tgindex
Цыганкоў

Цыганкоў

Статистика
@tsyhankouВидеобелорусский

Віталь Цыганкоў. Публіцыст, аналітык, журналіст. Аглядальнік Радыё Свабода, вядучы праграмы "Двубой" на Белсаце.

Последний пост
9 авг.
Последнее чтение
15 авг.
Постов за неделю
0
Всего постов
20
Тип
открытый
Язык
белорусский
Категория
Видео (по похожим)
В каталоге с
13 авг.
Подписчики
613
0 за 1 дн.
Сутки
0
0,00%
Неделя
 
Месяц
 
Просмотров на пост
733
20 постов
Вовлечённость
119,6%
к подписчикам
Постов в день
0,0
всего 20
Упоминаний
1
каналов
Охват размещения
оценка
1/24сутки в ленте
510
1/48двое суток
584
1/72трое суток
630

Оценка по просмотрам недавних постов: пост набирает почти всё за первые сутки.

Посты

  • 9 авг.414185

    Толькі наперад нагамі “Памятаеце, калі ў ліпені Лукашэнка з’ехаў з візітам у Інданэзію, то і ў медыях, і ў сацсетках пачала разганяцца тэма, што Лукашэнка ўцёк, зваліў, схаваўся. Калі задача была ў тым, каб чарговы раз павесяліцца і пасцябацца, – то няхай сабе. Але ж праблема ў тым, што некаторыя людзі сапраўды вераць, што Лукашэнка ў нейкі крытычны момант адразу ўцячэ з краіны. І ў 2020 годзе верылі, што, на маю думку, прынесла шмат шкоды» Такімі словамі я пачынаю сваю праграму на Белсаце «Высновы». Працягваю наступнай думкай: “Калі нейкія эксперты гадамі нам даказваюць, што Лукашэнка не будзе вылучацца альбо вось-вось сыдзе, – гэта проста наіўнасць ці наўмысная гульня на ўладныя наратывы? Дарэчы. Яшчэ адзін аргумент таксама выклікае ў мяне моцныя падазрэнні наконт таго, хто і навошта запускае яго ў публічную прастору. Гэта аргумент на тэму «а можа, без Лукашэнкі будзе яшчэ горш». І заканчваю тэкст такой лагічнай (для мяне, прынамсі) высновай: “І праз шэсць гадоў пасля тых падзеяў відавочна, што на сёння ён не рыхтуе ніякага пераемніка, бо выбраў сцэнар «сяджу ў крэсле да апошняга». Пэўны час ён сапраўды шукаў, але так і не знайшоў прымальнага для сябе механізму транзіту ўлады, пры якім захаваў бы ўплыў і кіраванне сістэмаю. Так і не знайшоў, а таму вырашыў: ну і халера з ім, больш не буду нічога шукаць, буду сядзець да смерці. Лукашэнка не давярае нікому, нават сваім старэйшым сынам, не верыць у іхнія здольнасці кіраваць краінаю. Лукашэнка лічыць, што ніхто іншы не зможа эфектыўна ўтрымаць сістэму, таму ён імкнецца да максімальна працяглага ці нават пажыццёвага захавання статус-кво. Так што – пара б нам усім зразумець, што нікуды ён не ўцячэ. Толькі «наперад нагамі». Улада для яго сінонім жыцця, пакуль ён жывы, то будзе чапляцца за ўладу да апошняга ўздыху. Сітуацыю варта ацэньваць адэкватна, 30 гадоў даволі вялікі тэрмін, каб зрабіць дакладныя абгрунтаваныя фактамі высновы”. Поўны тэкст — даю спасылку на праграму, 8 хвілін. https://www.youtube.com/watch?v=gyOsEDEvZUQ&t=28s

  • 5 авг.618124

    «Война — фигня, главное — манёвры» «Па-першае, сама версія, што Масква вось цісне, а Лукашэнка гераічна адбіваецца – яна даволі прыемная для дыктатара Беларусі, якбы ўздымае ягоны імідж. Ах, такі заступнік беларусаў, самому Пуціну можа адмовіць. На самой справе, няма ніякіх дакладных доказаў, што Масква так ужо цісне і патрабуе ад Менска больш актыўнага ўмяшання ў вайну. Калі б гэта было так, то за 4 з паловай гады вайны Расея ўжо нейкім чынам даціснула б Менск, якому ў такой сітуацыі няма да каго звярнуцца па дапамогу». Гэта ўрывак з праграмы, у якой я паспрабаваў прааналізаваць ўсе акалічнасці і сітуацыю на сёння ў вечнай тэме апошніх гадоў “Ці ўступіць Беларусь у вайну?” Яшчэ адна цытата: “І вось калі я ўжо 5 хвілінаў вам тут даказваю, што вайна Лукашэнку не патрэбная, што гэта для яго як мінімум небяспека, а максімум – палітычная смерць, -- вы заканамерна спытаецеся: а як тады можна патлумачыць усе гэтыя ваенныя падрыхтоўкі ў Беларусі, увесь той узровень мілітарызацыя, які ахапіў краіну? Як можна патлумачыць вось гэтыя словы Лукашэнкі?” Адказы – у праграме https://www.youtube.com/watch?v=OtnBqKnShpE&t=309s

  • Людзі, якім сорамна добра жыць Калі думаеш і разважаеш пра карані некаторых найбольш вострых праблем сучаснага Захаду, то акрамя аб’ектыўных эканамічных, сацыяльных і палітычных фактараў, усё больш звяртаеш увагу на псіхалагічныя аспекты. Я б вылучыў некалькі тыпаў людзей і псіхалагічных паводзінаў, якія з’яўляюцца прычынай абвастрэння многіх праблемаў 1.Першая катэгорыя – дурні. Не ў побытавым сэнсе слова, а ў тым, які калісьці прапанаваў італьянскі эканаміст Карла Чыпола: гэта людзі, якія сваімі дзеяннямі наносяць шкоду і іншым, і самім сабе. Я не думаю, што сёння такіх людзей стала больш, чым было ў мінулым. Хутчэй, змяніліся ўмовы. Сацыяльныя сеткі і ліберальная дэмакратыя зрабілі іх значна больш прыкметнымі. Калі раней розныя інстытуцыі – рэдакцыі, універсітэты, палітычныя партыі – служылі своеасаблівымі фільтрамі, то сёння чалавек можа атрымаць велізарную аўдыторыю, абыходзячы гэтыя механізмы. У выніку дурні сталі больш бачнымі. 2.Другая катэгорыя – людзі, якія сапраўды ненавідзяць Захад. Прычым гаворка ідзе пра вельмі розныя асяроддзі – ад ісламскіх радыкалаў да воўкістаў, «дэкаланізатараў», пуцінцаў. Усе яны робяць адну справу. Яны лічаць свабоднае грамадства, заходнюю цывілізацыю ворагам, якога трэба перамагчы. І мараць яе разбурыць. Не палепшыць, не цывілізаваць, а менавіта разбурыць. Дашчэнту. Гэта варта разумець. Што можа паўстаць на яе месцы? Тут некалькі варыянтаў – хаос, шарыят, камунізм, дыктатура. Але ненавіснікаў Захаду аб'ядноўвае не пазітыўны праект будучыні, а перадусім нянавісць да таго грамадскага ладу, які грунтуецца на свабодзе, ліберальнай дэмакратыі і капіталізме. 3.Трэцяя катэгорыя – людзі з разбуральным тыпам асобы. Гэта пра іх я пісаў, што калі яны трапяць у рай, то знойдуць там недахопы і будуць з імі змагацца. Бо яны атрымліваюць задавальненне ад самога факта барацьбы і разбурэння – не важна, з чым і чаго. У часы рэвалюцый, войнаў і глыбокіх крызісаў менавіта такія асобы часам выходзяць на першы план. 4.Побач з імі варта згадаць людзей з рознымі псіхічнымі адхіленнямі, ці прынамсі нестабільнай псіхікай. Яны існавалі заўсёды, але сучаснае грамадства змяніла іх месца ў публічнай прасторы. З аднаго боку, адбыўся гуманны працэс лібералізацыі адносін да псіхічных захворванняў – і зараз на свабодзе ходзяць многія з тых, хто яшчэ 30 гадоў таму быў бы ў спецыялізаваных установах у любой краіне. З другога боку, зноў-такі – эпоха сацыяльных сетак, якая дазваляюць чалавеку з любымі асаблівасцямі псіхікі знаходзіць аднадумцаў, распаўсюджваць свае погляды і ўплываць на іншых. Псіхолагі заяўляюць, што сацыяльныя сеткі самі, вядома, не ствараюць гэтыя праблемы, але ўзмацняюць ужо існуючыя схільнасці. 5.І, нарэшце, яшчэ адна катэгорыя, якую я б апісаў як «людзі, якім сорамна добра жыць». Яны выраслі ў бяспечным, багатым і стабільным грамадстве. Яны ніколі не перажывалі голаду, разбурэнняў, вайны або пагрозы страціць усё. Пасля Другой сусветнай вайны Заходняя Еўропа некалькі дзесяцігоддзяў мэтанакіравана аднаўлялася, пастаянна павышаўся ўзровень жыцця. Пасля распаду Савецкага Саюза знікла і галоўная геапалітычная пагроза, якая дзесяцігоддзямі прымушала Захад мабілізавацца. Перамагло адчуванне, што дабрабыт стаў натуральным і вечным станам. Новыя пакаленні ўжо не ўспрымаюць свабоду і дабрабыт як вынік працяглай працы, войнаў і пакутаў. Наадварот, яны пачынаюць адчуваць своеасаблівае пачуццё віны за свае «незаслужаныя» дабрабыт, свабоду і спакой. Дзесьці ў свеце пануюць беднасць, голад і войны – і ім здаецца несправядлівым, што яны жывуць добра. На фоне мілых і добрых людзей з іншых кантынентаў, якія па некйкіх незразумелых прычынах чамусьці жывуць кепска. І замест таго каб захоўваць і развіваць тое, што было створана папярэднімі пакаленнямі, яны, адчуваючы пачуццё віны за добрае жыццё, пачынаюць добраахвотна і мэтанакіравана ствараць сабе праблемы. Па-іншаму не магчыма патлумачыць некаторыя рэчы.

  • Мілітарызацыя, але не вайна? У сваіх сацыяльных сетках кіраўнік НАУ Павал Латушка заявіў, што апошнія дзеянні і выступы Лукашэнкі, ягоны загад накіраваць тых, хто дрэнна працуе, у армію – сведчаць пра працэс схаванай мабілізацыі. Ці не з’яўляецца гэта публіцыстычным перабольшваннем? Бо на сёння няма адкрытых і цалкам пераканаўчых доказаў таго, што ў Беларусі пачалася мабілізацыя ў тым сэнсе, як гэта разумеецца ў ваеннай практыцы. З аднаго боку, у апошнія месяцы назіраецца шэраг крокаў, якія можна назваць, скажам мякка, узмацненнем увагі да вайсковай сферы. Працягваюцца праверкі баявой гатоўнасці, рэгулярна праводзяцца вучэнні, пашыраецца тэрытарыяльная абарона. Ад 2022 года няспынна змяняецца заканадаўства і падзаконныя акты ў сферы абароны і воінскага ўліку, якія дазваляюць усё больш людзей забіраць у войска – з тымі хваробамі, з якімі раней не бралі. Разам з тым, падаецца відавочным, што Лукашэнку вайна з Украінай не патрэбная, што гэта для яго ў пэўным сэнсе палітычная смерць. Ды й у беларускім грамадстве ёсць кансэнсус наконт таго, што Беларусь не павінна актыўна ўдзельнічаць у ваенных дзеяннях. Як тады можна спалучыць гэтыя, на першы погляд, супярэчлівыя тэндэнцыі – з аднаго боку, праваенная рыторыка і рэальная мілітарызацыя грамадства, з іншага – той факт, што ўсё-такі сапраўдная вайна з Украінай Лукашэнку не патрэбна? Гэтыя дзве тэндэнцыі толькі на першы погляд супярэчаць адна адной. Насамрэч яны могуць быць часткамі адной і той жа стратэгіі Лукашэнкі. Пасля пачатку шырокамаштабнай вайны ў 2022 годзе галоўная задача афіцыйнага Менску – быць гатовым да любога развіцця падзей (і дакладаць Маскве, што «мы ўсё робім, мы рыхтуемся, мы гатовыя»), але па магчымасці не ўступаць у вайну непасрэдна. Стратэгічная мэта мілітарызацыі – зацісканне грамадства, кіраванне ім праз ваенны прымус, калі ўся краіна становіцца ваенным лагерам. Гэта якраз тая мілітарызацыя, якая не абавязкова азначае падрыхтоўку да вайны. Бо яна больш патрэбна для ўнутранай палітыкі. Пад маркай знешніх пагрозаў лягчэй апраўдваць павелічэнне выдаткаў на сілавыя структуры, пашырэнне паўнамоцтваў войска і спецслужбаў, захаванне атмасферы абложанай крэпасці. І вядома ж, Лукашэнка вымушаны ўлічваць інтарэсы Масквы. Ён не можа цалкам адмовіцца ад ваеннай рыторыкі – бо тады «старэйшы брат» (не той, які ў Пекіне, а той, які ў Маскве) скажа – «Ты з кім? Ты з намі? Ці ты адпятляць хочаш?» І гэта можа прагучаць з не вельмі братэрскай інтанацыяй. Дагэтуль Лукашэнку ўдавалася не пераходзіць тую мяжу, пасля якой беларускія войскі будуць уцягнутыя ў баявыя дзеянні ва Украіне. Але ён разумее, што, не гледзячы на ўсе ягоныя намаганні і палітычны досвед, можа наступіць такі момант (а можа і ніколі на наступіць), калі яму не пакінуць выбару. І ён хоча быць максімальна падрыхтаваным і да такога варыянта. P.S. Гэта маё асабістае меркаваньне. А з Латушкам мы гэтую тэму абмяркоўвалі ў эфіры Студыя Белсат у нядзелю https://www.youtube.com/watch?v=w7qjgOYnYoo&t=2217s

  • “Цыганкоў. Высновы” Думаю, варта распавесьці пра некаторыя творчыя навіны. Апошні год з-за таго, што я паліткарэктна называў “праблема з дакументамі” – я ня меў магчымасьці афіцыйна працаваць у Польшчы. Але ўсё сканчаецца, скончылася і гэта. І цяпер я зноў пачаў афіцыйна працаваць на любімым Белсаце. Дакладней кажучы, вярнуўся. Трэба адзначыць, што і кіраўніцтва і калегі сапраўды нецярпліва чакалі дату майго вяртаньня, абмяркоўвалі і прапаноўвалі розныя праекты з маім удзелам – за што ім вялікі дзякуй. 12-га ліпеня, у нядзелю, я веў Студыю Белсат, якая падсумоўвае вынікі тыдня. Мяркуецца, што я буду стала весьці гэтую праграму, па чарзе разам з іншымі вядучымі – Віталь Бабін і Алесь Залескі. А ўчора выйшла мая аўтарская праграма (ці рубрыка, калі можна так назваць) “Цыганкоў. Высновы”. Я выбіраю нейкую тэму і спрабую яе прааналізаваць, асьвятліць, раскрыць, палемічна выказаць сваё стаўленьне. І потым у жывым эфіры вечаровай “Студыі Белсат” 8 хвілін расказваю гледачам пра свае высновы. Чаму 8 хвілін? Бо гэта мінімум, які патрабуюць пэўныя фарматы і алгарытмы Юцюба. Але я разумею, што 8 хвілін слухаць аднаго чалавека нармальнаму гледачу немагчыма, таму для разрадкі і ўзмацненьня эфекту нейкіх сваіх тэзісаў устаўляю ў праграму відэа-фрагментыкі, мемы з мас-культуры. Першая праграма была пра прапаганду, яе асноўныя прынцыпы і мэты. І там я ўстаўляў рэплікі з Крымінальнага чытва, крык Панікоўскага “Я вас всех продам, куплю, і снова продам, но уже дороже”, словы Міронава з Обыкновенного чуда пра “А кто нынче хорош?” (як сімвал расейскай і беларускай прапаганды) ну, і смешную цытату Азаронка (як без гэтага). Дарэчы, я б хацеў даваць пераважна цытаткі з заходніх фільмаў, але аўтарскія правы не дазваляюць гэта рабіць – толькі да 5 секунд. То бок такая помесь аналітыкі, публіцыстыкі і сарказма) І што мне асабліва падабаецца і што я вельмі цаню – поўная творчая свабода для аўтара. Спасылку на Юцюб даю, паглядзіце, мне цікава любое меркаваньне. Прызнаюся, хваляваўся за прагляды (бо гэта, скажам асцярожна, важная частка ў тэлебачаньні), але першыя гадзіны пасьля выстаўленьня паказваюць, што прагляды, як выглядае, някепскія. Ну і падкіну пару тэзісаў з гэтай маёй праграмы: 1.У філасофскім сэнсе расейская і беларуская прапаганда – гэта свядомая брудная гульня на паніжэнне. На паніжэнне ўзроўню чалавечага ў чалавеку. На паніжэнне ўзроўню сваіх патрабаванняў да жыцця і да людзей. 2.Магу толькі параіць – ніколі не глядзіце прапаганду. Ня трэба! Ні дзеля таго, каб даведацца, што яны там кажуць, ні дзеля таго, каб праведна абурыцца, ні дзеля таго, як пасцябацца, ні дзеля таго, каб здзівіцца з хамства і чалавечай тупасці. Ні дзеля таго, каб эмацыйна кідацца тапкамі ў тэлевізар. Проста – беражыце сваё псіхічнае здароўе, пачытайце добрую кнігу, паразмаўляйце з блізкімі, падыхайце паветрам. Такія вось Высновы Цыганкова) https://www.youtube.com/watch?v=mFobHADRUVw

  • Чаму Лукашэнку патрэбныя мігранты А давайце задумаемся, навошта Лукашэнка ўжо ня першы раз гэтак настойліва кліча мігрантаў у Беларусь. Нават калі гэта эканамічна не надта выгадна -- як паказвае прыклад узбекаў, якім будуць плаціць больш за беларусаў. Узбекскія працоўныя мігранты, якія прыехалі на запрашэнне Лукашэнкі ў Віцебскую вобласць, паскардзіліся ў сацсетках на нізкія заробкі і ўмовы пражывання. І ўжо на наступны дзень з імі заключылі новыя дамовы. Пасля публікацыі відэа ў сацсетках працоўным мігрантам з Узбекістана павялічылі заробак з 500$ да 700$. Згодна з новай дамовай ім дадуць бясплатныя жыллё і абеды, піша узбецкая прэса. «700 даляраў з пражываннем і кармленнем – гэта недасягальная мара для многіх беларусаў на вёсцы», – справядліва пішуць людзі ў каментарах. Сапраўды, 700 даляраў у месяц – гэта медыяльны заробак у Беларусі, але ў рэгіёнах і тым больш на вёсцы гэта даволі вялікая і рэдкая сума. І дарэчы, можна ўявіць, што сёння было б з нейкай групай беларусаў, якія публічна запатрабавалі б справядлівых умоваў працы і падвышэння заробку – відавочна, на іх абрынуліся б рэпрэсіі ў той ці іншай форме. А вось узбекам улада адразу пайшла насустрач і дала ім заробкі, відавочна большыя чым сёння ў беларусаў на вёсцы. Ва ўсіх краінах сэнс прыцягнення мігрантаў у наступным: гэта танная працоўная сіла, яны працуюць там, дзе мясцовыя ня хочуць. Аднак 700 даляраў плюс пражыванне і харчаванне – гэта агулам ніяк не менш за тысячу даляраў. Гэта нашмат болей чым маюць сярэднестатыстычныя беларусы. Значыць, гэта не выгадна толькі чыста эканамічна. І гэта прымушае задумацца, што ў запрашэнні грамадзян Узбекістана ды іншых краінаў працаваць у Беларусь схаваны не толькі эканамічны сэнс. Але – які? Па-першае, улады спрабуюць «любым коштам» закрыць востры дэфіцыт рабочых рук. З Беларусі пасля 2020 года выехалі сотні тысяч працаздольных людзей – і гэта на фоне дэмаграфічнага крызісу. У выніку ў многіх галінах – будаўніцтве, прамысловасці, сельскай гаспадарцы, транспарце – вакансій значна больш, чым ахвотных працаваць. Апошнія тры гады даходы беларусаў растуць (а рэнтабельнасць прадпрыемстваў падае) – пераважна таму, што і дзяржаўныя і прыватныя прадпрыемствы вымушаныя плаціць усё больш тым, «хто застаўся» у Беларусі. Таму нават не такая і танная працоўная сіла з Узбекістана лепш, чым нічога, чым пустыя працоўныя месцы. Па-другое, запрашэннем у Беларусь Лукашэнка кожны раз спрабуе зрабіць прыемнае кіраўнікам азіяцкіх краінаў падчас перамоваў, дзеля спрыяльных палітычных адносінаў з гэтымі дзяржавамі – ня важна, наколькі гэта рэалістычна. Пакістанцаў зваў 150 тысяч, за год даехала пакуль 200 чалавек. Але калі ўжо запрасіў і яны даехалі, як ўзбекі – то прыходзіцца выконваць абяцанні нават насуперак эканамічным рэаліям, даваць ім 1000 даляраў у месяц. Але, напэўна, самае галоўнае -- Лукашэнка ўжо некалькі гадоў займаецца замяшчэннем чалавечага капіталу. Менскі рэжым усё больш настойліва запрашае ў Беларусь працоўных мігрантаў – гэта ўжо можна назваць зацверджанай стратэгіяй, якая ажыццяўляецца намаганнямі ўсёй дзяржаўнай машыны. Яны вырашылі нават не спрабаваць вярнуць тыя сотні тысячаў беларусаў, якія з’ехалі пасля 2020 года -- замест гэтага запрашаць мігрантаў. Мігранты ідэальна пасуюць для існуючай сістэмы. Яны не схільныя ўдзельнічаць у грамадскім і палітычным жыцці краіны. Іх галоўная мэта – зарабіць грошы. Для аўтарытарнай дзяржавы гэта даволі камфортная катэгорыя насельніцтва: не патрабуюць палітычных правоў, не ўдзельнічаюць у выбарах, баяцца ўладу. Таму галоўны сэнс цяперашняй міграцыйнай палітыкі – стабілізацыя існуючай эканамічнай, ды і палітычнай мадэлі

  • 8 июл.8782723

    Дэмаграфічная лічба, якая шмат тлумачыць   Паводле Белстата, сумарны каэфіцыент нараджальнасьці ў Беларусі за апошнія гады ўпаў з 1,534 ў 2017-м да 1,026 у 2025-м. (спасылку на Белстат даю)   На ўсялякі выпадак нагадаю, што мінімальны паказчык, неабходны для аднаўленьня (воспроизводства) насельніцтва – 2.1.     Беларусь увайшла ў Топ-10 краінаў у сьвеце па самым нізкім каэфіцыенце нараджальнасьці. Гэта самы нізкі паказчык у Эўропе, пасьля Мальты (1.01) і ваюючай Украіны (0.99) У 2018 годзе ў Беларусі нарадзілася 87 602 дзяцей, у 2025 -- 54 257 дзяцей. Гэта на 40 працэнтаў менш. Можаце сказаць, падобныя дэмаграфічныя тэндэнцыі адбываюцца ў многіх краінах Еўропы і Ўсходняй Азіі. Так, там нараджальнасьць паступова зьніжаецца -- на некалькі працэнтаў кожны год. Але нідзе няма такога правалу, як у Беларусі, на 40 працэнтаў за 6 гадоў. А Менск увогуле паставіў нейкі гістарычны рэкорд. У 2016-ым у сталіцы нарадзілася 19527 дзяцей, у 2019 – 17601. Так, трошкі зменшылася, на 10 працэнтаў за 3 гады, -- будзем лічыць, “агульныя сусьветныя дэмаграфічныя працэсы”. А ў 2025-м -- 9 543! Зьмяншэньне амаль у 2 разы! Гэта, пэўна, сусьветны рэкорд! Калі яшчэ ў гісторыі, у якім горадзе нараджальнасьць (без вайны, без стыхійных катастроф, без радыкальнага эканамічнага заняпаду) за 6 гадоў зьнізілася амаль у два разы? І як можна патлумачыць такое радыкальнае падзеньне колькасьці народжаных дзяцей? Тлумачэньне магчымае толькі адно. Моладзь пасьля 2020 году паўцякала (вымушаная была паўцякаць) з Беларусі, і асабліва з Менску – у тых маштабах, якія не фіксуюцца афіцыйнай статыстыкай. А якая засталася, катэгарычна адмаўляецца нараджаць. Калі вы недзе ў дыскусіях сустракаеце ботаў, ці прапагандыстаў ці проста прыхільнікаў улады, ня трэба зь імі спрачацца, ня трэба нічога даказваць. Дастаткова прывесьці толькі адзін гэты факт. Беларусь за апошнія 7-8 гадоў абрынулася з сярэднееўрапейскага ўзроўню нараджальнасьці да фактычна першага месца знізу ў Эўропе. “Астравок стабільнасьці”, у якім ніхто ня хоча нараджаць дзяцей https://dataportal.belstat.gov.by/osids/indicator-info/10101200011 гэта Белстат пра каэфіцыент нараджальнасьці https://www.visualcapitalist.com/mapped-europe-birth-rate-collapse/  Статыстыка па Еўропе. Нагадаю, Беларусь – 1.026

  • Украіна памякчае тон у стаўленні да Менску. Дээскалацыя? Прапаную зафіксаваць гэты момант: апошнія заявы Буданава і Зяленскага сьведчаць пра пэўную дээскалацыю на беларуска-украінскім рытарычным фронце. Магчыма, Кіеў задаволены тым, як развівалася гісторыя з рэтранслятарамі, і вырашыў, што на дадзены момант пакуль няма сэнсу і неабходнасьці далей падымаць стаўкі. Магчыма, свае дыпламатычныя намаганні прыклалі эўрапейцы ці кітайцы – гэта я (мы) ня можам ведаць. У любым выпадку, мы бачым (часовую) дээскалацыю, якую, аднак, ніякім чынам нельга лічыць стратэгічнай зменай стаўленьня Кіева да Менску– бо для такой змены няма ніякіх падставаў. Больш падрабязна напісаў у калонцы для Рацыі: “Кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Кірыл Буданаў заявіў, што вайна з Украінай для Беларусі завяршылася б крахам. Адказваючы на пытанне журналіста, ці пачуў Аляксандр Лукашэнка нашы (украінскія) перасцярогі, Буданаў сказаў: «Мяркуючы па ўсім, пачуў. Але ў прынцыпе я больш спакойна ставіўся б да пытання Беларусі… Мець яшчэ аднаго ворага і яшчэ адну зону баявых дзеянняў нам дакладна не выгадна. Тое, што яны нас пачулі – гэта вельмі правільны крок. І трэба ўспрымаць яго менавіта так» – заявіў Буданаў і працягваў: «Я нават не разумею, для чаго ў тэорыі гэта магло б яму быць патрэбна. Вайна з Украінай для іх завершыцца крахам. Таму што з аднаго боку Расея, якая будзе душыць у брацкіх абдымках і задушыць у такіх умовах да канца. І яны гэта цудоўна ведаюць. З іншага боку Украіна, якая, скажам так, нешта можа». Фактычна ў той жа дзень прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв'ю для Financial Times таксама выказаўся на беларускую тэму. Паводле яго слоў, у вайне Расеі супраць Украіны Лукашэнка, у адрозненне ад расейскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна, «цалкам разумее ўсе рызыкі». «Калі ты ведаеш, што вайна не выйграная, і цябе раптам яшчэ больш уцягваюць у гэтую вайну як саюзніка… Што ж, у яго дастаткова здаровага сэнсу, каб зразумець, што яго не варта ў гэта ўцягваць», – лічыць прэзідэнт Украіны. Словы ўкраінскіх палітыкаў можна лічыць прыкметай пэўнага часовага змякчэння рыторыкі, але яны ня могуць азначаць сапраўдную стратэгічную дээскалацыю ў беларуска-ўкраінскіх адносінах. Памятаем, што яшчэ нядаўна афіцыйны Кіеў выкарыстоўваў у дачыненні да Лукашэнкі значна больш жорсткія фармулёўкі, падкрэсліваючы яго адказнасць за выкарыстанне беларускай тэрыторыі для расійскага ўварвання ва Украіну. Цяпер жа Зяленскі фактычна прызнаў, што Лукашэнка не зацікаўлены ў яшчэ больш глыбокім уцягванні Беларусі ў вайну і будзе ўсяляк пазбягаць такога сцэнару. Гэта не азначае, што Кіеў змяніў сваю ацэнку беларускай улады. Хутчэй гэта прызнанне палітычнай рэальнасці. Украіна разумее, што адкрыццё новага фронту з тэрыторыі Беларусі адпавядала б найперш інтарэсам Крамля, а не Менска. І калі Лукашэнка сапраўды спрабуе не дапусціць прамога ўдзелу беларускай арміі ў вайне, то гэта абʼектыўна супадае з інтарэсамі самой Украіны. Кіеў дэманструе, што пакуль усё ж гатовы адрозніваць падтрымку Расеі ад непасрэднага ўдзелу Беларусі ў баявых дзеяннях. Гэта пакідае прастору для мінімальнай камунікацыі і зніжае рызыку выпадковай эскалацыі на беларуска-ўкраінскай мяжы. Аднак галоўныя супярэчнасці нікуды не зніклі. Беларусь застаецца ваенным і палітычным саюзнікам Расеі, на яе тэрыторыі працягвае дзейнічаць расейская ваенная інфраструктура, а Кіеў па-ранейшаму разглядае беларускі напрамак як патэнцыйную крыніцу пагрозы. Украіна ў адказ на спыненне дзейнасці «тых самых» рэтранслятараў на тэрыторыі Беларусі гатовая трошкі змякчыць рыторыку. Але гэта тактычная і магчыма, часовая, змена тону, а не стратэгічны паварот у беларуска-ўкраінскіх адносінах”.

  • 2 июл.802166

    Вяртаць беларусаў альбо запрашаць мігрантаў? Улада выбірае другое, гэта ўжо стратэгія. У мінулым годзе ў Беларусь прыехалі працаваць 48160 іншаземцаў і асоб без грамадзянства, у першым квартале сёлетняга – 16668. Пра гэта падчас круглага стала ў часопісе «Эканоміка Беларусі» паведаміла намесніца начальніка ўпраўлення Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Наталля Кульбіцкая. З 2023 года ў краіне на заканадаўчым узроўні спрошчаны парадак прыцягнення замежнай працоўнай сілы. Наймальніку не трэба атрымліваць дазвол для працаўладкавання іншаземца па прафесіі рабочага або пасады служачага з пераліку дэфіцытных на рынку працы, які штогод зацвярджае Мінпрацы і сацабароны. «Дэфіцытных» – гэта значыць тых, якія доўгі час не займаюцца грамадзянамі краіны. Як вынік, цяпер у краіне ва ўсіх сферах эканомікі занята больш за 35 тысяч прыезджых з-за мяжы. І амаль 80% карыстаюцца спрошчаным парадкам працаўладкавання. Сумесна з Мінпрацы і сацабароны пашыраем пералік дэфіцытных прафесій, прапануем адмяніць спецдазволы, напрыклад, урачам-інтэрнам, бо наймальнікі вельмі зацікаўленыя ў тым, каб да іх ехалі замежнікі, – дапоўніла Наталля Кульбіцкая. На жаль, у гэтага працэсу ёсць і адваротны бок медаля. Ростам попыту на замежную працоўную сілу пачынаюць карыстацца нядобрасумленныя агенцтвы па падборы персаналу, – заявіла чыноўніца. Ціхенька і мала заўважна для шырокай грамадскасці ў Беларусі за апошні час з’явілася даволі шмат працоўных мігрантаў. Тыя 65 тысяч, якія прыехалі ў Беларусь толькі за апошнія 15 месяцаў – гэта на самой справе немалая лічба. З улікам таго, што ў беларускай эканоміцы ўсяго занята каля 4 мільёнаў чалавек. Апошнія месяцы можна назіраць прыкметную змену міграцыйнай палітыкі Беларусі. Калі яшчэ некалькі гадоў таму асноўнымі замежнымі работнікамі былі грамадзяне краін Эўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС), то цяпер улады ўсё больш арыентуюцца на прыцягненне працоўнай сілы з Цэнтральнай і Паўднёвай Азіі, каб кампенсаваць недахоп работнікаў, выкліканы дэмаграфічным спадам і эміграцыяй беларусаў. Для гэтага яны мяняюць заканадаўства і рэгуляцыі, каб максімальна спрасціць мігрантам з далёкіх рэгіёнаў працэс працаўладкавання на беларускім рынку. На першым месцы з вялікім адрывам прадстаўнікі Туркменістану. Туркменістан, Узбекістан, Таджыкістан, Індыя, Непал -- менавіта гэтыя краіны цяпер даюць асноўны прырост працоўнай міграцыі. (Пакістанцы, ня гледзячы на ўсе заявы Лукашэнкі, пакуль у Беларусь не паехалі). Пасля масавай эміграцыі беларусаў у 2020–2024 гадах і абвастрэння дэмаграфічных праблемаў улады сталі значна лягчэй выдаваць дазволы на працу замежнікам і актыўна шукаць рабочую сілу за мяжой. І калі ў 2020 годзе ў Беларусі працавала каля 10 тысяч працоўных мігрантаў, то па вынікаў 2025-га – 35 тысяч, і гэтая колькасьць імкліва расце. Унутраных працоўных рэсурсаў, паводле ацэнак уладаў, ужо недастаткова для патрэб эканомікі. Відавочна, што менскі рэжым будзе ўсё больш настойліва запрашаць у Беларусь працоўных мігрантаў – гэта ўжо можна назваць зацверджанай стратэгіяй. Бо ва ўмовах дэмаграфічнай ямы і недахопу мясцовай працоўнай сілы застаецца два варыянты – альбо ствараць спрыяльныя ўмовы для вяртання тых беларусаў, якія з'ехалі, (у тым ліку адмовіцца ад рэпрэсіяў), альбо запрашаць мігрантаў. Няма сумневаў, што ўлада выбірае другі шлях.

  • Ну, хоць Кітай) — падтрымаў суверэнітэт Беларусі Сёньня быў на Эўрарадыё, дзяліўся сваімі думкамі і ўражаньнямі наконт апошніх падзеяў. Тут некалькі рэмарак. Але вы лепш глядзіце ўсё відэа) 1.Са зьдзіўленьнем і нават нейкім раздражненьнем назіраў на мінулым тыдні фразачкі кшталту «Лу ўцякае з краіны» ня толькі ад ананімных камэнтатараў, але і ад сьпікераў з прозьвішчамі. Я разумею – хайп, але ж трошкі сорамна ўжо такое бачыць. Мала вам 20-га году, калі таксама спадзяваліся, што «улетит вдруг диктатор в голубом вертолёте»? Пара б зразумець, што нікуды ён не ўцячэ. Толькі «наперад нагамі». Праціўніка варта ацэньваць адэкватна, 30 гадоў даволі вялікі тэрмін, каб зрабіць пэўныя абгрунтаваныя высновы.. 2.Наконт беларуска-ўкраінскай вайны і веры некаторых, што яна прынясе вызваленьне. Таварыш Мао ў 1957 годзе на сустрэчы камуністычных партый у Маскве казаў прыкладна наступнае: калі імпэрыялісты разьвяжуць сусьветную вайну і нават загінуць сотні мільёнаў людзей, у выніку імпэрыялізм будзе разьбіты, а ўвесь сьвет стане сацыялістычным. Я разумею, што ўсё гэта ад адчаю, ад жаданьня, каб перамены прыйшлі любым коштам, «хоть тушкой, хоть чучелом». Але – не, варыянт вайны (як я перакананы) не прынясе нічога добрага (пра гэта быў мой папярэдні допіс) 3. Інтэрвію Пуціна расейскаму журналісту Зарубіну – вельмі камічна, у сэнсе формы. Большую частку інтэрвію Пуцін яўна чытае з суфлёра, манатонна пералічваючы назвы населеных пунктаў, указваючы падрабязнасьці ажно да назваў вуліц і нейкага метражу дамоў. Напэўна, хацеў уразіць электарат сваёй выдатнай ФСБшнай памяцьцю. Я не думаю, што атрымалася. 4. Наконт вынікаў сустрэчы Пу і Лу можна рабіць толькі ўскосныя лагічныя высновы, якія вынікаюць з аналізу некаторых папярэдніх выказваньняў і падзеяў. Днямі Лукашэнка заявіў, што сустракаўся ў Менску з украінскімі прадстаўнікамі, не называючы іх. Але ў нядзелю Павел Латушка паведаміў, што гэта быў начальнік Галоўнага ўпраўленьня разьведкі Міністэрства абароны Украіны Алег Івашчанка. Цалкам магчыма, што ўкраінскі бок праз Лукашэнку захацеў перадаць Пуціну нейкія прапановы наконт варыянтаў замірэньня альбо хаця б выкананьня пэўных правілаў падчас баявых дзеяньняў. Гэта пацьвярджаецца тым, што Пуцін адрэагаваў –- у нядзелю ўзгадаў прапанову Украіны ўзаемна спыніць далёкасяжныя ўдары па тылах, і заявіў, што Крэмль на гэта ня пойдзе. Але галоўнае для беларусаў пытаньне, што вырашылі Пуцін і Лукашэнка наконт больш актыўнага ўдзелу ў вайне, ці націскаў Пуцін, ці «супраціўляўся» гэтаму Лукашэнка і наколькі пасьпяхова – пакуль застаецца без адказу. Аднак, ведаючы кіраўніка менскага рэжыму, можна меркаваць, што ён праз колькі дзён у той ці іншай ступені абавязкова распавядзе ў сваёй манеры, пра што дамовіліся (ці не дамовіліся) у Валдаі. У любым выпадку гэтая тэма бліжэйшыя месяцы будзе вісець над намі. Расея, безумоўна, разглядае розныя варыянты эскалацыі, і ўступленьне Беларусі ў вайну – адна з опцыяў. 5. У панядзелак 29-га Лукашэнка наведаў Кітай, дзе сустрэўся з Сі Цзіньпінам. Менск і Пэкін даўно разьвіваюць тое, што называецца «усепагоднае стратэгічнае супрацоўніцтва», хаця яно і нясе калясальны эканамічны дысбалянс на карысьць Кітая. Бо дэфіцыт гандлёвага сальда, перавышэньне кітайскага імпарту над беларускім экспартам, дасягае ўжо 5-6 мільярдаў у год. Аднак Лукашэнка гатовы ісьці на эканамічныя саступкі дзеля палітычнага даху ад Пэкіна, жадаючы, каб Кітай стаў для яго «рэальным старэйшым братам», мацнейшым за Расею. У Кітаі ён шукае абароны як ад Расеі, так і ад Захаду, спадзеючыся, што Пэкін стрымае абодва бакі ад уцягваньня Беларусі ў вайну (Кітаю гэта сапраўдны не патрэбна, бо тады ўзьнікне пагроза транзыту праз Беларусь). Кітай у сваёй заяве падтрымаў захаваньне сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Беларусі, – не ўдакладняючы, аднак, ад каго (Украіны ці Крамля), з пункту гледжаньня Кітая, сыходзіць пагроза гэтаму сувэрэнітэту. https://www.youtube.com/watch?v=5PZR1EAnRlA&t=3s

  • Менск за тры дні? Калі заўтра вайна.. Паспрабую безэмацыйна, наколькі гэта магчыма, прааналізаваць некалькі складнікаў тых наступстваў, якія імаверныя ў выпадку рэальных ваенных дзеянняў паміж Беларуссю і Украінай. (Трэба адзначыць, што на сёння гэты варыянт вельмі малаверагодны, я б яму даў не больш за 20 працэнтаў) 1.Унутрыбеларускія аспекты. 1.а. Эфект «яднання вакол сцяга» – гэта калі ў выпадку пачатку ваенных дзеянняў жыхароў краіны ахопліваюць «патрыятычныя пачуцці» Сусветны вопыт паказвае, што ў пачатку (мінімум першыя месяцы) любых войнаў гэта адбываецца фактычна паўсюль – гэта адбывалася з рускімі, з іранцамі, але і з ізраільцянамі, з амерыканцамі (пасля 11 верасня ў Буша быў самы вялікі рэйтынг у гісторыі назіранняў). Асабліва гэта адназначна адбываецца ў тым выпадку, калі насельніцтва будзе мець падставы ўспрымаць пачатак вайны ў варыянце «яны на нас напалі». Няма падставаў думаць, што беларусы нейкае выключэнне. У выпадку пачатку вайны (асабліва калі Украіна ўдарыць першай) не толькі лаяльныя да Лукашэнкі, але так званыя нейтральныя павернуцца ў бок патрыятызму, абароны сваёй краіны, дзяржавы. І ўспрыняцце тых дэмакратычных сілаў, якія з-за мяжы заявяць, што падтрымліваюць Украіну, стане значна больш негатыўным. 1.б. Калі пачнецца паўнацэнны абмен ударамі – можа быць уведзеная нейкая форма «ваеннага становішча» (не так і важна, як гэта будзе аформлена юрыдычна). У такім выпадку рэпрэсіі 2021-26 гадоў пададуцца кветачкамі на фоне таго, што можа наступіць. Апошнія астаткі правоў чалавека ў Беларусі знікнуць як з'ява. Нават цяжка ўявіць, што можа чакаць людзей, якія хоць неяк будуць западозраныя ў сімпатыях да Украіны, што чакае сваякоў і маёмасць тых беларусаў, якія сёння знаходзяцца за межамі Беларусі і актыўна процістаяць цяперашняму менскаму рэжыму. 2 Адзін з замежнапалітычных аспектаў (усходні) найбольш відавочны. Любыя сурʼёзныя ваенныя дзеянні паміж Беларуссю і Украінай дадуць Расеі права і магчымасць «зайсці ў Беларусь» ваенным чынам. Гэта нават можа быць цалкам легітымна і юрыдычна бездакорна, маючы на ўвазе шматлікія інтэграцыйныя дамовы, якія існуюць паміж двума краінамі. Увядзенне расейскіх войскаў у Беларусь у дапамогу саюзнаму рэжыму супраць «украінскай агрэсіі» можа адбыцца і насуперак жаданню Лукашэнкі – гэта ўжо не той варыянт, калі ён зможа пераконваць Маскву, што «і нам і вам гэта не трэба». 3. Калі каму (акрамя саміх беларусаў) і не патрэбная гэта вайна, дык гэта Польшчы. Бо любыя рэальна разглядаемыя наступствы – толькі негатыўныя для Варшавы. Рускія танкі ў Берасці – што можа быць горш для Польшчы. Таксама – патэнцыйна новая хваля беларускіх уцекачоў. Поўнае закрыццё межаў з краінай, якая рэальна ваюе на баку Расеі, канец усялякіх спробаў нармалізаваць адносіны з Менскам. Нават калі ўявіць нейкі «пераможны» для Украіны варыянт – то такое патэнцыйнае ўзмацненне Украіны ў рэгіёне наўрад ці стратэгічна ўзрадуе Варшаву, асабліва на фоне цяперашніх напружаных адносінаў з Кіевам. 4. Ну і яшчэ адзін не самы відавочны аспект. Каму патрэбна пашырэнне канфлікту? Зараз ваююць паміж сабой Украіна і Расея, а іншыя, у тым ліку Захад і Беларусь, хаця і дапамагаюць сваім саюзнікам, робяць усё, каб у вайну непасрэдна не ўступаць. Расейскія прапагандысты кажуць, што ідзе вайна Расеі з Захадам. Гэта няпраўда, але парадокс у тым, што для Украіны было б выгадна, каб гэта стала рэальнасцю, каб Захад наўпрост падключыўся да вайны з Расеяй. А менавіта гэта можа адбыцца ў выпадку пашырэння канфлікту на тэрыторыю Беларусі. Толькі гэта відавочна не ў інтарэсах не толькі Польшчы, але і ўсяго Еўразвязу. 5.Украіна, безумоўна, адчувае сваю ваенную перавагу перад Менскам – і камусьці ў Кіеве можа прыйсці ў галаву думка – «а чым мы, уласна, рызыкуем?» «Менск за тры дні». Сапраўды, рабіць можна што заўгодна – «калі вас не цікавіць канчатковы вынік». Я ўсё ж спадзяюся, што разуменне негатыўных стратэгічных наступстваў можа перадухіліць магчымыя контрпрадуктыўныя крокі

  • «Сесці за стол перамоваў утраіх – Лукашэнка, Пуцін, Зяленскі» Аляксандр Лукашэнка даў інтэрв'ю тэлеканалу Al Arabiya English і нагаварыў там некалькі даволі важных рэчаў, у пэўным сэнсе раставіўшы новыя акцэнты. Наконт самай гарачай тэмы апошніх месяцаў, ці можа Беларусь уступіць у вайну супраць Украіны, Лукашэнка заявіў: «Мы з Пуціным заўсёды абмяркоўвалі гэтую праблему ў сувязі з тым, што гэтая праблема заўсёды існавала ў сродках масавай інфармацыі. І я вам шчыра кажу, даслоўна магу сказаць, што мне сказаў прэзідэнт Расеі: «Мы разумеем, што ўступленне Беларусі ў нейкай якасці ў вайну, у канфлікт непрымальна, гэта будзе больш шкоды, чым карысці». І далей дадаў, што Украіне абсалютна няма чаго баяцца з боку Беларусі. Многія СМІ найперш адзначылі цытату, дзе Лукашэнка папрасіў у прэзідэнта Ўкраіны Зяленскага прабачэння за свае ранейшыя рэзкія выказванні. Мы бачым, як ужо не першы раз Лукашэнка відавочна імкнецца паказаць, што не хоча прамой вайны з Украінай і зацікаўлены ў захаванні хоць нейкіх каналаў камунікацыі з Кіевам. Прабачэнне добра ўпісваецца ў гэтую лінію. Вядома, гэта ніякае не палітычнае пакаянне і не разварот у бок Украіны, а спроба змякчыць асабісты канфлікт з Зяленскім і адначасова чарговы раз выразна падкрэсліць, што Беларусь не хоча адкрыцця новага фронту і прамой вайны з Украінай. (Дарэчы, не магу не стрымацца ад адной рэплікі. Тэкст за тэкстам, эфір за эфірам я кажу, што Лукашэнка не ўступае і не ўступіць добраахвотна ў вайну, бо ён, відаць, даказвае Пуціну, што гэта ня толькі яму, але і самой Расеі прынясе толькі шкоду. І цяпер бачу, як сам Лукашэнка гаворыць пра гэта літаральна такімі ж словамі)) Усе інтэрв’ю падкрэслівае тэндэнцыю апошніх месцаў – афіцыйны Менск імкнецца пашырыць прастору для манеўру, і нават не столькі для «зараз», але на будучыню. Лукашэнка разумее, што вайна ва Украіне не будзе доўжыцца вечна і што рана ці позна (а магчыма, ужо гэтай восенню) пачнецца актыўнае «прымушэнне да міру» і пошук новай архітэктуры бяспекі ва Усходняй Еўропе. У гэтай сітуацыі Менску хочацца не выглядаць выключна васалам Крамля, а захаваць магчымасць для дыялогу з рознымі бакамі. Лукашэнка (пакуль) не мяняе саюзніка, але ўжо відавочна хоча, каб у пасляваеннай рэальнасці ў яго заставалася больш магчымасцяў для манеўру, чым сёння. У гэтым сэнсе варта працытаваць словы Лукашэнкі з інтэрвʼю, якія, відаць, адлюстроўваюць ягоную галоўную, хаця і мала рэалістычную мару – «мы, тры славянскіх народы, будзем расхлёбваць гэтыя наступствы… Сесці за стол перамоваў утраіх – Лукашэнка, Пуцін, Зяленскі – і дамовіцца, як мы будзем пераадольваць наступствы гэтага канфлікту». І не магу чарговы раз не адзначыць фірменны стыль Лукашэнкі – гаварыць тое, што можа спадабацца суразмоўцу. Узгадваючы першыя дні агрэсіі, калі расейскія войскі былі каля Кіева, Лукашэнка заявіў, што тут умяшаліся замежныя сілы і ўгаварылі Пуціна не працягваць наступ. І хто ж гэта былі? Ватыкан і яўрэйскае лобі. Каго ж яшчэ можна абвінаваціць у паразе Расеі ў інтэрвʼю арабскаму тэлеканалу? Канешне, каталікоў і яўрэяў)

  • Справа ЕГУ як новая якасьць рэпрэсіяў Прызнаюся, у мяне склалася ўражаньне, што мы ўсе зьвярнулі недастаткова аналітычнай і інфармацыйнай увагі на ператрусы і допыты па справе ЕГУ. Між тым, гэта сьведчыць пра нейкую новую якасную стадыю і форму рэпрэсіяў, калі караюць ужо не за канкрэтныя дзеянні, і нават не за прыналежнасць да нейкай арганізацыі, а проста за факт атрымання вышэйшай адукацыі за мяжой Беларусі. Я напісаў пра гэта ў калонцы для Рацыі: “Беларускія ўлады істотна ўзмацнілі ціск на студэнтаў, выпускнікоў і выкладчыкаў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту пасля таго, як у красавіку 2026 года Вярхоўны суд прызнаў ЕГУ «экстрэмісцкай арганізацыяй». Пасля гэтага пачаліся ператрусы, допыты і звальненні людзей, звязаных з універсітэтам. Паводле праваабаронцаў, ужо вядома больш чым пра 40 такіх выпадкаў. Аднак варта разумець, што ў беларускай рэальнасці іх можа быць значна больш, бо многія баяцца паведамляць пра ціск. Крымінальная справа ўзбуджаная па артыкулах аб садзейнічанні і фінансаванні «экстрэмісцкай дзейнасці». Асаблівую ўвагу сілавікі надаюць пытанню, хто аплачваў навучанне студэнтаў ЕГУ. Гэта адкрывае магчымасць для пераследу людзей, якія на працягу апошніх дзесяці гадоў аплачвалі навучанне сваіх дзяцей або сваякоў ва ўніверсітэце. Пад патэнцыйную пагрозу могуць трапіць не толькі самі студэнты, але і іх бацькі, родныя і іншыя асобы, якія ўдзельнічалі ў фінансаванні навучання. Так што тэарэтычна колькасць патэнцыйных фігурантаў можа вылічацца нават тысячамі, бо, па некаторых ацэнках, за апошнія дзесяць гадоў у ЕГУ вучыліся каля пяці тысяч грамадзян Беларусі. ЕГУ даўно ўспрымаецца афіцыйным Менскам не проста як абстрактны еўрапейскі ўніверсітэт, а як адзін з цэнтраў незалежнай адукацыі, пэўны сімвал беларускай альтэрнатыўнай інтэлектуальнай і грамадзянскай прасторы, не падкантрольнай дзяржаве. Пасля падзей 2020 года менскі рэжым паслядоўна імкнецца ліквідаваць або запалохаць любыя асяродкі, дзе могуць захоўвацца незалежныя сувязі паміж людзьмі. Выпускнікі і студэнты ЕГУ – гэта нефармальная сетка актыўных, адукаваных людзей з міжнароднымі кантактамі. З пункту гледжання сілавікоў такая супольнасць можа ўспрымацца як патэнцыйная крыніца нелаяльнасці. Таксама трэба ўлічваць і замежнапалітычны аспект. ЕГУ знаходзіцца ў Літве і атрымлівае падтрымку заходніх партнёраў. Таму крыміналізацыя супрацоўніцтва з універсітэтам можа разглядацца і як элемент ціску на Вільню, з якой Менск мае напружаныя адносіны і шэраг нявырашаных пытанняў. Справа ЕГУ дэманструе, што пад увагу дзяржавы могуць трапіць не толькі ўдзельнікі пратэстаў або палітычныя актывісты, але і людзі, якія шмат гадоў таму проста атрымлівалі адукацыю ў незалежнай установе. Такім чынам пашыраюцца межы таго, што ўлады лічаць дапушчальным для пераследу. На самой справе, гэта кардынальная змена, радыкальнае пашырэнне маштабу і юрыдычнай прасторы для рэпрэсіяў. Цяпер улады ўспрымаюць як пагрозу і «экстрэмізм» тыя супольнасці і арганізацыі, якія раней не разглядаліся як палітычна небяспечныя. І цяпер караюць ужо не за канкрэтныя дзеянні, і нават не за прыналежнасць да нейкай арганізацыі, а проста за факт атрымання вышэйшай адукацыі за мяжой Беларусі”

  • 7 июн.933304

    Хто такія дурні і ці стала іх больш? Як і многія з вас, я не раз задумваўся, хто ж такія дурні. Сам я ніколі нікога так не называў – па-першае, з-за сваёй надзвычайна ветлівасьці і цярпімасьці да розных людзкіх праяваў), па-другое, з-за таго, што гэтай зьяве вельмі цяжка даць адназначнае дакладнае тлумачэньне. У пэўны момант мне здавалася, што самае рацыянальнае вызначэньне наступнае: дурні – гэта людзі, якія не разумеюць прычынна-выніковыя сувязі. То бок не здольныя бачыць і прагназаваць наступствы сваіх дзеяньняў. Так сказаць, чэхаўскі «Злоумышленник». Але гэта не дае дакладнага тлумачэньня. Бо часам чалавек акрамя чыстай логікі, рацыянальнасьці – кіруецца таксама каштоўнасьцямі і маральлю. Напрыклад, чалавек выдатна разумее, што з ім можа быць, калі ён пойдзе на вайну. Але ён усё роўна ідзе, паколькі тутперамагае не толькі рацыянальная матывацыя – каштоўнасьці, абавязкі, мараль і гэтак далей. І вось некалькі гадоў назад я прачытаў тлумачэньне, якое мне максымальна спадабалася, якое, на маю думку, вычарпальна тлумачыць феномен «дурасьці» у паводзінах. (Зараз пагугліў – гэта было выкладзена ў кнізе італьянскага гісторыка і эканаміста Карла Чыпола «Фундамэнтальныя законы чалавечага глупства» яшчэ ў 1976 годзе, але кніга стала шырока вядомай толькі зараз)) Дык вось, паводле Чыпола ёсьць 4 асноўныя тыпы людзей (у гэтым аспэкце) Разумныя – робяць тое, што прыносіць карысьць і ім самім і іншым людзям Бандыты – дзейнічаюць з выгадай для сябе, але насуперак інтарэсам іншых. Наіўныя – прыносяць карысьць іншым, але шкодзяць сабе. І нарэшце, дурні – сваімі дзеяньнямі наносяць страты і шкоду як сабе, так і іншым. Дурні непрадказальныя, разумным людзям цяжка зразумець прычыны іх паводзінаў. Дурні будуць псаваць жыцьцё сабе і іншым без усялякіх прычынаў, без усялякай выгады для сябе, у самыя непрадказальныя моманты. Мы суцэльна бачым вакол сабе дзеяньні розных людзей, якія робяць дурасьці без усялякай для сябе карысьці, проста ад таго, што, відаць, ёсьць у гэтым нейкая глыбінная патрэба. Можа быць, так закладзена іхняя жыцьцёвая праграма. Можа, у гэтым іх пасконны сэнс жыцьця. Калі я гляджу на некаторыя рэчы, якія адбываюцца ў нашай заходняй цывілізацыі, то я бачу толькі два матыва і тлумачэньня Першы – нянавісьць да гэтай цывілізацыі і жаданьне яе разбурыць. Другое, проста дурні. Ня ведаюць, што і навошта робяць. (У гэтым месцы допісу была вялікая частка з пералікам тых зьяваў, якія я лічу выключна праявай дурасьці. Але я яе выкінуў, бо любы канкрэтны прыклад будзе нараджаць спрэчкі і адводзіць ад галоўнага тэзіса) Той аўтар кнігі – Чапола – пісаў, што гістарычна працэнт дурняў у папуляцыях заўсёды аднолькавы. Проста ў моманты, калі ў грамадзтве пашыраюцца праблемы і яно пачынаюць кепска функцыянаваць, іншыя тыпы людзей дазваляюць дурням станавіцца больш актыўнымі, выходзіць на першы план і ўчыняць больш сваіх шкодных дзеяньняў. А цяпер падумайце, чаму менавіта зараз кніга Чаполы стала раптам папулярнай? І ў многіх з нас ёсьць моцнае ўражаньне, што дураты становіцца ўсё больш. Чаму? Дакладнага адказу няма. Але ў мяне ёсьць версія. Проста людзям на Захадзе даволі даўно жывецца даволі добра. І некаторым зь іх (пераважна з крэатыўнага класа, з тых, каму ня трэба змагацца за кавалак хлеба) сумна і нават сорамна ад таго, што ім добра жывецца. І яны пачынаюць прыдумляць, якую б праблемы яшчэ вынайсьці, што б такога яшчэ прыдумаць, каб пагоршыць жыцьцё і сабе і людзям вакол. Бо дэвіз дурня – «Сам нармальна не жыву, і іншым не дам!» Бо дурні ж.

  • 28 мая845235

    Пра “прагматыкаў” і “непрымірымых” У вечнай дыскусіі апошніх гадоў – вы за «ціск» альбо за «дыялог» – якая чарговы раз абвастрылася апошнія дні, хачу падсвяціць некалькі (як мне падаецца, не самых відавочных) нюансаў. 1.Геапалітычны аспект. Страшны геапалітычны кашмар для ЗША – пэўны саюз ці хаця б даволі моцнае палітычнае і энергетычнае супрацоўніцтва паміж Расеяй і Германіяй. Таму ад моманту развалу камуністычнай сістэмы амерыканцы моцна падтрымліваюць дзяржавы паміж Расеяй і Германіяй: краіны Балтыі, Польшчу, Чэхію, Славакію і Украіну. Адпаведна, апошнія 30 гадоў гэта самыя праамерыканскія краіны ў Еўропе. Калі б Беларусь далучылася да гэтага ланцуга, было б яшчэ лепш для стрымлівання Германіі і Расеі, і адпавядала б геапалітычным інтарэсам ЗША. 2. Канстатуем, што ў апазіцыі сфармаваліся два меркаванні: за працяг ціску і за выхад на перамовы. І так неяк атрымалася, што найбольш рэзанансна за «перамовы» выступаюць людзі, якія на дадзены момант знаходзяцца ў Германіі, і маюць там добрыя сувязі сярод нямецкіх палітыкаў. Таксама канстатуем, што палітыка Германіі ў Беларусі заўсёды адрознівалася ад палітыкі, напрыклад, Польшчы. Ганс-Георг Вік сапраўды ў канцы 1990-х раіў беларускім дэмакратам арыентавацца на дэмакратычную Расею. Менавіта Меркель сярод усіх заходніх лідараў мела найдаўжэйшы мядовы месяц з Пуціным. Сёння на фоне агрэсіі Расеі ніякага прарасейскага сантыменту ў мэйнстрымнай нямецкай палітыцы ня можа існаваць. Але пасля заканчэння вайны ён можа з’явіцца – дакладней, ён абавязкова зноў з’явіцца. 3.Не сакрэт, што апазіцыйныя лідары так ці іначай, у пэўнай ступені (бачыце, я падбіраю асцярожныя фармулёўкі) арыентуюцца на пазіцыі заходніх партнёраў. І на сёння абодва падыходы – ціск ці дыялог – знаходзяць там водгук. Проста ў розных заходніх палітыкаў, і ў розных прапорцыях. 4.Логіка прыхільнікаў «дыялогу» паволі паслядоўная – яны лічаць, што рэжым Лукашэнкі цяпер ніяк не зменіш, таму для дабра Беларусі трэба не змагацца з ім, а рабіць так, каб рэжым змякчаўся і дапусціў паляпшэнне жыцця беларусаў (вызваленне палітвязняў, візы, транспарт, і так далей). Такая стаўка, з іх гледзішча, выглядае прагматычнай і рэалістычнай на фоне «непрымірымых», якіх «дыяложнікі» называюць цьвёрдалобымі, «людзьмі ў белым паліто», альбо рамантыкамі, што не ўлічваюць рэальнасць. Маўляў, рэжым зноў уваходзіць у традыцыйны цыкл памякчэння і нармалізацыі адносінаў з Захадам – а вы не разумееце гэты трэнд, таму можаце ў яго не ўпісацца, і вылецець на ўзбочыну. На што ім адказваюць – не, рэжым настолькі моцна змяніўся (юрыдычна, ідэалагічна, практычна), што ўжо проста не можа істотна «лібералізавацца». 5. (І галоўнае) Праблемка, аднак, у тым, што стаўка на тое, што «рэжым непахісны і будзе стаяць яшчэ 20 гадоў, а таму трэба з ім дамаўляцца» – можа нечакана і радыкальна праваліцца з-за непрадказальных падзей у Расеі ці на фронце ці ўвогуле (новы аспект) з-за беларуска-украінскага сутыкнення. У такім выпадку прыхільнікі перамоваў акажуцца палітычна прайграўшымі, іх будуць успрымаць як здраднікаў, а пераможцамі выйдуць тыя, хто радыкальна ставіўся да рэжыму. З іншага боку, калі сітуацыя будзе заставацца нязменнай, папулярнасць ідэі перамоваў і адмены санкцыяў будзе расці. Па-першае, гэта падтрымлваецца большасцю людзей унутры Беларусі, гэта факт. Па-другое, – «вось санкцыі не працуюць, давайце паспрабуем нешта новае». Аднак на самой справе гэта новае (дыялог і перамовы) – добра забытае старое, бо было ўжо некалькі разоў у сучаснай беларускай гісторыі. І «старая апазіцыя» (у адрозненні ад дзяцей 2020 года) бачыла гэтыя цыклы паміж дыялогам і санкцыямі, перажыла іх на сябе, і не моцна пабачыла стратэгічна апраўданых пазітыўных вынікаў. Так што, хто тут больш «прагматык» – цяжка сказаць

  • 26 мая698205

    Кіеў гуляе супраць Лу. І супраць Трампа? Візіт Ціханоўскай у Кіеў і сустрэчы там на найвышэйшым узроўні можна назваць, па-першае, вялікім палітычных поспехам каманды Ціханоўскай, а па-другое, красамоўным сведчаннем сённяшняга стаўлення Украіны да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны адносіны паміж украінскімі палітыкамі і беларускімі дэмакратычнымі сіламі былі складанымі. У Кіеве многія глядзелі на Беларусь перш за ўсё як на тэрыторыю, адкуль ішоў наступ расейскіх войскаў, на офіс Ціханоўскай – як на структуру, якая надта доўга вызначалася з геапалітычнай арыентацыяй, а на беларусаў – як на людзей, якія нічым не запярэчылі агрэсіі з тэрыторыі іх краіны (хаця гэта і не адпавядала рэчаіснасьці). Сённяшняя сустрэча азначае, што Кіеў нарэшце вызначыўся: паміж беларускім грамадствам і беларускім рэжымам ва ўкраінскім бачанні ёсць розніца. Тое, што беларускія дэмакратычныя сілы і грамадскасць даказвалі ўсе гэтыя гады вайны – нарэшце было зафіксавана на афіцыйным узроўні: Украіна ўсё ж аддзяляе рэжым Лукашэнкі ад усіх беларусаў. Адначасова гэты візіт -- элемент псіхалагічнага і палітычнага ціску персанальна на Аляксандра Лукашэнку. Мы назіраем, што Кіеў усё больш рэзка выказваецца на адрас афіцыйнага Менску і асабіста Лукашэнкі, Украіна апошнія паўгады змяніла сваё стратэгічнае стаўленне да менскага рэжыму. І выклікана гэта было ў тым ліку заканамернай рэакцыяй на дзеянні Беларусі – размяшчэнне ядзернай зброі, размяшчэнне «Арэшніка», сустрэча Лукашэнкі з кіраўніком акупаванай Расеяй тэрыторыі, павелічэнне працы беларускай прамысловасці на расейскую ваенку, цяпер яшчэ і ядзерныя вучэнні 19-21 мая – усё гэта, мякка кажучы, неаднаразовыя недружалюбныя крокі афіцыйнай Беларусі ў бок Украіны. У 2022–2023 гадах ва Украіне з нейкіх загадкавых прычынаў яшчэ існавала надзея, што Лукашэнка будзе трымацца хаця б у межах «неўцягвання». Але цяпер у Кіеве ўсё менш вераць у яго здольнасць або жаданне дыстанцыявацца ад Крамля і ягоную магчымасць не выканаць загад Масквы, калі такі паступіць. Днямі і Зяленскі і іншыя ўкраінскія афіцыйныя асобы выдалі даволі выразныя папярэджанні Менску: калі беларуская тэрыторыя зноў будзе выкарыстана як плацдарм для наступу на Кіеў або іншыя рэгіёны Украіны, Беларусь на гэты раз ужо не будзе ўспрымацца проста як нявінны «саўдзельнік», а стане самым сапраўдным удзельнікам і адпаведна, легітымнай цэллю для ўдару ў адказ з боку Украіны. А яшчэ ў мяне ёсьць уражаньне – даволі суб’ектыўнае, бо адназначна даказаць яго не магчыма – што рэзкай гульнёй супраць Лукашэнкі Кіеў адначасова ўскосна гуляе супраць Трампа.

  • 25 мая829377

    Каго заклікала "долбить" Калесьнікава? У 2020-м годзе галоўным лозунгам Калесьнікавай было «долбить, долбить, долбить». З улікам таго, што яна кажа зараз – «У 2020 годзе я змагалася не супраць Лукашэнкі, я змагалася за людзей, за свабоду, за свабодныя выбары..». – хацелася б ведаць, а каго ж яна заклікала «долбить». І я тут не пра перамену пазыцыі – дапусьцім, любы чалавек мае на гэта права. Абодва падыходы, пра якія зараз ідуць гарачыя спрэчкі – працягваць ціск да перамогі ці ісьці на «перамовы» – маюць свае аргументы, свае каштоўнасьці, свае канчатковыя мэты, і маюць права на існаваньне. Я пра ацэнку мінулага, якое дзіўным чынам мяняецца ў адпаведнасьці з сёньняшняй пазыцыяй. Уся дзейнасьць Калесьнікавай у 2020 годзе, усе яе выступы на мітынгах, інтэрвію былі накіраваныя супраць Лукашэнкі і ягонай сістэмы. І ўсе сотні тысяч людзей выходзілі на вуліцы менавіта супраць Лукашэнкі і несправядлівасьці, а не за нейкі вобраз Беларусі будучыні. Калі б тады нехта стаў прапаноўваць свой канкрэтны вобраз будучыні, то колькасьць пратэстоўцаў адразу паменшылася б у тры-пяць-дзесяць разоў. Бо на вуліцы выходзілі вельмі розныя людзі, з самымі рознымі палітычнымі і геапалітычнымі каштоўнасьцямі. І гэтак шмат было людзей выключна таму, што лозунг быў самы просты – супраць Лукашэнкі і злачынстваў ягонага рэжыму. Так што тады, летам 2020 усе змагаліся – і Марыя Калесьнікава ў першых шэрагах – менавіта супраць Лукашэнкі, супраць скрадзеных Лукашэнкам выбараў, і ўчыненых Лукашэнкам зьверстваў. І Марыя заклікала дзяўбсьці, долбить менавіта гэта. Бывае такое ў гісторыі, што людзі пачынаюць па-рознаму ацэньваць нават свае ўласныя дзеяньні. Як, напрыклад, расейскія ура-патрыёты разам з дэмакратамі ў жніўні 1991 года выходзілі абараняць Белы Дом ад путчыстаў, а потым сталі каяцца – "ой, мы не тое мелі на ўвазе". Ці беларускія дэпутаты Вярхоўнага Савета – у сьнежні 1991 усе, акрамя аднаго, (і яшчэ былі тыя, хто не галасаваў) прагаласавалі за “развал Саюза”, а потым, асабліва ў 1994-ым, падчас прэзідэнцкай кампаніі, многія сталі “каяцца” і казаць, што “нас падманулі”. Марыя Калесьнікава мае права думаць што заўгодна, у тым ліку і пра свае дзеяньні. Але ня трэба спрабаваць перапісваць гісторыю – пад свае сёньняшнія ўстаноўкі.

  • 22 мая697251

    Ці магчыма раптам памяняць перакананьні? Назіраючы за людзьмі, прыходзіш да перакананьня, што часам самыя зацятыя і гарачыя прыхільнікі нейкіх ідэяў – гэта тыя, хто ў свой час кардынальна памянялі свае погляды. Так бы мовіць, «перабежчыкі» (без негатыву)) Нярэдка самыя актыўныя “прагрэсісты” – тыя, хто калісьці быў “кансерватарам” і “звычайным” – а цяпер ім адкрылася сьвятая паліткарэктная ісьціна. Часам самыя зацятыя пурысты і “рэфарматары” беларускай мовы – неафіты, якія толькі нядаўна і пакуль яшчэ не надта добра ёй авалодалі. (Памятаю, калі я ў канцы 80-х далучыўся да менскай адраджэнцкай моладзі, там ужываліся такія словы як гаўбец (балкон), біра (піва). Абы не па-расейску) Сярод самых зацятых ненавісьнікаў Расеі – шмат людзей, якія яшчэ не так даўно былі пад поўным уплывам расейскай прапаганды, і зараз усім нам даказваюць, як яны актыўна выціскаюць з сябе раба рускага наратыва. Сярод самых адданых і нават адмарожаных лукашысцкіх прапагандыстаў – тыя, хто калісьці быў у БНФ і “нацыяналістам”: Дзермант, Шпакоўскі, Шаўцоў. Але калі чалавек глыбока разбіраўся ў нейкай тэме, перш чым сфармаваць сваё стаўленьне да яе – то проста ня можа раптам развярнуцца на 180 градусаў. Бо гэта будзе адмаўленьнем самога сябе. Калі ты сфармаваў свае погляды і каштоўнасьці -- не таму, што так прынята ў грамадзтве альбо ў тваім асяроддзі, не таму, што “усе вакол так думаюць”, а таму, што ты сам доўга вывучаў, разважаў і ў выніку прыйшоў да нейкіх прынцыповых высноваў (правільных ці няправільных, але яны твае ўласныя) – то наўрад ці ў цябе зьявіцца нагода і жаданьне разварочвацца ў іншы бок. Калі, умоўна кажучы, я казаў пра Расею стратэгічна прыблізна тое самае і ў 1992, і ў 1996-м, і зараз – то мне не патрэбны 2022 год, каб раптам нешта новае пра Расею “усьвядоміць”. Калі я крытыкаваў Лу ўжо 1994-м, і ўсё пра сутнасьць і характар рэжыму сказаў у тэксце “Права на ганьбу” ў 1995-м, то мне ня трэба лішні раз даказваць сваё нязменнае негатыўнае стаўленьне, я нават выношу гэта за дужкі, каб яно не перашкаджала спакойнаму палітычнаму аналізу і ацэнкам падзеяў. Разам з тым, я ніколі не выказваюся пра тэмы, у якіх я пакуль не выпрацаваў канчатковы падыход, маю пэўныя сумневы. Напрыклад, пра валоданьне зброяй, ці падаткаабкладаньне звышбагатых. Гадоў 20 пра гэта думаю, чытаю, разважаю -- але пакуль не прыйшоў да нейкай адназначнай пазіцыі. А пакуль не прыйшоў – то і не выказваюся. Але калі выкажуся… то як гэта будзе магчыма -- радыкальна развярнуць меркаваньне, над якім разважаў 20 гадоў? А зацятасьць “перабежчыкаў” псіхалагічна зразумелая – кампенсатарскі механізм. Сваім цяперашнім радыкалізмам даказаць, што ты парваў з “праклятым мінулым”, адрокся ад яго. Даказаць, што твой апошні паварот – менавіта самы правільны, адзіна магчымы і на гэты раз ужо назаўсёды

  • 21 мая601122

    Чаму Лукашэнка не спыняе рэпрэсіі Сёння беларусы свету адзначаюць Дзень салідарнасці з палітвязнямі, у гадавіну смерці Вітольда Ашурка. У росквіце "застою", у 1980-х, да пачатка «Перабудовы», у СССР было каля 800 палітвязняў. Большасць з іх былі ўкраінцы, асуджаныя за так званы «украінскі нацыяналізм». Прытым паводле сённяшніх крытэрыяў не ўсе з гэтага спісу былі б афіцыйна прызнаныя палітвязнямі. Давайце параўнаем і задумаемся. У 290-мільённай аўтарытарнай краіне было 800 палітвязняў. У сённяшняй 9 мільённай Беларусі – яшчэ год таму было нашмат болей, каля паўтары тысячы. І нават сёння пасля некалькіх хваляў вызваленняў, застаецца каля 800 прызнаных праваабаронцамі палітычных зняволеных – хаця ў рэальнасці іх безумоўна, нашмат болей. Так што па ступені рэпрэсіўнасці менскі рэжым далёка абагнаў позні Савецкі Саюз, які амерыканскі прэзідэнт Рональд Рэйган назваў «імперыяй зла». Часам задаюцца пытанні – навошта Лукашэнка працягвае палітычныя рэпрэсіі, калі ў сённяшняй сітуацыі ніякія масавыя пратэсты ўнутры Беларусі не выглядаюць магчымымі. Для Лукашэнкі палітычныя рэпрэсіі – гэта не толькі ягоная псіхалагічная рэакцыя на пратэсты 2020 года, але адзіна надзейны спосаб утрымання сістэмы ўлады. Задача рэпрэсій – не толькі пакараць канкрэтных людзей, але і стварыць атмасферу страху, у якой людзі пазбягаюць любой не ўхваленай уладамі палітычнай актыўнасці. Другі матыў – кантроль над наменклатурай, дзяржаўным апаратам. Рэпрэсіі як для «звычайных грамадзян», так і для людзей з пэўнай пасадай павінны дэманстраваць чыноўнікам, сілавікам і бізнесу, што сістэма чакае безумоўнай і поўнай лаяльнасці. У аўтарытарных рэжымах гэта важна: страх пакарання павінен працаваць не толькі на апазіцыю, але і на падпарадкаванне ўнутры самой вертыкалі. Акрамя таго, рэпрэсіі паступова сталі часткай новай ідэалогіі дзяржавы. Лаяльнасць разумеецца ўжо не толькі як адсутнасць супраціву, а ўсё больш як актыўная і публічная падтрымка. Пры гэтым улада, у адрозненні ад некаторых публіцыстаў, бачыць, што «рэпрэсіі працуюць», то бок прыносяць неабходны вынік: пасля 2020–2021 гадоў масавыя вулічныя пратэсты ў Беларусі сапраўды былі задаўленыя. У выніку эвалюцыі рэжыму для Лукашэнкі рэпрэсіі сталі не часовай мерай, а сталым механізмам стабілізацыі сістэмы, якая ўсё больш абапіраецца менавіта на кантроль і прымус. Аптымістычныя публіцысты ў 2020 годзе казалі нам, што «мы ўжо перамаглі» і што на «штыках доўга сядзець нельга». Аказалася – можна. Пры гэтым я не лічу на ўсе 100 працэнтаў адназначнай распаўсюджаную думку, што «пры гэтым рэжыме масавыя рэпрэсіі будуць заўсёды». Не выключаная такая сітуацыя, калі плюсы ад нармальных адносінаў з Захадам, зняцця санкцыяй, прыходу інвестыцыяў будуць настолькі прывабнымі, што пераважаць іншыя матывы. Аднак праблемка ў тым, што масавыя рэпрэсіі асабліва не патрэбныя, калі ёсць электаральная падтрымка, калі ёсць рэйтынгі. Калі гэтага няма – тады аслабленне рэпрэсіяў становіцца фактарам рызыкі. Таму нават у нейкім аптымістычным варыянце -- спыніць рэпрэсіўную машыну, развярнуць дзяржаўны апарат у бок «лібералізацыі» зараз уладам нават пры іх жаданні будзе нашмат больш складана, чым гэта было раней, напрыклад, у 2015 годзе.

  • Лукашэнка слухае толькі ЗША Некалькі назіранняў і высноваў з нагоды вызвалення Анджэя Пачобута 1.Выглядае, што без умяшаньня ЗША беларуска-польскія перамовы наконт Пачобута, якія так доўга працягваліся і неаднаразова зрываліся (пра што распавёў міністр-каардынатар спецыяльных службаў Польшчы Томаш Сямоняк), маглі б і далей зрывацца – пакуль не ўмяшаліся ЗША. Заўважце, як заявіла Белта, «адпраўным пунктам да арганізацыі перамоваў паслужыў зварот да Аляксандра Лукашэнкі асобных лідараў дружалюбных нам краін». І калі Коўл 28 красавіка сустрэўся ў Варшаве з польскімі палітыкамі – стала ясна, што штосьці набліжаецца, і гэта «штосьці» верагодна звязана з Пачобутам. Уцягнутасць Коўла стала пэўнай гарантыяй таго, што на гэты раз не сарвецца. 2.Афіцыйны Менск не дабіўся таго, чаго жадаў. Любыя перамовы – гэта знаходжанне нечага сярэдняга паміж мінімумам і максімумам, паміж столлю і падлогай. Пажаданым максімумам для беларускага рэжыму, пра што неаднаразова праз розных людзей намякаў Менск, – каб у Беларусь прыехаў Сікорскі і забраў Пачобута. То бок, каб адбыўся нейкі візіт польскага высокапастаўленага чыноўніка, пажадана міністра. Гэтага так і не здарылася, палякі на гэта не пайшлі. Гэта было б моцным ударам па ўсіх папярэдніх пазіцыях як і Польшчы, так і Еўразвязу. 3.У любых размовах з Масквой Лукашэнка прадставіць гэтую здзелку як вялікую дапамогу з яго боку Расеі. «Глядзіце, мы вызвалілі расейскага грамадзяніна, і расейскіх агентаў – вось мы як дзеля вас стараемся». Так што калі нехта ў Расеі будзе наязджаць на Лукашэнку за шуры-муры з Захадам, з Амерыкай, ён адкажа: «Так глядзіце, я ж гэтымі шуры-мурамі на самой справе толькі Расеі дапамагаю. Я ж дзеля Расеі працую». То бок гэтым ён стварае сабе алібі, што вось супрацоўніцтва (ну ці, скажам, нейкі дыялог) з Захадам на самой справе патрэбны не толькі яму, а ён увесь час не забывае пра інтарэсы Расеі. 4. Праз пару тыдняў у Беларусь прыедзе Коўл – а гэта азначае, што будуць новыя вызваленні. Зрываў тут пакуль не было. Справа ідзе да вызвалення большасці палітвязняў. Таму Лукашэнка спяшаўся наконт Пачобута, бо не хацеў аддаваць такі козыр «за бясплатна», у агульнай масе. Пачобут стаяў асобным пунктам, паколькі ён быў патрэбны Польшчы. Таму Лукашэнка рашыў, што паколькі ўсё ідзе да вызвалення большасці палітвязняў, то трэба паспець за гэтага канкрэтнага палітвязня атрымаць як мага больш. Таму здзелка адбылася. 5. Курс на шуры-муры (ужыву гэта слова, каб не ўжываць больш канкрэтныя словы, якія будуць не дакладнымі і справядліва выклічуць пярэчанні – «нармалізацыя», «дыялог») з Захадам – гэта зараз для Лукашэнкі не выпадковасць, а хутчэй, неабходнасць. Ён бачыць, што адбываецца ў Расеі і з Расеяй, як гараць расейскія гарады, і, можа, лепш за саміх рускіх разумее, да чаго гэта ўсё ідзе. І рыхтуецца. Ягоная стратэгічная задача – вярнуць у нейкай ступені «шматвектарнасць» і пры гэтым не дапусціць ніякіх зменаў ва ўнутранай палітыцы. Адпаведна, задачай Захаду павінна быць – любы крок да «дыялога» звязваць менавіта з такімі зменамі, з спыненнем рэпрэсіяў як мінімум. https://www.youtube.com/watch?v=OavcJAODdVY