дасьледнікі таксама адзначаюць, што вынікі не адмяняюць ролі мазгоў у кіраваньні рухамі, але значную частку нашай спрытнасьці мы набываем дзякуючы практыцы.

  • 🗓 Зялёны курс ЕС: што гэта значыць для Беларусі? Заўтра (чацьвер) пройдзе заключны вэбінар курса, прысьвечанага кліматычнай палітыцы. Тэма сустрэчы — European Green Deal (Эўрапейскі зялёны курс). Гэта маштабная стратэгія ЕЗ, якая ўжо мяняе правілы гульні для эканомікі й грамадзтва далёка за межамі Зьвязу. На вэбінары будуць наступныя пытаньні: ❔Што такое Эўрапейскі зялёны курс і як ён працуе. ❔Які ўплыў гэтая палітыка аказвае на Беларусь. ❔Як адаптавацца да новых умоў і выкарыстаць новыя магчымасьці. 👤 Сьпікерка: Марыя Фалалеева, экспэртка ў сфэры ўстойлівага разьвіцьця, кліматычнай палітыкі й міжнароднага супрацоўніцтва. 📅 Калі: 16 ліпеня (чацьвер) у 19:30 (па Мінску). 📍 Фармат: Анлайн. 🔗 Рэгістрацыя: https://docs.google.com/forms/d/e/1FAIpQLSdP_MVBEX5roZBJiJNvlyBAr5oaI3ZF-VGZ1Le70c52jnkrwA/viewform

  • Міжнародная група астрафізыкаў упершыню выявіла малекулы цукру ў глыбокім космасе. Гэтае адкрыцьцё дадае вагі гіпотэзе, што будаўнічыя цаглінкі для зараджэньня жыцьця маглі трапіць на маладую Зямлю з космасу. Вядома, што цукры складаюцца з вугляроду, вадароду і кіслароду, зьяўляючыся ня толькі крыніцай энэргіі, але й асновай для РНК і ДНК. Аднак навукоўцы даўно сутыкнуліся зь перашкодай: сучасныя арганізмы сынтэзуюць цукры з дапамогай адмысловых фэрмэнтаў, а вось узнавіць гэты працэс у лябараторных умовах дабіялягічнай Зямлі не атрымліваецца. Каб спраўдзіць, ці маглі гэтыя рэчывы ўтварыцца яшчэ да зьяўленьня плянэтаў, дасьледнікі накіравалі радыётэлескопы на малекулярнае воблака G+0.693−0.027, разьмешчанае за 26 700 сьветлавых гадоў ад нас. Аўтары працы параўноўвалі спэктральны аналіз выпраменьваньня воблака зь лябараторнымі пробамі простых цукроў. Першапачатковыя пошукі трохвугляродных цукроў не далі плёну, але калі навукоўцы пастанавілі пашукаць больш складаны чатырохвугляродны цукар – знайшлася эрытрулоза. Гэты цукар ёсьць у сьпелых чырвоных ягадах, напрыклад у малінах. Паводле ацэнак, каля 4 мільярдаў гадоў таму камэты й астэроіды маглі занесьці на Зямлю ад 500 тысяч да 50 мільёнаў тон гэтага злучэньня. Хімічныя працэсы на ледзяных пылінках пры тэмпэратуры каля -250°C пад уплывам касьмічнай радыяцыі здольныя ствараць складаную арганіку яшчэ да нараджэньня зорак. Навукоўцы мяркуюць, што інгрэдыенты для біяхіміі, імаверна, пашыраныя па ўсёй галяктыцы, аднак патрэбныя дадатковыя дасьледаваньні, каб зразумець дакладны мэханізм іх убудаваньня ў першыя жывыя вузы.

  • 7 июл.392343

    Краб два месяцы пражыў у плястыкавай бутэльцы без магчымасьці адтуль выбрацца Японскія дасьледнікі апісалі незвычайны выпадак у часопісе Ecosphere. Каля вострава Акінава знайшоўся жывы краб, які правёў каля 2 месяцаў у плястыкавай бутэльцы, што плавала ў моры. За гэты час ён так вырас, што ўжо ня мог самастойна выбрацца праз вузкае рыльца. Бутэльку знайшлі прыкладна ў 500 мэтрах ад берага. Дыямэтар рыльца складаў усяго толькі 24 мм, тады як шырыня панцыра краба была больш за 88 мм. Гэта сьведчыць пра тое, што ўнутар ракападобнае трапіла яшчэ маладым. Каб высьветліць, як крабу ўдалося выжыць, навукоўцы дасьледавалі зьмесьціва ягонага страўніка й арганізмы, што прырасьлі да бутэлькі. Генэтычны аналіз паказаў, што жывёла харчавалася малькамі рыб, якія зрэдку заплывалі ў бутэльку, а таксама водарасьцямі, якія прарасьлі ўнутры. Паводле разьлікаў, бутэлька дрэйфавала ў моры каля 2 месяцаў, менавіта столькі часу краб знаходзіўся ў сваёй незвычайнай пастцы.

  • 2 июл.468233

    Новы тып абалоніны дапаможа эўрапейцам стрымліваць вагу Эўрапейскія навукоўцы распрацавалі мадыфікаваную форму харчовай абалоніны, якая ўзмацняе выпрацоўку гармонаў сытасьці і можа дапамагчы перадухіліць павелічэньне вагі. Пасьля таго як Эўрапейскае агенцтва бясьпекі харчовых прадуктаў станоўча ацаніла бясьпечнасьць рэчыва, яго могуць пачаць дадаваць у хлеб, кашы, смузі ды іншыя прадукты ўжо цягам бліжэйшага году. Новае злучэньне атрымала назву інулін-прапіянатны этэр (IPE). Яго стварылі на аснове кампанэнту натуральнай абалоніны інуліну. Калі IPE трапляе ў тоўстую кішку, тамтэйшыя бактэрыі вызваляюць прапіянат. Гэтая кароткаланцуговая тлустая кісьля стымулюе сынтэз гармонаў GLP-1 і PYY, якія прыглушаюць апэтыт і рэгулююць абмен рэчываў. Вядома, звычайная абалоніна таксама стымулюе выпрацоўку гэтых гармонаў, але каб эфэкт быў хоць колькі заўважны, чалавеку трэба зьядаць 80 г. абалоніны (800-1000 г. аўсяных камякоў). Даволі складаная задача, асабліва ўлічваючы той факт, што цяперашнюю рэкамэндаваную норму каля 30 г. абалоніны на дзень шмат людзей не дабіраюць. Што тычыцца IPE, то яго для такіх мэтаў дастаткова ўсяго толькі 10 г. У клінічным выпрабаваньні з удзелам 60 чалавек векам ад 40 да 65 гадоў з залішняй вагой тыя, хто прымаў мадыфікаваную абалоніну паўгода, не набіралі вагу. Пры гэтым у кантрольнай групе прыкметнае павелічэньне масы цела назіралася ў 17% удзельнікаў і ўдзельніц. З пабочак прыёму IPE апісалі толькі ўзмоцненае газаўтварэньне, уласьцівае дыетам з высокай колькасьцю абалоніны. Яшчэ адно дасьледаваньне, у якім узялі ўдзел 270 чалавек векам ад 20 да 40 гадоў, істотных адрозьненьняў у агульнай вазе не выявіла, аднак у людзей з групы IPE за год істотна павялічылася бястлушчавая маса цела. На думку аўтараў, такая абалоніна можа стаць дадатковым сродкам прафіляктыкі атлусьценьня. У той жа час незалежныя экспэрты заўважаюць, што дасьледаваньняў пакуль замала, а іхныя вынікі трэба спраўдзіць на больш маштабных выбарках. Навукоўцы ўжо зьбіраюцца высьветліць, ці здольны IPE узмацняць эфэкт сучасных прэпаратаў для пахудзеньня й дапамагаць утрымліваць вагу пасьля сканчэньня курсу.

  • 1 июл.425214

    Ці бясьпечныя цукразаменьнікі? Навукоўцы заклікаюць не сьпяшацца з высновамі Штучныя й іншыя нізкакалярыйныя падсалоджвальнікі доўгі час лічыліся больш здаровай альтэрнатывай цукру. Аднак новы агляд дасьледаваньняў паказаў, што яны здольныя ўплываць на абмен рэчываў і пагаршаць некаторыя паказьнікі, ад якіх залежыць рызыка разьвіцьця дыябэту ды сэрцава-судзінных захворваньняў. Амэрыканскія дасьледнікі прааналізвалі вынікі 21 рандамізаванага клінічнага выпрабаваньня з удзелам дарослых. Яны параўновалі людзей, якія спажывалі бескалярыйныя замяняльнікі цукру, з тымі, хто піў ваду альбо атрымліваў пляцэба. Як выявілася, у першай групе часьцей фіксавалі павышаны ўзровень інсуліну нашча й глікаванага гэмаглябіну (HbA1c) – паказьніка сярэдняга ўзроўню глюкозы ў крыві за апошнія месяцы. Таксама назіралася тэндэнцыя да зьніжэньня адчувальнасьці арганізму да інсуліну. Аўтары мяркуюць, што адным з магчымых мэханізмаў тут можа быць узьдзеяньне падсалоджвальнікаў на мікрабіёту кішачніку. Гэтыя рэчывы практычна не засвойваюцца арганізмам, але кантактуюць з кішачнымі бактэрыямі. Некаторыя дасьледаваньні паказалі, што праз такі кантакт можа зьмяняцца як склад, так і функцыі мікрабіёты, а гэта можа адбіцца й на абмене рэчываў. Таксама каманда аўтараў вывучыла вынікі буйных назіральных дасьледаваньняў. Яны сьведчаць, што рэгулярнае спажываньне нізкакалярыйных цукразаменьнікаў можа мець сувязь з падвышанай рызыкай кардыямэтабалічных захворваньняў. Аднак падкрэсьліваецца, што гэта не даказвае наяўнасьць прычынна-выніковых сувязяў, бо людзі з ужо павышанай рызыкай дыябэту ці атлусьценьня могуць часьцей самі пераходзіць на прадукты з цукразаменьнікамі.

  • Укус кацяняці справакаваў нэкроз лімфавузла ў жанчыны Мэдыкі з Ochsner Health апісалі выпадак 40-гадовай жанчыны, якая пасьля ўкусу бяздомнага кацяняці захварэла на гэтак званую хваробу каціных драпінаў. Нягледзячы на курс антыбіётыкаў, пацыентцы ў выніку спатрэбілася хірургічнае ўмяшаньне, каб ліквідаваць асяродак інфэкцыі. Па мэдычную дапамогу жанчына зьвярнулася толькі праз два з паловай месяцы пасьля ўкусу. Цэлы месяц у яе трымалася гарачка, а пазьней зьявілася балючае набраканьнем пад правай пахай. Падчас агляду лекары выявілі павялічаны лімфавузел і шнар на ўказальным пальцы там, куды ўкусіла жывёла. Спачатку мэдыкі западозрылі менавіта хваробу каціных драпінаў і прызначылі стандартны ў такіх выпадках азытраміцын. Гарачка прайшла, але лімфавузел усё адно заставаўся павялічаным. Ультрагукавое дасьледаваньне паказала скопішча вадкасьці, а біяпсія выявіла запаленьне й асяродкі адміраньня тканак. Канчатковы дыягназ пацьвердзілі ПЦР-аналіз тканак і аналіз крыві: яны выявілі бактэрыю Bartonella henselae. Менавіта гэты мікраарганізм выклікае хваробу каціных драпінаў – заанозную інфэкцыю, якая перадаецца пераважна ад катоў, а зрэдку – ад сабак, малпаў ці марскіх сьвінак. Жанчыне прызначылі камбінацыю іншых антыбіётыкаў. Аднак праз тры тыдні стан пагоршыўся й лімфавузел пачаў гнаіцца, таму лекары правялі хірургічную санацыю асяродку запаленьня. Толькі праз тры месяцы ад пачатку лячэньня ўсе сымптомы хваробы цалкам зьніклі. Аўтары публікацыі адзначаюць, што ў большасьці людзей хвароба каціных драпінаў працякае адносна лёгка й часта праходзіць сама па сабе. Аднак у некаторых выпадках інфэкцыя можа выклікаць цяжкае запаленьне лімфавузлоў, і тады аднымі антыбіётыкамі не абысьціся – патрабуецца хірургічнае лячэньне.

  • Летняга сонца можа быць недастаткова для папаўненьня вітаміну D Дасьледнікі зь Ньюкаслскага ўнівэрсытэту выявілі, што шмат хто з групаў рызыкі можа пакутаваць на нястачу вітаміну D цягам усяго году. Вынікі публікацыі ставяць пад сумнеў пашыранае меркаваньне, нібы летняга сонца цалкам дастаткова, каб аднавіць запасы гэтага важнага рэчыва ў арганізьме. Навукоўцы вывучылі ўзровень вітаміну D у 300 жыхароў поўначы Вялікай Брытаніі. У выбарку трапілі людзі, старэйшыя за 65 гадоў, а таксама прадстаўнікі этнічных меншасьцяў, бо менавіта яны лічацца найбольш уразьлівымі да дэфіцыту вітаміну. Як паказалі аналізы, больш за палову старэйшых удзельнікаў мелі нізкі ўзровень вітаміну D. Сярод этнічных меншасьцяў гэтая лічба была нават вышэйшай. Пры гэтым дасьледнікаў зьдзівіла тое, што колькасьць вітаміну ў крыві амаль не расла летам, калі сонечнага сьвятла дастаткова нават у Вялікай Брытаніі. Аўтары перакананыя, што прынамсі некаторым людзям звычайных шпацыраў пад летнім сонейкам не хопіць, каб пазьбегнуць павышанай рызыкі остэапарозу, рахіту ды іншых праблем дэфіцыту вітаміну D.

  • Як галубы глядзяць на сьвет падчас палёту: нечаканае адкрыцьцё навукоўцаў Дасьледнікі з Каліфарнійскага тэхналягічнага інстытуту ўпершыню прасачылі за рухам вачэй птушак у палёце і нечакана выявілі, што галубы ў паветры практычна не азіраюцца, а нібыта «замарожваюць» вочы ў адным становішчы. Каб вывучыць птушыныя паводзіны, навукоўцы стварылі лёгкую сыстэму зь мініятурных камэраў і люстэркаў ды замацавалі яе на галовах галубоў (на фота). У экспэрымэнце ўдзельнічалі дзевяць птушак. Іх навучылі пералятаць з жардзіны на жардзіну ў памяшканьні і вяртацца ў галубятню з адкрытай прасторы. Выявілася, што адразу пасьля ўзьлёту ў галубоў пашыраліся зрэнкі, а самі вочы крыху паварочваліся наперад. Пасьля гэтага позірк птушак амаль не зьмяняўся. Калі рухалася галава, вочы рухаліся разам зь ёй. Прытым амплітуда руху вачэй не перавышала аднаго градуса, хоць звычайна галубы здольныя паварочваць іх прыкладна на 15. Аўтары дасьледаваньня мяркуюць, што такая стабілізацыя дапамагае птушкам лепей адрозьніваць уласны рух ад руху навакольных абʼектаў. Гэта можа палягчаць арыентацыю ў прасторы й дапамагаць трымаць раўнавагу, асабліва тады, калі карцінка вакол зьмяняецца вельмі хутка. Аднак гэтая стратэгія мае й хібы. Поле зроку галубоў дасягае каля 340 градусаў, але нерухомасьць вачэй, імаверна, павялічвае «сьляпую зону» ззаду. Праз гэта птушкі могуць стаць лёгкай здабычай для драпежнікаў, якія падкрадаюцца з тылу. Пакуль няясна, ці гэтак сама галубы паводзяцца на вялікай вышыні або падчас палёту ў зграі. Дасьледнікі таксама мяркуюць, што падобны мэханізм уласьцівы і іншым птушкам, у тым ліку драпежнікам.

  • Навукоўцы перапраграмавалі імунныя вузы для барацьбы з хваробай Альцгаймэра Дасьледнікі з Гішпаніі і Швайцарыі знайшлі пэрспэктыўную малекулу OLE, якая можа дапамагчы мазгам зноў актываваць натуральныя мэханізмы барацьбы з хваробай Альцгаймэра. Вынікі паказалі, што рэчыва нібыта «перазапускае» імунныя вузы ў мазгах (мікраглію), якія зь векам паступова губляюць здольнасьць супрацьстаяць хваробам. Адна з галоўных прыкмет хваробы Альцгаймэра – назапашваньне бэта-амілоідных бляшак, таксычных бялковых адкладаў паміж нэўронамі. У норме мікраглія дапамагае іх выдаляць, аднак у старых людзей і з разьвіцьцём захворваньня ейныя ахоўныя функцыі слабеюць. Экспэрымэнты на генэтычна мадыфікаваных чарвяках і мышах паказалі, што пасьля апрацоўкі OLE мікраглія зноў пачынала актыўна рухацца да бэта-амілоідных бляшак, і абмяжоўваць іхняе шкоднае ўзьдзеяньне на нэрвовыя вузы. У мышэй, якія атрымлівалі прэпарат на працягу трох месяцаў, таксама палепшылася памяць і зьменшылася колькасьць бялковых адкладаў у мозгу. Аўтары працы мяркуюць, што OLE адкрывае новы падыход да тэрапіі хваробы Альцгаймэра – ня толькі ўзьдзейнічаць на самі бляшкі, але і аднаўляць уласныя ахоўныя мэханізмы мазгоў. Аднак пакуль дасьледаваньне праведзена толькі на жывёльных мадэлях, таму патрэбна яшчэ шмат працы, каб высьветліць, ці будзе гэты падыход эфэктыўным і бясьпечным для чалавека.

  • Выглядае на тое, што хатнія гадаванцы не зьніжаюць узровень стрэсу. А з катамі ўвогуле ўсё складана Уявіце свой складаны дзень: дэдлайны і нэрвы згарэлі ўшчэнт, у краме на касах вялізныя чэргі, а ў вас толькі марозіва ў кошыку. Вы прыходзіце дадому, а там сустракае любімы кот або сабака. Вы бераце пухнаціка на рукі, чакаючы, што стрэс імгненна зьнікне, але... Нідэрляндзкія псыхолягі пастанавілі праверыць, як нашыя гадаванцы ратуюць нас ад стрэсу ў рэальным жыцьці, а не ў стэрыльных лябараторыях. Яны на працягу пяці дзён сачылі за эмоцыямі 188 уладальнікаў жывёлаў праз адмысловыя апытанкі ў смартфонах. Навукоўцы сабралі амаль 8 тысячаў справаздачаў, і вось да якіх нечаканых высноваў яны прыйшлі. У звычайныя камфортныя моманты камунікацыя з сабакам ці катом сапраўды паляпшае настрой. Шчасьлівыя хвіліны гульняў крыху падымаюць узровень пазытыўных эмоцыяў і зьмяншаюць нэгатыў. Але ўсё мяняецца, калі прыходзіць стрэс і абдымкі з гадаванцамі, насуперак чаканьням, не зьмякчалі ўдар па псыхіцы. Сабакі ў стрэсавай сытуацыі ніяк не паўплывалі на эмоцыі гаспадароў. А вось камунікацыя з катамі ў моманты нэрвовага напружаньня нават крыху ўзмацняла нэгатыўныя эмоцыі людзей! Аднак дасьледнікі супакойваюць: магчыма, сама прысутнасьць улюбёнца побач працуе як шчыт, альбо заспакаяльны эфэкт надыходзіць проста пазьней. Да таго ж «каціны эфэкт» патрабуе дадатковых праверак на большай колькасьці людзей.

  • Сумеснае жыцьцё зрабіла падобнымі мікрабіёмы людзей Італьянскія дасьледнікі выявілі, што людзі, якія жывуць разам, дзеляць паміж сабой ня толькі побытавыя звычкі, але й частку сваіх бактэрый. Аказалася, што суседзі маюць прыкладна чвэрць агульных мікраарганізмаў, якія насяляюць рот і кішэчнік. Навукоўцы прааналізавалі мікрабіёмы 430 чалавек з 207 хатніх гаспадарак у Італіі. Асаблівую ўвагу аўтары зьвярталі ня проста на вызначэньне відаў мікраарганізмаў, а на вылучэньне канкрэтных штамаў, якія маюць генэтычныя адрозьненьні ў межах аднаго віду. Вынікі паказалі, што сумеснае пражываньне абʼядноўвае 19% кішэчных бактэрый і 26% бактэрый ротавай поласьці. Для параўнаньня, жыхары адной супольнасьці, якія не жывуць пад адным дахам, практычна ня мелі агульных штамаў у роце, а ў кішэчным мікрабіёме дзялілі між сабой толькі 6%. Натуральна, найбольшае падабенства дасьледнікі зафіксавалі ў рамантычных партнэраў. Яны мелі каля 44% супольных бактэрый ротавай поласьці, што тлумачыцца больш шчыльнымі фізычнымі кантактамі. Акрамя таго, высьветлілася, што некаторыя бактэрыі, якія перадаюцца найлягчэй, могуць быць зьвязаныя з павышанай рызыкай разьвіцьця цукровага дыябэту, сэрцава-судзінных захворваньняў, а таксама некаторых відаў раку й інфэкцый, што выяўляюцца пры аслабленьні імуннай сыстэмы. Аўтары дасьледаваньня адзначылі, што гэтыя вынікі сьведчаць пра здольнасьць нашага мікрабіёму мяняцца пад уплывам асяродзьдзя нават у дарослым веку. Пакуль да канца не зразумела, як менавіта абмен бактэрыямі ўплывае на здароўе людзей, але атрыманыя зьвесткі дапамогуць высьветліць гэта ў будучыні.

  • Дасьледнікі з францускага ўнівэрсытэту Aix-Marseille прапанавалі новае тлумачэньне таго, як вэнэрына мухалоўка (Dionaea muscipula) здольная захлопваць пастку менш чым за сэкунду. Аказалася, што ключавую ролю тут грае не перамяшчэньне вады ў тканках расьліны, як меркавалася раней, а імгненнае зьмякчэньне вузавых сьценак. Dionaea muscipula ёсьць адной з самых вядомых драпежных расьлін. Яе пастка спрацоўвае адразу пасьля таго, як адчувальныя валаскі на лісьці закранаюць двойчы за кароткі час. Расьліна вядомая тым, што можа лавіць ня толькі мошак і іншых вусякоў, але і дробных жаб. Што праўда, мэханізм такога спрытнага захопу здабычы застаецца загадкай з часоў Чарльза Дарвіна. Доўгі час навукоўцы прытрымліваліся меркаваньня, што пастка зачыняецца дзякуючы перапампоўваньню вады паміж рознымі часткамі ліста. Аднак вымярэньні паказалі, што гэты працэс займае ад 30 да 60 сэкунд, што занадта доўга для імгненнага захопу здабычы. Замест гэтага выявілася, што адразу пасьля раздражненьня валаскоў паверхня пасткі становіцца больш шурпатай, бо вузавыя сьценкі зьнешняга пласту тканак вельмі хутка губляюць сваю жорсткасьць. Паводле аўтара, дотык запускае электрычны сыгнал і хвалю іёнаў вапну (Ca2+), якія за долі сэкунды распаўсюджваюцца па лісьці. У выніку вонкавы бок пасткі становіцца мяккім, назапашанае мэханічнае напружаньне вызваляецца, і пастка імгненна замыкаецца. Аднак малекулярны мэханізм такога працэсу яшчэ застаецца невядомым, ды й перамяшчэньне вады, паводле некаторых навукоўцаў, усё яшчэ можна ўдзельнічаць у функцыянаваньні пасткі.

cybulinka | навуковыя навіны — tgindex