- Последний пост
- 15 авг.
- Последнее чтение
- 15 авг.
- Постов за неделю
- 4
- Всего постов
- 22
- Тип
- открытый
- Язык
- белорусский
- В каталоге с
- 12 авг.
- 1/24сутки в ленте
- 291
- 1/48двое суток
- 333
- 1/72трое суток
- 359
Оценка по просмотрам недавних постов: пост набирает почти всё за первые сутки.
Посты
Маю кнігу "Пакаленне Маладога Фронту. Гісторыя моладзі, народжанай у 1970-1985 гг." Міністэрства інфармацыі РБ прызнала экстрэмісцкай. Ну нарэшце! І канечне, я адразу падказваю вам, дзе яе можна прачытаць. Спасылка на кнігу тут.
Жнівень 2020. Акрэсціна. Спалоханы падпалкоўнік. 21 жніўня 2020 года заканчваўся мой пакет з 75 сутак адміністрацыйных арыштаў. Мяне павінны былі выпускаць - і нават перавялі з Менскага ізалятара часовага утрымання для крымінальнікаў у Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў для "сутачнікаў". Але 20 жніўня, за дзень да вызвалення, усё крута змянілася. На прагулцы ў дворыку мне ўдалося паразмаўляць з хлопцамі - удзельнікамі пратэстаў, якіх вывелі ў суседні дворык. Ад іх я даведаўся: затрыманых выпускаюць, Ціханоўская з'ехала ў Літву, але ўвесь народ падняўся і выйшаў на вуліцы. У маёй галаве ўсё гэта не ўкладвалася. Было зразумела, што адбываецца нешта па-за межамі чаканых падзеяў. Здаецца ж, пратэсты разграмілі. Магчыма, хлопцы нешта наблыталі ці ня так пачулі. А ўвечары дзверы маёй камеры адчыніліся і мяне павялі ў кабінет для допытаў. Зачынілі ў вертыкальнай клетцы - катушку, дзе ледзь павярнуцца - і зайшлі двох у цывільным. У абаіх быў такі прышыблены выгляд, быццам гэта па іх душу прыйшлі ў турму, а не па маю. Старэйшы прадставіўся падпалкоўнікам, і мне стала ясна, што справы дрэнь: так проста падпалкоўнікі да "сутачнікаў" ня ездзяць. Падпалкоўнік быў бледны, голас у яго дрыжэў. Блытана, запінаючыся, ён паведаміў, што я затрыманы ў межах крымінальнай справы, узбуджанай па факце масавых беспарадкаў. Дастаў нейкія паперы, дзе трэба было распісацца. - Гэта беззаконне, - кажу. - Нічога я падпісваць ня буду. А вы яшчэ самі будзеце несці адказнасць за тое, што тварыце. Абодва глядзелі на мяне, нібы трусікі на ўдава. Падпалкоўнік рабіў вялікія паўзы паміж словамі і ўзіраўся ў мой твар так, быццам перад ім была смерць. - Как же это так... с вамі получілось?.. - нарэшце выціснуў ён з сябе. - Ды гэта з вамі, - кажу, - нешта "получілось"! Чаму выконваеце злачынныя загады? Бачу, таварышы ў шоку. Значыць, і праўда на вуліцах народ. Значыць, рэальна спалохаліся, што сістэма лясне. Бадзёра выдаў ім базу пра тое, што адказнасць за злачынствы перад уласным народам непазбежная. Яны выслухалі, моўчкі сабралі паперы і ціха выцеклі з кабінета. Ну, думаю, трымайся за парэнчы. Панеслася. Назаўтра ўначы мяне перавялі на "Валадарку".
Мікалаю Статкевічу - семдзесят. Статкевіч - увасабленне беларускай мужнасці. Сапраўдны ваяр са старадаўняга беларускага роду, гербу "Касьцеша", характар, быццам высечаны з легендарнай шляхты Вялікага Княства. Калі хто ня ведае - менавіта Статкевічы ў 1612 годзе фундавалі цяперашні Свята-Петрапаўлаўскі сабор на Нямізе і Баркулабаўскі манастыр пад Магілёвам. Народжаны ў самай сарцавіне Беларусі, на Случчыне - Статкевіч ўвабраў у сябе і гены беларускага хрысціянскага трыадзінства, і спадчыну Слуцкага паўстання 1920-га. Вайсковец і інжынер (кандыдат тэхнічных навук), яшчэ ў арміі выбраў спецыяльнасць ракетчыка - каб ведаць, як абараніць Беларусь. Ад самага пачатку 1990-ых Статкевіч стаяў за беларускую незалежнасць, а з 1994-га - кідаў выклік рэжыму. Падчас камуністычнага путчу ў жніўні 1991-га быў адзіным з заўважных беларускіх вайскоўцаў, хто публічна выступіў супраць ГКЧП. Мікалай Статкевіч ствараў Беларускае згуртаванне вайскоўцаў, аднаўляў Грамаду і заўжды вёў рэй на чале масавых вулічных акцыяў. На мностве менскіх шэсцяў 2000-ых Статкевіча бралі ў разлік як пастаянную велічыню пратэсту - бескампрамісную, але адначасова рацыянальную. "Статкевіч будзе за маршрут па цэнтральных вуліцах, па максімуме." "Статкевіч, канечне, выступіць." "Статкевіч не прамаўчыць." Асобная гісторыя - тое, як Мікалай Статкевіч застаўся ў Беларусі ў 2025-ым. Адзін беларус зламаў і сцэнар рэжыму, і геапалітычную гульню, і давёў усім: адолець сістэму магчыма - нават калі гэта абыдзецца коштам волі, уласнага здароўя і наогул жыцця. Сімвал нашай нязломнасці. Беларускі супергерой. Ёсць такія людзі, на якіх глядзіш і проста адчуваеш гонар за нацыю. Калі гаворка заходзіць пра Мікалая - распраўляеш плечы, трымаеш спіну роўна, набіраеш паветра ў грудзі і думаеш: "А я таксама беларус, як і Статкевіч". З днём нараджэння, дарагі спадар Мікалай! Дзякуй Богу за тое, што ў нас, беларусаў, ёсць Статкевіч!
Аляксандр Мілінкевіч. Светлая памяць. У пачатку 2006 года Аляксандр Мілінкевіч, тады ўжо адзіны прэтэндэнт ад апазіцыі ў прэзідэнцкай кампаніі, прыехаў у Малое Сітна, дзе я, адбываючы палітычную "хімію", валіў лес. Прыехаў цэлы картэж, штаб з журналістамі. Начальства разбеглася. Хтосьці схаваўся. На эстакадзе, дзе распілоўвалі бярвенні, сабраліся рабочыя. І вось я прадстаўляю Мілінкевіча - з адчуваннем бездані пад нагамі: як ён, інтэлектуал, паліглот, "заходнік", будзе гаманіць з вяскоўцамі ды лесавікамі з глыбінкі, на самай мяжы з Расеяй. А Мілінкевіч прапанаваў выказацца людзям - і проста слухае. Паўгадзіну. Гадзіну. Дзьве. Правал, думаю. Капец. Нічога не гаворыць. Ніякай праграмнай прамовы. Слухае і слухае, зрэдку ківае. Як я ўсё гэта патлумачу мужыкам пасля ягонага ад'езду - не ўяўляю. І вось мы развітваемся. Мілінкевіч цісне рукі, сядае ў машыну. Картэж знікае ў лясах на грунтовай дарозе. Вяртаюся на эстакаду, халадок пад уздыхам - а там гурма захопленых маіх сіценцаў: - Паша, які чалавек!.. - Вось гэта моц! - Вось такога ў прэзідэнты!!.. А я ў шоку. - Э-эээ... што вам спадабалася? Ён жа... нічога не казаў. - Паш!.. ЁН НАС ВЫСЛУХАЎ!
9 жніўня 2020 года беларусы прагаласавалі на прэзідэнцкіх выбарах за Святлану Ціханоўскую. Ніводзін палітык альбо паліттэхнолаг, ніводная спецслужба не змаглі б ані спрагназаваць, ані падрыхтаваць нічога падобнага. Пандэмія каранавіруса, правал Лукашэнкі, усенароднае абурэнне, вылучэнні новых лідэраў і рэпрэсіі, прага людзей да волі і гвалт пры разгонах пратэстаў, арышт Сяргея Ціханоўскага і вылучэнне ягонай жонкі Святланы ў прэзідэнты, кіламетровыя чэргі і масавае галасаванне супраць рэжыму раптам склаліся у галавакружную рэальнасць. Але калі такія моцныя ўражанні перажываў увесь народ – уявіце, якая бура тварылася ў душы беларускай настаўніцы Святланы, хатняй гаспадыні і жонкі блогера, якая раптам апынулася ў фокусе ўвагі мільёнаў! Гісторыя Святланы Ціханоўскай – гэта цуд Божы ў чыстым выглядзе. Патлумачу, чаму я лічу Святлану Ціханоўскую выбітнай беларускай і ўнікальнай асобай нашай гісторыі, а не проста выпадковым чалавекам, які воляй лёсу апынуўся на вяршыні. Першае яе крутое рашэнне – пайсці на прэзідэнцкія выбары замест арыштаванага мужа. У Беларусі, дзе людзей калечаць і забіваюць за палітыку! Пагадзіцеся, тут патрэбная не абы-якая смеласць. Куды зручней сказаць: выбачайце, сябры, я проста жанчына, у мяне дзеці, вы, канечне, зразумееце – гэта не для мяне… Але ў гэты момант штосьці (альбо Хтосьці) унутры Святланы кажа: ідзі. І яна, уявіце сабе, ідзе. Другі круты крок. Вакол арыштоўваюць старую і новую апазіцыю, шалее пандэмія, навісае Расея, масавы збор подпісаў, сотні інтэрвію і тысячы крыкаў захаплення, адчаю, пагрозаў… Калі рашэнне было “на пачуццях” – самы час проста падаць заяву ў ЦВК. Дастаткова аркушыка паперы, напісанага ад рукі. “У сувязі з беззаконнем, якое адбываецца, я прымаю рашэнне спыніць свой удзел у выбарчай кампаніі…” І прыгожа, і бяспечна. Так ня раілі? Упэўнены: раілі. Святлана ня думала пра гэта? Упэўнены: думала. Перад самай здачай подпісаў ёй пагражалі, што ўдараць па дзецях. Яна вывезла дзяцей за мяжу, а сама засталася з народам. Не здалася. Ідзем далей. Спецслужбы рэжыму, канечне, пралічвалі хады і рабілі дасканалыя псіхалагічныя партрэты. Думаю, на стол Лукашэнку перад этапам рэгістрацыі кладзецца дакладная. Так, гэтых рэгістраваць небяспечна – за тым Расея, за гэтым айцішнікі, такіх трэба баніць, тут яшчэ свае пакемоны, з імі ўсё ясна, рэгіструем, ну, а вось гэтую хатнюю гаспадыню можна для выпускання пары і дадаць у бюлетэнь. Усё адно падлік пад кантролем. Псіхалогія: звычайны абывацель. Канечне, баіцца. Слабое месца: дзеці. Ну хто за Ціханоўскай? Наведнікі Ютуба? Насельнікі гарадскіх двароў? Простыя беларусы? “Народзец”?.. Смех, ды й годзе, Аляксандр Рыгоравіч. Вунь зарэгістравалі ў 2015-ым сімпатычную Таню Караткевіч, усё прайшло лёгенька, нават пяшчотна, незадаволеныя выпусцілі пару, пратэст ледзь пабулькаў, Захаду паказуху забяспечылі. А хто такая Ціханоўская? Нават не актывістка апазіцыі. Яўна не баец. І Святлану Ціханоўскую рэгіструюць. У гэты момант Святлана робіць трэці (і, магчыма, ключавы) крок. Яна згаджаецца на аб’яднанне камандаў трох прэтэндэнтаў – і ўзнікае знакамітае жаночае трыё. Аб’яднацца дзеля поспеху – гэта балючая кропка для ўсіх палітыкаў, і непераадольная фобія беларускай апазіцыі. Гэта дзіч, якую ў рэальнай барацьбе (а тым,больш, калі на кон пастаўлена жыццё, як у Беларусі) ня можа сабе дазволіць прафесійны лідэр – тут жа, само сабою, з ваўкамі жыць, па воўчы выць. Не зарэгістравалі канкурэнта? Застаўся адзін на фінішнай прамой? Ура! Во папёрла! Як мінімум – пажыццёвы статус зэ лідэр оф зэ беларашн апазішн! Наперад, як на крылах! Можаш з паказным шкадаваннем проста кіўнуць праз плячо лузерам – усё адно яны цяпер ніхто. Цяпер увесь профіт табе. Д’ябал узводзіць Святлану на высокую гару і кажа ёй: Цяпер Ты - надзея народа і гераіня. Адна! А Ціханоўская ставіць побач з сабой адважных жанчынаў з камандаў канкурэнтаў. Мы разам! І надае проста фантастычнага натхнення Беларусі. Гэта ж, акрамя ўсяго, яшчэ і проста прыгожа. Нарэшце, 9 жніўня. Фальсіфікацыі, мабілізацыя сілавікоў і гвалт. Ціханоўскай пагражаюць, на яе ціснуць і прымушаюць з’ехаць. За мяжу – у Вільню. Здавалася б, фініта. Лукашэнка разлічваў зламаць пратэст у самым зародку – праз слабую жанчыну. Але слабая Святлана Ціханоўская не здалася. І засталася сцягам пратэстаў у вольным свеце. Што там, Ціханоўская выступае з заявамі? Што, яе слухаюць?... Што, вакол яе збіраецца каманда?... Нда, пытаннечка. Нешта не ўлічылі. Ціханоўская пасароміла ўсіх спяцоў псіхалагічных партрэтаў. То бок, глядзіце: Святлана Ціханоўская аказалася больш моцным лідэрам, чым думаў Лукашэнка. Больш моцным, чым чакалі Расея і Захад. І нават перасягнула Сяргея Ціханоўскага. Унутры ў яе – беларускія гены. Мяккія, як мяккі знак, але цвёрдыя, як сталь. Тут тыпова беларускі феномен: стоеная сіла. Бо ўнутры беларусаў жыве Бог. Святлана Ціханоўская – не схібіла. Памылкі, якія яна рабіла ў першыя дні пасля выбару народа, ёй, чалавеку без досведу, можна прабачыць. А вось крутыя крокі, якія выдаюць загартаваны стагоддзямі беларускі характар – трэба залічыць. Цяпер Святлана Ціханоўская – светлае аблічча ўсёй Беларусі ў вольным свеце. Сустрэчы на вышэйшым узроўні больш як у 40 дзяржавах вольнага свету – гэта калі лічыць без самітаў і сустрэчаў на палях. Эфект прысутнасці Беларусі! Клопат пра беларускі інтарэс, мову і культуру. Прыцягальны вобраз. Слушныя словы. Магутная беларуская працавітасць і трывушчы беларускі характар. Увасобленая Беларусь. Вось чаму Святлана Ціханоўская – адна з гераіняў беларускай гісторыі нароўні з Рагнедай, Ефрасінняй, Сафіяй Слуцкай, Цёткай ды Ларысай Геніюш. І, нарэшце – для крытыкаў. Безумоўна, можна і трэба згадваць пра памылкі ці недапрацоўкі Офіса ці Кабінета Святланы, ацэньваць сацыяльную працу ці сферу бяспекі, абмяркоўваць эфектыўнасць, адпаведнасць абяцанняў і спадзяванняў за апошнія 6 гадоў. Але іншага штабу, заўважнага ў сённяшнім страшным і сумятлівым свеце, у нас, беларусаў, няма. Ёсць постаці, больш значныя для нацыянальнай ідэі. Пазняк, Арлоў, Някляеў, Статкевіч. Але выкрэсліць ці выштурхнуць з беларускай гісторыі і беларускай сучаснасці Святлану Ціханоўскую, зорку 2020 года, адну з нас, ужо немагчыма. Ціханоўская з 2022 года прынцыпова выступае па-беларуску, хаця ўсё жыццё пражыла ў расейскамоўным акіяне. І яе пераход на публічную беларускую мову (які так і не адолелі многія лідэры “новай хвалі”) – яшчэ адна прыкмета стоенай беларускай круцізны. Беларуская стоеная сіла спрацоўвае так, як у жніўні 2020-га – з сотнямі тысячаў беларусаў пад бел-чырвона-белымі сцягамі на вуліцах. Беларусь, гатовая выбухнуць - яна ўнутры нас.
видео или голосовое, без подписи
9 жніўня - ДЗЕНЬ ГОДНАСЦІ, міжнародная акцыя беларускай дыяспары, з нагоды шостай гадавіны беларускіх пратэстаў 2020 года супраць сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў і гвалту з боку рэжыму Лукашэнкі. 🔥 Беларусы разам па ўсім свеце супраць дыктатуры Лукашэнкі. ⬜️🟥⬜️ Расклад для беларусаў усяго сьвету! 🗓 08.08.2026 (субота)✊ 🇺🇸 Нью-Ёрк 🕔 13:00 мітынг 📍Ralph Bunche Park 1st Avenue at East 43rd Street New York, NY 10017 Дэталі 🗓 09.08.2026 (нядзеля)✊ 🇱🇹 Вільня 🕔 12:30 — роварны прабег Салідарнасці 📍Кафедральная плошча/Katedros aikštė ; 🕔 13:00 — мітынг 📍Кафедральная плошча/Katedros aikštė ; 🕔 14:00 — Марш свабоды да Варты Святла 📍каля Амбасады Беларусі; 🕔 15:00 — хвіліна маўчання і адкрыты мікрафон 📍каля Варты Святла насупраць Амбасады Беларусі; 🕔 18:00 — акустычны канцэрт Юрыя Стыльскага, фронтмэна гурта «Дай Дарогу!». Дэталі 🇵🇱 Беласток, 🕔 17:00, Мітынг-канцэрт 📍 plac przy restauracji Żubrowisko, ul. Rynek Kościuszki 10 Дэталі 🇵🇱 Варшава, 🕔 18:00, Мітынг-канцэрт 📍 помнік Каперніка (ulica Krakowskie Przedmieście 1) Дэталі 🇵🇱 Гданьск 🕔 15:00, Марш Годнасці 📍Długi Targ, Фантан Нептуна. 🕔 16:00, Выстава Колеры супраціву 📍Зімовы сад ЕЦС (партэр) 🕔 17:00,Кінапаказ “Пад шэрым небам” 📍Зала-аўдыторыя ЕЦС (партэр) Дэталі 🇵🇱 Уроцлаў 🕔 14:30 — марш Годнасці 📍збор каля Narodowe Forum Muzyki на Plac Wolności. 🕔 15:00 — пачатак маршу 📍Plac Wolności - Pręgierz. 🤍 15:30–16:00 — акцыя салідарнасці. 📍Pręgierz Дэталі 🇵🇱 Шчэцін, 🕔19:15 📍Plac Adamowicza каля CH Kaskada Дэталі 🇵🇱 Торунь 🕖 18:00 — Мітынг да Дня Волі 📍 Помнік Мікалаю Каперніку Дэталі 🇦🇹 Вена 🕔 18:00, Выстава Беларускія мастакі ў выгнанні 📍 St.-Elisabeth-Kirche der Pfarre zur Frohen Botschaft St. Elisabethplatz 9, 1040 Wien, Austria Дэталі 🇨🇦Таронта 🕔 09:30, Сімвалічны забег памяці і салідарнасці 📍High Park 🕔 18:30 Вечаровая сустрэча беларусаў Канады 📍Рэгістрацыя па спасылцы Дэталі 🇺🇸 Сан Францыска, 🕔12:00, Беларускі лясны пікнік 📍Huddarat park, Woodside Ca, штат Каліфорнія Дэталі 🇺🇸 Ролі Паўночная Караліна 🕔 13:00, Акцыя-перформанс “Боль. Супраціў.Надзея”. 📍 Moore Square, Raleigh, 201 S Blount St, NC 27601 Дэталі 🇺🇸Філадэльфія 🕔14:00, Дзень салідарнасці з Беларуссю 📍 LOVE Park, Philadelphia Pennsylvania Дэталі 🇮🇹 Балоння 🕔 10:30, Маніфестацыя” Беларусь. 32 гады супраціву дыктатуры” 📍Piazza del Nettuno ore Дэталі 🇺🇸 Паўднёвая Фларыда 🕔 18:00, Мітынг 📍Dania Beach Дэталі 🗓 15.08.2026 (субота)✊ 🇺🇸 Ілінойс 🕔 13:00, Паказ фільма”Галасы новай Беларусі” 📍 Arlington Heights Memorial Library Дэталі 🗓 16.08.2026 (нядзеля)✊ 🇵🇱 Познань 🕔 16:00 Чытаем і абмяркоўваем кнігу Антона Бяляева "Як я правёў гэтае лета" з нагоды 6-й гадавіны пачатку беларускай рэвалюцыі. 📍Fundacja KUT — Knižny klub Poznań Прыходзьце апранутыя ў адзенне колераў нацыянальнага сцяга, вышыванкі і цішоткі. 🤍❤️🤍 Будзьма беларусамі і наша абавязкова возьме! Разам да перамогі! ✊ Жыве Беларусь!
Пакуль Масква рыхтуе мабілізацыю, Штаты пераглядаюць ролю тактычнай ядзернай зброі, Украіна трывае ракетныя абстрэлы, а Лукашэнка чакае перавароту - беларусы збіраюцца ў Варшаве. Канферэнцыя Новай Беларусі - магчымасць для нас усіх падрыхтавацца да навальнічнай восені. Можа быць, апошняя. Як думаеце, сябры - пра што варта сказаць на КНБ? У свежым выпуску "Тройцы добрых навінаў" - мае ацэнкі і інфармацыя пра адзначэнне 9 жніўня па ўсім свеце. Глядзіце відэа па спасылцы.
Чаму да мяне на Акрэсціна ў жніўні 2020 года двойчы заходзіў святар? 17 жніўня, назаўтра пасля таго як у Менску сотні тысячаў людзей выйшлі на вуліцы пад бел-чырвона-белымі сцягамі, калі з Акрэсціна яшчэ выпускалі збітых вязняў, дзверы ў нашу камеру, заваленую скручанымі матрасамі, раптам адчыніліся - і да нас зайшоў бацюшка. Чорная рыза, барада, вінаватая ўсмешка. У руках - пакет з яблыкамі і грушамі. Пасля ўсяго, што мы чулі і бачылі за апошні тыдзень, мы маглі чакаць чаго заўгодна, толькі ня гэтага. Стукачы, памятаю, забіліся ў куты, супрацоўнікі толькі выглядвалі з дзвярэй. А бацюшка, неяк асабліва ўсхваляваны, павіншаваў з Перамяненнем, уручыў мне яблыкі ды грушы на траіх, пажадаў, каб усё было добра. Здаецца, ён хацеў сказаць штосьці яшчэ, але ўсё аглядваўся на супрацоўнікаў. У той жа дзень пад вечар мяне перавялі з новага ізалятара ў стары будынак (ЦІП), дзе трымалі не "крымінальнікаў", а "сутачнікаў". Палічыў гэта добрым знакам: мае 75 сутак па адміністрацыйных пратаколах заканчваліся, і, мабыць, быў загад выпускаць мяне менавіта з ЦІП. У камеры на чатырох мяне памясцілі аднаго - Акрэсціна ўжо "разгрузілі" пасля кашмару 9-13 жніўня. А назаўтра - бац! - дзверы раптам адчыняюцца, а на парозе - зноў бацюшка. Чорная рыза, барада, вінаватая ўсмешка. У руцэ - пакет з яблыкамі і грушамі... Хутчэй за ўсё, гэта быў той жа самы абход - пакуль ён паспеў абысці ўсе камеры ізалятара, я пераехаў у ЦІП. Бацюшка сказаў, што мы ўжо бачыліся, зноў азірнуўся на супрацоўнікаў, даў мне яблыкаў ды грушаў, зноў сказаў, што усё будзе добра... Толькі пасля я даведаўся, што мітрапаліт Павел нечакана адклікаў сваё віншаванне Лукашэнкі з "перамогай", падтрымаў пратэстоўцаў і паехаў у шпіталь хуткай дапамогі да збітых, а праваслаўныя святары з'явіліся ў намётавым мястэчку ля Акрэсціна. Што гэта было? Ня меў і ня маю ілюзіяў наконт асобы мітрапаліта Паўла, і слаба веру, што асабіста ён, уражаны гвалтам, пайшоў супраць "лініі партыі" - але ўсё спрабую ўявіць, што ж адбывалася ў ім і вакол яго ў тыя дні. Калі быў першапачатковы загад Масквы спрыяць пратэстам - навошта тады было спехам віншаваць Лукашэнку? Маўляў, афіцыйных вынікаў яшчэ не было, вось і не віншую - здаецца, паважная прычына ёсць. А тут раптам сотні тысячаў на вуліцах... У Маскве яўна не чакалі магутнага беларускага выбуху. Калі Лукашэнка разагнаў і збіў пратэстоўцаў 9-13 жніўня, а еўрапейцы запатрабавалі вызваленняў, Крэмль (стары візантыйскі фінт) палічыў за лепшае тут жа зрабіць стаўку "супраць Захаду" - і пайшоў загад віншаваць. Але беларусы 16 жніўня галавакружна перакулілі ўсе разлікі. І тады, відаць, Масква зноў зрабіла адчайны ход мітрапалітам, каб мець магчымасць хоць неяк уплываць на пратэст. Для мяне гэтая гісторыя - відавочнае пацверджанне аднаго факту, які звычайна не бяруць у разлік эксперты і аналітыкі. Нават бяззбройныя беларусы, мірныя людзі, на гістарычных паваротах здольныя на магутныя рухі, якія перакульваюць дагары нагамі ўсю геапалітыку разам з усімі імперыямі ды іерархіямі. А за такімі рухамі стаіць Бог.
Як вяртацца ў Беларусь з перамогай? Што беларусам рабіць за мяжой? Як дамаўляцца з Пазняком, Ціханоўскай, Латушкам пра Вольную Беларусь? Беларускі універсітэт, беларуская бяспека, клопат пра беларусаў - як гэта робіцца? У нядзелю 9 жніўня а 15.00 запрашаю на сустрэчу ў Музей Вольнай Беларусі ў Варшаве!
Хочаце гісторыю пра паспяховага беларуса-эмігранта, які праславіў Бога і Беларусь у трынаццаці тысячах кіламетрах ад радзімы? 31 ліпеня ў Мядзвядцы пад Наваградкам нарадзіўся Ігнат Дамейка — сусветная зорка беларускай місіі, самая яркая ў галактыцы нашых вялікіх вандроўнікаў: Пржэвальскага, Чэрскага, Русецкай, Казлова, Грум-Гржымайлы, Гашкевіча, Мінейкі, Судзілоўскага. Усё сваё жыццё Ігнат Дамейка ахвяраваў беднай і занядбанай індзейскай дзяржаве Чылі, каб зрабіць яе багатай і развітай. Працаўнік па-беларуску магутны, ён адзіны ўзняў на плячох навуку, адукацыю і гаспадарку на вялізнай тэрыторыі ад антарктычных ільдоў Вогненнай Зямлі да перуанскіх тропікаў. Сваёй фенаменальнай чылійскай адысеяй Дамейка выявіў ня толькі багацце цэлай краіны, але і патэнцыял беларускай асобы. Уся ягоная эпічная біяграфія — суцэльная апостальская дзея. Нарадзіўшыся ў сэрцы Вялікай Літвы, на Наваградчыне, Дамейка пачынае свой шлях з моцнай хрысціянскай адукацыі ў піярскім калегіюме Шчучына, і паступае на фізмат Віленскага Універсітэту. Разам зь Міцкевічам, Занам, Чачотам удзельнічае ў таварыстве філаматаў (потым у «Дзядах» Міцкевіч выявіць яго як добрага гаспадара Жэготу), а затым у паўстанні 1830-31 гг. Але расейская акупацыя не пакідала ў Беларусі месца такім як Дамейка. Ён эмігруе ў Еўропу, дзе заканчвае парыжскую Горную школу, рыхтуе і выдае лепшы на той час геаграфічны атлас Рэчы Паспалітай. Ужо як вядомаму навукоўцу Дамейку прапануе кантракт чылійскі ўрад — і так пачынаецца ягонае падарожжа працягласцю на ўсё астатняе жыццё. Дамейка за пару месяцаў вывучае гішпанскую мову, і адразу наладжвае шэраг геалагічных экспедыцыяў, падчас якіх адкрывае вялізныя паклады салетры і меднае руды — тыя самыя, па якіх Чылі дагэтуль займае першае месца ў сьвеце. Арганізоўвае ў Сант’яга вадаправод, метэаралогію, лабараторыі і музеі. Праводзіць этнаграфічныя даследванні. Уводзіць у Чылі сістэму мераў і вагі. Ягоную «Мінералогію» на працягу дзесяцігоддзяў чытае ўся Лацінская Амерыка. «Дон Ігнацыё» чатыры разы выбіраўся рэктарам Універсітэту Сант’яга і заслужыў імя «Вялікага асветніка». Гэта было сапраўднае адкрыццё Чылі — з нетраў да самых вяршыняў. «Дамейка». Мінерал, выкапнёвы слімак, фіялка, горад і порт, горны хрыбет, вяршыня ў Андах — усяго каля сотні найменняў... Дамейка стаў ня проста народным героям Чылі — ён зрабіўся нацыянальным брэндам. Нават адкапаны ў тых краёх нядаўна — ужо ў ІІІ тысячагоддзі! — новы від дыназаўра ўдзячнае чалавецтва назвала «дамейязаўрам». Напрыканцы жыцця Дамейка пакінуў Чылі, калісьці самую адсталую краіну рэгіёну, адной зь перадавых дзяржаваў Паўднёвай Амерыкі — каб, як патрыёт, наведаць радзіму, і, як шчыры вернік, Святую Зямлю... Львіная доля сусветнага меднага рынку, знакаміты чырвоны перац і соўс «Chili», Сальвадор Альендэ і Аўгуста Піначэт, эканамічны цуд ХХ стагоддзя і бліскучы футбол — усё гэта дала свету краіна, адкрытая беларусам Дамейкам. Да 200-годдзя знакамітага беларуса ЮНЭСКА абвясціла 2002 год ва ўсім свеце годам Дамейкі. Гісторыя забыла многіх сучаснікаў Дамейкі, якія пасля паразы паўстання апусцілі рукі, вырашылі працаваць на расейскага цара, альбо азлобіліся на ўвесь свет. А Дамейку памятаюць ды шануюць - і ў Беларусі, і ў цэлым свеце. Дамейка - узор магутнага беларускага хрысціянскага коду, закладзенага ў кожнага з нас. А код такі: рабі ўсё, што можаш, там, дзе ты ёсць - а Бог зробіць астатняе.
Расея здрадзіла Пуціну. Пуцін рыхтуе мабілізацыю, а нарастае дэмаралізацыя. Большасць расейцаў пачынае ачомвацца: нешта пайшло ня так. "Кто віноват? Что делать?" Сумныя матрошкі растуць у Расеі, нібы грыбы. Кажуць, цар - ненастаяшчы. Украіна адольвае крызіс і запальвае вагні па ўсёй Расеі. Зянон у Кіеве - гучыць як сігнал. Лукашэнка перадае пасланне ў Амерыку, а беларусы тым часам бяруць вяршыні за мяжой. Такое ўражанне, што 1990-ыя вяртаюцца. А гэта - шанец для Беларусі! Распавядаю ў свежым выпуску "Тройцы добрых навінаў" па спасылцы.
Акрэсціна 2020. Як вызвалялі пратэстоўцаў - і што яны адказвалі міліцыянтам. Ужо 13 жніўня на Акрэсціна павеяла зусім іншым ветрам. Замест загаду збіваць прыйшоў загад вызваляць - і гэта пачалося раптоўна, як і колішняя малатарня. Калідоры запоўніліся супрацоўнікамі, якія па адным выклікалі пратэстоўцаў з камераў і вялі кароткую бяседу. З нашага катуха было чуваць, як у розных частках калідора людзям напаўголаса задавалі адны і тыя ж пытанні: - Что со здоровьем? - Почему вышел на уліцу? - А еслі опять будут протесты, пойдёшь? Ключавым было апошняе пытанне. Як стала зразумела з некалькіх размоваў, тых, хто абяцаў больш не хадзіць альбо адказваў ухіліста, афармлялі на вызваленне. Тым, хто маўчаў ці казаў, што пойдзе зноў - пагражалі крымінальнай справай. Іншымі словамі, ніхто і не хаваў, што мэтай кашмару было адно: зламаць волю да супраціву. Да гонару беларусаў: пасля ўсяго жаху, перанесенага за апошнія дні, прыблізна палова адказвала на пытанне, ці пойдуць зноў, "Паглядзім", "Можа быць" альбо наўпрост "Пайду". Хто са сцятымі зубамі, хто абыякава, хто стомлена - але казалі. Разам з пералікам пачварных траўмаў, гематомаў і пераломаў, пра якія ішла гаворка наконт "здароўя", гэта агаломшвала. Памятаю, тады мне прыгадалася наша колішняя размова з Вячаславам Сіўчыкам пра беларускі нацыянальны характар. Пасля аднаго разгону вулічнай акцыі я казаў, маўляў, ну вось, выйшла шмат новых людзей, шкада, пабілі, больш яны ў Малады Фронт ня прыдуць. Слава тады аж зняў акуляры і зірнуў на мяне палаючымі вачыма: - Не! У нас, беларусаў, гэта працуе па-іншаму. Мы партызаны, Паша. Чалавек з вуліцы прыходзіць, атрымлівае ў твар - ах, вы так! - і далучаецца да руху! Сярод супрацоўнікаў Акрэсціна былі і такія, хто відавочна спачуваў пратэстам - альбо баяўся быць пакараным за збіццё людзей. Недзе 15 альбо 16 жніўня адзін з людзей у форме адчыніў "кармушку" і доўга размаўляў са мной у тым ключы, што білі амапаўцы, а не турэмшчыкі, цяпер людзей вызваляюць, а ён сам гатовы сведчыць у судзе. Але былі і іншыя. Супрацоўніца з "Дэпартаменту міграцыі" (ці, хутчэй, тутэйшага операддзелу), якая прыходзіла да маіх суседзяў-стукачоў і шэптам размаўляла з імі праз "кармушку", на маё прамое пытанне, колькі галасоў усё-такі атрымаў Лукашэнка, літаральна завапіла: - Я вам што, пресс-служба?! Мне запрещено с вамі разговарівать!!! Пра што яна шапталася з суседзямі, хутка высветлілася. Стукачы пачалі задаваць мне тыя ж пытанні, што і пратэстоўцам на калідоры. - Паш, а вот ты не думал выступіть і сказать, что больше не будешь заніматься політікой? Ведь отпустят! Але і гэта было яшчэ ня ўсё. Наступным у камеру зайшоў... праваслаўны святар у рызе з яблыкамі і грушамі ў руках. Пра гэтую цікавую гісторыю - наступным разам.
На першым курсе па дарозе на пары я абавязкова спыняўся ля шапіка, набываў "Звязду", якая яшчэ пахла фарбай з друкарні, і разгортваў, шукаючы публікацыі Віталя Цыганкова. Ужо тады дваццаціпяцігадовы Цыганкоў, заснавальнік "Белапану", рэпарцёр "Радыё Свабода" і першы ў Беларусі карэспандэнт "Асашыэйтэд Прэс", быў карыфеем журналістыкі. Даходліва і проста распавядаў пра тое, што адбывалася - і не баяўся пакрыўдзіць вядомых ці паважаных людзей вострымі высновамі. У "Маладым Фронце" і далей у БХД нам заўжды імпанавала прыхільнасць Віталя да беларускага нацыянальнага руху і цвярозага кансерватызму, глыбокі позірк і аспрэчванне модных - ці то ўсходніх, ці то заходніх - забабонаў. Цыганкоў са сваімі высновамі заўжды ішоў не ад тэорыяў альбо глабальных павеваў, а ад беларускага жыцця. Памятаю, калі даводзілася разбіраць незразумелыя палітычныя пытанні альбо ацэньваць новую публічную асобу, перапытвалі адзін аднаго - "А што Цыганкоў пра гэта піша?" Віталь Цыганкоў - голас адказнага і адэкватнага беларускага грамадства: сем'яў, кваліфікаваных інжынераў і прадпрымальнікаў, адукаваных пенсіянераў. Усіх тых, каго прынята называць "сярэднім класам" - тых, на кім звычайна трымаецца краіна. Першы беларус, які выйграў у знакамітым "Слабым звяне", першы лаўрэат Прэміі імя Алеся Адамовіча (1995), першаразраднік у шахматах, Віталь дагэтуль гучыць і выглядае свежа, нібы дваццаціпяцігадовы - і пачынае свой новы медыйны праект "Цыганкоў. Высновы" на Белсаце. Паслухаем, што скажа Цыганкоў, спадарства.
Акрэсціна, жнівень 2020. Пекла спыняецца. Адразу папярэджу: тое, што вы прачытаеце тут - маё асабістае сведчанне і перажыванне, якое адбывалася ўнутры мяне. Наколькі ўсё апісанае паўплывала на хаду падзеяў, альбо тут толькі супадзенне - ведае толькі Бог. Прынамсі, мяне тады гэта моцна ўзрушыла. Некалькі дзён і начэй запар на Акрэсціна працавала страшная малатарня. Відавочна пасля загадаў згары раптам падымаліся хвалі дзікага гвалту, збіцця, катаванняў - і праз колькі гадзінаў згасалі ў енках, стогнах ды крыках пра дапамогу. Сотні людзей крычалі ў калідорах, дворыках, камерах. Ні пра які сон, канечне, не было гаворкі. Маліўся за тых, каго б'юць, за тое, каб усё спынілася - стоячы, на каленях, лежачы - памятаю, хіба некалькі разоў адключаўся, калі жах больш-менш сціхаў. Нарэшце - здаецца, гэта была ноч з 12 на 13 жніўня - на мяне надышло поўнае атупенне. І мозг, і сэрца ўжо нават перасталі штосьці ўспрымаць. Вакол цемра, жудасць, дрыжэнне сценаў ад удараў, і бясконцыя крыкі ды рыданні. У такім атупенні, калі цела адмаўляецца прыняць рэальнасць, з'яўляецца думка, што насамрэч Бога няма. З досведу ведаю: у такі момант трэба адчайна маліцца, і Госпад адкажа тым ці іншым чынам. Механічна і ўжо нават абыякава перабраў, што выдыхнуць у неба - і раптам зразумеў, што яшчэ не маліўся за душы тых, хто б'е. Ісус у Нагорнай казані кажа: "Любіце ворагаў вашых, дабраслаўляйце кляцьбітоў вашых, рабіце дабро ненавіснікам вашым і маліцеся за крыўдзіцеляў вашых і ганіцеляў вашых." (Мацьвея 5:44). Тут не сказана любіць ворагаў, як самога сябе. Не сказана маліцца за тое, каб яны маглі тварыць зло. Але ясна напісана - любіце. Бог хоча, каб мы маліліся прынамсі пра збавенне іх душаў ад пекла. І я пачаў з нейкім дзіўным натхненнем маліцца за душы тых людзей у форме, якія б'юць і ламаюць косці, якія топчуць ботамі жанчынаў і звярэюць ад крыкаў і чужога болю. Бо і яны жывыя істоты. Бо і яны таксама беларусы. Бо і ў іх ёсць маці, дзеці, браты. Бо яны жывуць побач з намі. Бо інакш, калі цалкам аддаць іх пракляццю і д'яблу, застаецца толькі грамадзянская вайна на вынішчэнне, а гэта ўжо пекла на зямлі. Прайшло літаральна некалькі хвілінаў - і гукі ўдараў ды крыкі раптам сціхлі. Пэўны час было чуваць некалькі стогнаў ды ўсхліпаў з калідора. І потым настала поўная, глыбокая ціша. Памятаю, на кучы матрасаў побач прачнуўся стукач. Неўразумела паводзіў галавой. Што, ноч?.. Ня б'юць?.. А я проста адключыўся. Прачнуўся толькі зранку. Малатарня скончылася. У калідорах заляскалі "кармушкі" - людзей пачалі выклікаць па адным і адпускаць.
Чытаю рэп на сцэне фэсту «Тутака» Пакуль ехалі з Барысам Гарэцкім з Вільні да Беластоку, напісаў шэсць куплетаў, парэпетавалі з дзецьмі. На фэсце, кажуць, зайшло)) Вітаю, сябры! Пятніца вечар, Пад Беластокам народнае веча: Жыве Беларусь! Пуцін капут! Мы беларусы і мы - тут! Многіх ня бачыў з 20-га года, Нарэшце на волі, разам з народам. І хай у турме ламалі нам косці, Мы - беларусы і мы ёсць! Забанілі тры беларускія крамы, Ідуць па пунктах карнай праграмы, Адчынім дзесяць і будзем купляць: Мы беларусы і нас ня ўзяць! Арыштавалі ксяндза з Пружанаў, Палохаюць у Берасці прыхаджанаў... Чым мы адкажам ім, спадарове? Дружна прыдзем маліцца на мове! Забанілі сто беларускіх кнігаў, Чым мы адкажам крамлёўскім барыгам? Напішам яшчэ тысячы дзьве - Закалябаюцца баніць ў Маскве! Нос павышэй, хопіць енкаў! За Беларусь - без Лукашэнкаў! Мы не баімся рыкаў варожых - Мы беларусы і мы пераможам!
Калапс Расеі можа адбыцца хутчэй, чым мы думаем. Україна знайшла галоўныя болевыя кропкі краіны-бензакалонкі – і метадычна адпрацоўвае па іх дронамі. Калі так пойдзе далей, ужо ў жніўні крамлёўскія скрэпы пачнуць трашчаць па швах. У новым відэа на маім канале – пра тое, як нам трэба адказваць на закрыццё беларускамоўных крамаў ды бан “экстрэмісцкіх” сацсетак, і чаму Беларусі пасля Лукашэнкі трэба ў НАТО. Ну, а відэа рускай рулеткі, зробленай з верталётнай гарматы – можна глядзець бясконца. Спасылка на “Тройцу добрых навінаў” вось тут.
Пекла 10-13 жніўня 2020 на Акрэсціна. Тое, што адбывалася на Акрэсціна некалькі сутак запар пасля выбараў 2020 года, немагчыма апісаць словамі. Нават у нашай камеры на трэцім паверсе, да столі заваленай матрасамі, якія прыглушалі гук, гэтыя чацьвёра сутак зліліся ў суцэльны кашмар. Недзе пасля апоўначы 10 жніўня мерны шум з двара Акрэсціна, разгрузка затрыманых на пратэстах і роў матораў аўтазакаў раптам праваліліся ў рокат удараў і страшэнны злітны крык людзей. Дзіка крычалі, здаецца, з дворыкаў, потым крыкі перакінуліся і ў сярэдзіну будынка, у калідоры - мяркуючы па ўсім, пачалося масавае азвярэлае збіццё. Уражанне, якое мяне тады агаломшыла - прыйшоў загад. Такога, каб гэтай жудасці папярэднічаў супраціў затрыманых, нейкія асобныя ўспышкі ці бойкі, не прыгадваю. Пасля шмат разоў успамінаў. Чыста на слых - вось прагірчэлі рацыі, і праз хвіліну-другую быццам нейкая каласальная машына ўключылася і пачала перамолваць людзей. Гукі ўдараў былі такія важкія, што будынак Акрэсціна фізічна дрыжэў. Таўшчэзныя каменныя сцены, глухія жалезныя дзверы, краты, драўляная падлога трэсліся так, нібы ўнізе, на першым паверсе, працавала гіганцкая малатарня. І крыкі. Крычалі ад болю і жудасці так, што закладвала вушы, мужчыны, часам суцэльны роў праразаў здзічэлы жаночы віск, усплёсквалі рыданні, стогны. Сотні людзей. Крыкі перакінуліся на лесвіцы, дзесьці пачалі адмыкаць камеры і выводзіць людзей, збіваць у калідорах на другім паверсе. За 11 гадоў у турмах мне даводзілася чуць шмат што, але тыя жудасныя ночы і дні - гэта было штосьці, адрознае на парадак. Стукачы замерлі ў сваіх кутах, я маліўся Богу. А вакол, гадзіна за гадзінай, хвалямі гуло і дрыжэла ад удараў, крыкаў і стогнаў - то ў дворыках, то зноў у калідорах, то на лесвіцах. Зацішша, поўнае стогнаў ды енкаў, перадышка - і зноў тупат ног, расейская мацерная лаянка, адмыкаюцца дзьверы - і зноў роў. Хтосьці крычаў у вокны ці з дворыкаў, што забіваюць. І яшчэ тупат быкоў, і яшчэ ўдары. Крычалі пра кроў, перабітыя рукі, і "Мама!", і "Фашысты!" і "За што?!" А ад тых, што "працавалі" - цяжкае сапенне, лаянка і ўдары. Зранку, калі прыйшла новая змена супрацоўнікаў Акрэсціна, на некалькі гадзінаў як быццам усё заціхла. Змяніўся, мабыць, і спецназ. Але потым - зноў аўтазакі, новая хваля затрыманых, новы загад - і зноў удары і роў. Часам ахоплівала ўражанне, што сядзіш у закутку ў сярэдзіне гіганцкай бойні - у чаканні, пакуль прыдуць па тваю душу. Чым гэта скончылася - напішу наступным разам.
Настачка Палажанка, будучая Дашкевіч, прыйшла ў Малады Фронт, калі ёй было ўсяго 14. На вераснёўскім фэсце, прысвечаным Бітве пад Воршай, у менскім парку Янкі Купалы, мы звярнулі ўвагу на баявітую дзяўчынку, якая гукала "Жыве Беларусь!", спявала і, што істотна, ўважліва слухала выступоўцаў. У МФ Наста хутка вылучылася як здольная арганізатарка - і культурніцкіх імпрэзаў, і палітычных сустрэчаў, і вулічных шэсцяў. Ужо ў 16 яна ўпэўнена руліла цэлай плынню беларускага маладзёвага руху - і ёй падначальваліся нават старэйшыя па ўзросце хлопцы. Памятаю, каманда МФ прыехала да мяне на лесапавал у Малое Сітна, дзе я адбываў "хімію" пасля пратэстаў 2004 года. Сядзім у бараку, п'ем гарбату. Хлопцы горача выказваюцца, прапаноўваюць тактыку ды стратэгію, дзеляцца бачаннем, а Настачка моўчкі мые кубкі ды талеркі і падае на "абшчак" ежу. Абмяркоўваем, што рабіць, і палова прапановаў заканчваецца ўпэўненым: "А, гэта Палажанка пацягне". А Настачка маўчыць, завіхаецца сабе, нават не зміргне вокам, як быццам так і трэба. У другой палове 2000-ых, калі супраць маладафронтаўцаў узбудзілі дзясяткі крымінальных справаў, менавіта Настачка, Ды-джэй Адраджэння, была адным з магутных матораў супраціву і сапраўднай зоркай пратэстаў. Акцыі за Дашкевіча - Палажанка. Акцыі за Фінькевіча - Палажанка. Акцыі за беларускую мову - Палажанка. У 2007-ым Настачка сабрала вакол сябе каманду гэткіх жа баявых і завадных дзяўчат, якіх у МФ называлі "Баявыя пантэры" - калі хлопцаў судзілі і саджалі, маладафронтаўскі рух выцягнулі менавіта яны. Якія там "Анёлы Чарлі" - то была рэальная дрым-цім. У 2008-ым менавіта з Настачкай мы выдалі кнігу "Маладафронтаўцы" пра герояў беларускага маладзёвага руху. У 2011 годзе Наста стала першай беларускай, уганараванай Міжнароднай жаночай прэміяй за мужнасць (International Women of Courage Award) ад Дзярждэпартамента ЗША. Яна фізічна не змагла паехаць на цырымонію ў Вашынгтон, бо знаходзілася пад падпіскай аб нявыездзе пасля менскай «Амерыканкі» (СІЗА КДБ) і чакала суда. Хілары Клінтан і Мішэль Абама ўручалі ўзнагароду, пакінуўшы пустое крэсла для Насты. А гісторыя кахання дзвюх маладафронтаўскіх зорак у 2010-ых - Настачкі і Змітра Дашкевіча - гэта, канечне, быў чысты Галівуд. Галоўная Love story беларускай апазіцыі. Як Настачка змагалася за Змітра, як Зміцер пісаў з няволі Настачцы - за гэтым сачыла палова Беларусі. Настачка прайшла "Амерыканку", Зміцер - Шклоў. Калі згадваеш іхняе вянчанне ў евангельскай царкве паміж адседкамі - на вочы наварочваюцца слёзы. Як пасля гэтага ўсяго Настачка Дашкевіч здолела вынасіць і нарадзіць чатырох цудоўных дзетак, якія размаўляюць па-беларуску, гадаваць іх, пакуль Зміцер сядзеў па турмах, ды яшчэ пры гэтым і падтрымліваць сябраў - у мяне не ўмяшчаецца ў галаве. Тут суцэльны Божы цуд. А потым - пакінуць Беларусь і паехаць следам за дэпартаваным Дашкевічам з усімі дзецьмі ў Вільню. Хочаце даведацца, як такое магчыма - прыйдзіце на віленскую Малітву за Беларусь (штосерады а 19-й на Ukmerges 263) і паглядзіце, як спявае і моліцца Богу Настачка Дашкевіч.
Газавая атака на Акрэсціна, ліпень 2020. Прачынаюся ў акрэсцінскім карцэры яшчэ да пад'ёма - недзе ў дворыках лямантуюць людзі. Прыслухваюся - просяцца ў прыбіральню. Відаць, яшчэ з вечара вывелі на этап, а аўтазакі на Жодзіна яшчэ не прыехалі. Лямант расце, пераходзіць на крыкі. Пад'ём. Чую, заварушыліся супрацоўнікі, ляніва перабрэхваюцца з людзьмі. Начальства яшчэ не прыехала, ніякіх загадаў няма, таму адказ адзін: - Терпіте. Нарэшце, змена. Праверка. Мяне пераводзяць у суседні карцэр - такая ж бетонная скрыня з драўлянай нарай, прышпіленай да сцяны. А людзей з дворыкаў пачынаюць выводзіць у прыбіральню - у маю камеру. Чую: - Камандзір, а як змываць? Вады няма! - А рукі дзе памыць? - А дзе вада? - А туалетка хоць ёсць?... Супрацоўнікі ляскаюць дзвярыма ў калідоры: - Быстрей давай. - В темпе там! Чарга ідзе. Гадзіну. Дзьве. Тры. Нішто сабе этап, думаю. Палову Акрэсціна вывозяць - мабыць, разгрузка перад "выбарамі". А за дзвярыма канвой і супрацоўнікі нешта развесяліліся, рагочуць, людзей падганяюць. Нарэшце, перагукаюцца: - Ну что там, все? - Все. - Давай, заводі этого назад! І тут у мяне мурашкі па скуры. Ё-маё. Ня можа быць. Дакладна. Адчыняюць карцэр: - Пошлі назад. - Вы што, здзекуецеся? Ваду ўключыце хаця б! - Выходім, сказал! Так і ёсць. Мяне заводзяць назад - у камеру 2 на 3 метры без вады, дзе толькі што дзясяткі людзей схадзілі ў прыбіральню. Ліпень месяц. Ня буду апісваць, у што там ператварылася "ачко" і які стаіць дух. Дыхаць немагчыма. Рэжа вочы. Барабаню ў дзверы. Адчыняюць зноў, заходзяць утраёх. - Положеніе для обыска прінять! Рукі на сцяну, стаю, абшукваюць для выгляду (усё адно няма нічога). Выціскаю з сябе: - Што за здзекі - суседні ж карцэр пусты стаіць! Хаця б вакно адчыніце! - А что, плохо пахнет? Здушана пасмейваюцца, але чую, самім цяжка. - Сейчас будет лучше. Бакавым зрокам бачу: адзін нешта падае начальніку змены, усе адступаюць у калідор, і "старшой" доўга, з шыпеннем высаджвае ў камеру асвяжальнік паветра. Цэлы балончык. Ляскаюць дзьверы. Рогат. У камеры натуральны туман - такі, што ня бачна сценаў. Спаўзаю на падлогу - там трохі паветра. Вачэй не расплюшчыць. Нацягнуў майку на рот і нос. Стрымліваю дыханне. Разумею - калі зараз глыбока ўдыхнуць, можна аддаць канцы. А за дзвярыма ржуць, відаць, па чарзе заглядваюць у вочка: - Нічё не відно. - Он там хоть жівой? Поўзаў па падлозе пару гадзінаў. Дзякуй Богу, адтуліна вентыляцыі збольшага выцягнула. Але, думаю, павесяліліся ў той дзень таварышы ад душы.