філалабайкі беларускія
Статистикасфоткай нібыта мовазнаўца ёсць бот для сувязі: https://t.me/ololo_philolo_bot
- Последний пост
- 7 авг.
- Последнее чтение
- 15 авг.
- Постов за неделю
- 0
- Всего постов
- 20
- Тип
- открытый
- Язык
- белорусский
- В каталоге с
- 12 авг.
- 1/24сутки в ленте
- 172
- 1/48двое суток
- 197
- 1/72трое суток
- 212
Оценка по просмотрам недавних постов: пост набирает почти всё за первые сутки.
Посты
без подписи
без подписи
без подписи
без подписи
без подписи
без подписи
#alala_каляндар Першая кніга Францыска Скарыны — Псалтыр — была надрукавана роўна 509 год таму, 6 жніўня 1517 года. Калісьці пра яе была байка, але сёння Філалош прапануе іншае. Імаверна, сярод чытачоў ёсць тыя, каму дагэтуль не выпала нагоды пачытаць Скарынаўскі Псалтыр. І таксама ёсць тыя, хто ў яго можа і зазіраў, але неяк не адолеў аўтарскую арфаграфію пачатку XVI стагоддзя. Варта гэта выправіць! Таму тут у карцінках 22 Псалом. У ім няма нейкіх неверагодных лінгвістычных асаблівасцяў — проста ён адначасова караценькі і вельмі значны. На кожнай карцінцы фрагмент з Псалтыра 509-гадовай даўніны з падсвечаным вершам, а таксама два пераклады: царкоўнаславянскі з Лізавецінскай Бібліі 1751 года (у рускай арфаграфіі) і беларускі пераклад Васіля Сёмухі (запісаны тарашкевіцай). Верш Пс 22:5 знаходзіцца на мяжы дзвюх старонак, таму яго давялося разбіць на дзве часткі.
#alala_факт Старашведская мова — гэта мова ўкраінскай вёскі Старашведскае. *** У 1781 годзе каля тысячы шведскіх сялян вырушылі з вострава Дага — зараз ён належыць Эстоніі і называецца Хіюмаа. Яны накіроўваліся ў стэпы сучаснай Херсонскай вобласці Украіны. Адправіцца ў цяжкае падарожжа іх падштурхнулі канфлікт са шведскімі памешчыкамі і абяцанні расійскіх уладаў перадаць вялікія надзелы на новых пустых тэрыторыях, якія былі далучаны да Расійскай імперыі падчас руска-турэцкіх войнаў. Падарожнікі спыніліся на зімоўку ў Рэшацілаўцы, а да месца прызначэння дабраліся толькі вясной 1782 года. Легенда кажа, што аднымі з першых слоў перасяленцаў былі «Nu vära ve rätt narrander!» — «Нас сапраўды ашукалі!» Землі Херсоншчыны не былі падрыхтаваныя да жыцця: напрыклад, у стэпе відавочна складана здабываць драўніну, што значна ўскладніла будаўніцтва. Людзі былі вымушаныя жыць у зямлянках. Цяжкі шлях і дрэнныя ўмовы жыцця прывялі да вялікай колькасці ахвяраў: падчас пераходу і ў першыя месяцы пасля перасялення памерлі сотні шведаў, а вясной 1783 года ў жывых засталося менш за 150 чалавек. Тым не менш, яны здолелі заснаваць паселішча, якое першапачаткова фігуравала ў дакументах як Шведская калонія. Праз некалькі гадоў у гэтыя ж землі пачалі прыязджаць іншыя перасяленцы, пераважна немцы з Данцыга — сучаснага польскага горада Гданьска. Яны ўтварылі ўласныя паселішчы: Шлангендорф, Мюльгаўзендорф і Кластэрдорф. Шведскую ж вёску называлі Alt-Schwedendorf, то-бок «Старашведская вёска» — імаверна, падкрэсліваючы, што яна з'явілася ў гэтых землях раней за нямецкія. Аналагічна пабудаваныя шведская назва «Gammalsvenskby» і ўкраінская «село Старошведське». Жыхары Старашведскай вёскі стварылі суполку, якая захоўвала шведскую культуру і мову, але развівалася асобна ад іншых шведаў. У ізаляцыі дыялекты могуць набываць адрозненні ад іншых дыялектаў — як гэта адбылося, напрыклад, з рускай мовай у Нінільчыку на Алясцы. Такім чынам, на беразе Дняпра на поўдні Украіны сфарміраваўся дыялект шведскай мовы, які называюць старашведскім. Сёння Старашведскае з'яўляецца часткай вёскі Змееўка, якая была ўтворана аб'яднаннем шведскага і нямецкіх паселішчаў. У ёй працягвае захоўвацца шведская культура, а ў 2008 годзе вёску нават наведаў шведскі кароль. Але стан старашведскай мовы вельмі ўразлівы: у пачатку 2010-х гадоў колькасць носьбітаў дыялекту прынамсі ў якой-небудзь ступені не перавышала 20 чалавек, большасць з якіх — пажылыя жанчыны. Артыкул 2024 года, напісаны пасля вызвалення Змееўкі ад расійскай арміі, паведамляе, што ў вёсцы заставалася каля трыццаці чалавек, якія ў той ці іншай ступені размаўлялі па-шведску, але толькі адна жанчына карысталася менавіта старашведскім дыялектам.
#alala_alala Як вы тут, сумавалі па філалабайках?
#alala_байка У мове паўмары, на якой гаворыць аднайменны паўднёваамерыканскі народ, існуюць дзве паралельныя сістэмы родаў. Першая ўмоўна дзеліць назоўнікі на словы мужчынскага і жаночага роду. Умоўна, бо да мужчынскага роду адносяцца мужчыны, самцы буйных жывёл, нябесныя целы, большасць рэптылій, рыб і насякомых, усе малюскі, а таксама дождж і туман. Да жаночага, адпаведна, жанчыны, самкі жывёл, часткі цела і раслін, большасць штучна створаных прадметаў, многія амфібіі, а яшчэ неба, возера і пляж. Птушкі і культурныя расліны падзелены паміж родамі прыкладна пароўну. Карацей, схема сваёй туманнасцю вельмі нагадвае беларускую. Словы, якія дапасуюцца да назоўнікаў паводле роду, звычайна атрымліваюць суфікс з галосным -i- у форме жаночага роду і з галосным -a- у форме мужчынскага роду. Другая катэгорыя падзяляе словы на класы ka і не-ka. Назвы тлумачацца проста: для дапасавання да назоўнікаў першага класа патрэбны прэфікс ka-, а для назоўнікаў другога класа ён не патрэбны. Прынцып падзелу слоў на класы яшчэ больш туманны, чым падзел на роды: напрыклад, у ka-клас трапляюць унутраныя часткі носа і вуха, але знешнія не трапляюць; буйныя часткі цела — рука і нага, але не пальцы на іх; вялікія плоскія рэчы і жывёлы: вясло, вясёлка, рачны востраў, чарапаха і яшчарка. Абазначэнні людзей заўсёды не-ka. Змена паводле родаў і змена паводле класаў — два цалкам розныя працэсы. Напрыклад, словы ў множным ліку не патрабуюць дапасавання паводле роду, але працягваюць дапасоўвацца паводле класа. Падобны да азначальнага артыкля займеннік ada «гэты» змяняецца толькі паводле родаў, а дзеясловы стану, наадварот, толькі паводле класаў. Лічэбнік hoara «адзін» скланяецца паводле абедзвюх прыкмет: * kaira ka-hoara-ni — адзін плод гуаявы, ka-клас, жаночы род; * ka'si ka-hoara-na — адзін кракадзіл, ka-клас, мужчынскі род; * jomahi hoara-ni — адзін ягуар, не-ka-клас, жаночы род; * kavina hoara-na — адна малпа-равун, не-ka-клас, мужчынскі род. Спражэнне дзеясловаў мовы паўмары — асобная дзівосная гісторыя. Возьмем прыклад: Ida ojoro-ra ka-karaga-'a-ha ada makhira — «чарапаху знайшоў мужчына». * ida / ada — згаданы раней указальны займеннік, які змяняецца паводле родаў: ida — «гэтая», ada — «гэты». * ojora — чарапаха, тут у жаночым родзе, належыць да ka-класа. Суфікс -ra — маркер ускоснага склону: маўляў, гэта чалавек знайшоў чарапаху, а не наадварот. * makhira — мужчына, адносіцца да не-ka-класа і мужчынскага роду. Пакуль што маем: ida ojoro-ra — «гэтую чарапаху»; ada makhira — «гэты мужчына». І застаецца самае цікавае, ka-karaga-'a-ha — дзеяслоў «знайсці». Прыстаўка ka- паказвае на дапасаванне да ka-класа, а суфікс 'a-ha — да мужчынскага роду. То-бок, у гэтым сказе дзеяслоў дапасуецца да мужчыны паводле роду, але да чарапахі — паводле класа. *** Асноўная крыніца: * Alexandra Aikhenvald. Gender, noun class and language obsolescence: The case of Paumarí
#alala_alala Роўна праз паўгода, 14 лістапада, будзе прыгожы лінгвістычны юбілей: 100 год з пачатку Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі — вялікага мовазнаўчага фэсту і сапраўднай культурнай падзеі. Туды з'ехалася значная колькасць беларускіх мовазнаўцаў, а таксама замежных спецыялістаў, у тым ліку аўтар этымалагічнага слоўніка Макс Фасмер. Пра канферэнцыю пісалі ў перадавых артыкулах газет, а ўдзельнікі між чынам наведалі адкрыццё Другога Беларускага дзяржаўнага тэатра ў Магілёве. Філалош марыў аб тым, каб арганізаваць нейкую падзею з нагоды стагоддзя канферэнцыі — можа нешта накшталт Мінскага фестывалю моў. На жаль, часу засталося зусім няшмат, а рашучасці ўзяцца за нейкую справу не хапае...
#alala_факт Lingulina belorussica — гэта не беларуская мова, а навуковая назва аднаго выкапнёвага аднаклетачнага арганізма юрскага перыяду.
#alala_факт Буры мядзведзь мае навуковую назву Ursus arctos. Яна складаецца з двух слоў «мядзведзь»: лацінскага і грэчаскага нашчадкаў праіндаеўрапейскага *h₂ŕ̥tḱos.
#alala_байка На зямлі жыве велізарнае мноства розных відаў істот, і кожны від мусіць атрымаць унікальную навуковую назву. Пераважная большасць назваў, канешне, строгія і сур'ёзныя, але час ад часу даследчыкі-біёлагі вырашаюць пажартаваць. *** Аўстралійская аса Aha ha уваходзіць у род Aha. Энтымолаг Арнольд Менке апісаў гэты род вос у артыкуле з красамоўнай назвай «Aha, a new genus of Australian Sphecidae». Ён прызнаваўся, што калі б яму давялося апісаць яшчэ адзін род вос, ён бы абраў назву Ohno — каб стварыць публікацыю «Ohno, another new genus of Australian Sphecidae». *** Ааміцэты — гэта арганізмы накшталт водарасцяў. Адзін з відаў ааміцэтаў называецца Bremia krungthepmahanakhonamonrattanakosinmahintharayuthayamahadilokphopnoppharatratchathaniburiromudomratchaniwetmahasathanamonpimanawatansathitsakkathattiyawitsanukamprasitnonopsis. Гэтае вельмі доўгае слова пабудавана ад поўнай назвы горада Бангкок: «Крунг Тхэп Маханатхон Амон Ратанакасін Махінтхара Аютхая Махадылок Пхоп Нопхарат Ратчантхані Бурыём Удамратчанівет Махасатхан Амон Пітан Аватан Сатхіт Сакатхатыя Вітсанукан Прасіт». Напрыканцы выкарыстаны суфікс -nonopsis, які мае значэнне «непадобны на». То-бок гэты ааміцэт не выглядае як горад Бангкок — хто бы мог падумаць. *** Другі ааміцэт віду Bremia называецца Bremia o. Гэтыя два Bremia атрымалі свае назвы 28 снежня 2025 года, а з 1 студзеня 2026 пачало дзейнічаць правіла, згодна з якім кожнае слова ў назве новых відаў мусіць мець даўжыню ад 2 да 30 літар. *** Да адкрыцця непадобнага на Бангкок ааміцэта самае доўгае імя насіў від бактэрый Myxococcus llanfairpwllgwyngyllgogerychwyrndrobwllllantysiliogogogochensis, названы ў гонар іншага цікавага тапоніма, валійскай вёскі Лланвайрпуллгуінгіллгогерыхуірндробуллллантысіліогогогох. *** Сярод павукоў роду Funny ёсць від Funny valentine. *** Ва В'етнаме жывуць мухі-цакатухі. Назву Mucha tzokotucha атрымаў від двухкрылых насякомых, адкрыты ў 1992 годзе. Важна, што род Mucha не мае дачынення да звычайных мух — тыя па-лацінску называюцца Musca. Пазней вучоныя знайшлі яшчэ некалькі відаў насякомых таго ж роду Mucha: Mucha yunnanensis, напрыклад. *** Некаторыя віды істот адсылаюць да тых ці іншых культурных з'яў, напрыклад брэндаў і выдуманых персанажаў: * сярод чарвякоў роду Zygonemertes ёсць Zygonemertes cocacola; * порысты грыб Spongiforma squarepantsii названы ў гонар губкі Боба з квадратнымі штанамі. * да роду Ameronothrus належаць у тым ліку кляшчы Ameronothrus twitter і Ameronothrus retweet; * павук Hotwheels sisyphus названы ў гонар лялечных машынак Hot Wheels (а яшчэ — Сізіфа); * від мурашак Proceratium google быў знойдзены ў 2005 годзе; * зніклая жывёла Bulbasaurus phylloxyron не з'яўлялася пакемонам; * шмат таксонаў спасылаюцца на франшызу Зорных войнаў, у тым ліку двухкрылае насякомае Meoneura artoodetoo, названае ў гонар робата R2-D2, і выкапнёвы трылабіт Han Solo; * адно вымерлае млекакормячае мае назву Roberthoffstetteria nationalgeographica. *** Парнакапытная жывёла нільгаў з паўднёва-ўсходняй Азіі мае навуковую назву Boselaphus tragocamelus. Пры гэтым Boselaphus пабудавана з лацінскага bos «карова, бык» і грэчаскага ἔλαφος «алень», а tragocamelus — з грэчаскіх τράγος «казёл» і κάμηλος «вярблюд». *** На астравах у Ціхім акіяне жывуць маленькія папугаі Vini. Гэта таіцянскае слова, якім называлі птушак мясцовыя жыхары. Але да роду належыць і вымерлы папугай Vini vidivici, назва якога адсылае да выказвання Юлія Цэзара. *** Апошнім у гэтым спісе будзе род марскіх арганізмаў Zyzzyzus. Ён увогуле даволі часта аказваецца апошнім...
#alala_факт У санскрыце ёсць слова रक्षस् /rákṣas/ са значэннем «шкода, урон». З ім звязаныя назва злых індуісцкіх дэманаў — ракшасы, а таксама слова «урон» /rašah/ у авесційскай мове — мове свяшчэнных тэкстаў зараастрызму. Гэта слова нагадвае санскрыцкае ऋक्ष /ṛ́kṣa/ «мядзведзь», якое паходзіць ад праіндаеўрапейскага *h₂ŕ̥tḱos. Існуе гіпотэза, што само *h₂ŕ̥tḱos утворана менавіта ад кораня са значэннем «разбураць» з дапамогай суфікса *-os. У такім выпадку праіндаеўрапейская назва мядзведзя магла азначаць «разбуральнік». Гэта выглядае як іншасказанне, як апісанне жывёлы. То-бок, магчыма, гэта таксама эўфемізм: замена нейкай яшчэ больш старажытнай, «сапраўднай» праіндаеўрапейскай назвы мядзведзя…
#alala_байка Калі з *h₂ŕtḱos не магло атрымацца праславянскага *orxъ, то лагічна спытаць — а што атрымацца магло? Нажаль, Філалошу не вядома акадэмічнай крыніцы, якая б падрабязна адказвала на такое пытанне. Таму Філалош паспрабаваў правесці ўласную аматарскую рэканструкцыю беларускага нашчадка слова *h₂ŕtḱos. Атрымалася даволі доўгая і складаная байка: нібыта ўся гісторыя філалабаек была падрыхтоўкай да гэтага тэксту. https://telegra.ph/U-poshukah-belaruskaga-myadzvedzya-04-30
#alala_байка У лінгвістыцы ёсць фанетычны закон, які завецца правілам рукі. Па-англійску так сама: ruki rule. Закон насамрэч не датычыцца рук ці іншых канечнасцяў. Гэта фанетычная змена ў славянскіх мовах, вядомая яшчэ пад назвай закон Педэрсена. Згодна з ёй, у праславянскай мове зычны гук /s/ пасля гукаў /r/, /u/, /k/ і /i/ пераходзіў у /x/, калі за ім не ішоў глухі выбухны /p/, /t/ ці /k/. Вось гэты інвентар /r/, /u/, /k/, /i/ зафіксаваны ў імені закону. Індаеўрапейскі корань *pers «пырскаць» даў праславянскае *porxъ — усялякія пырскі, мелкія кавалкі, пыл. Потым з гэтага *porxъ атрымаліся ўсходнеславянскае поўнагалоснае порах і паўднёваславянскае непоўнагалоснае прах, а таксама перхаць і пароша (з больш познім пераходам /х/ -> /ш/). Этымалогія слоў пырскаць і пырскі не вельмі празрыстая: ці то ад *pers таксама, ці то ад чагосьці іншага. Але ў любым выпадку перахода /s/ -> /x/ у іх бы не чакалася, бо пасля /s/ ідзе /k/. У германскіх мовах закон Педэрсана не дзейнічаў, затое дзейнічаў закон Грыма, таму з *pers атрымаўся старанарвежскі fors. Потым у ісландскай мове /r/ перайшоў у /s/, што дала foss «вадаспад». Недарма назвы амаль усіх ісландскіх вадаспадаў заканчваюцца на -foss: Дэтыфос, Х'яўльпарфос, Гадафос... Вось яшчэ прыклады ўплыву правіла рукі: * Муха — ад кораня *mus. У біялогіі род мух завецца лацінскім словам musca, якое паходзіць ад таго ж кораня. * Вуха — сваяк латышскага auss, літоўскага ausis, албанскага vesh. Таксама тут і старажытнагрэчаскае οὖς /ус/. Дарэчы, ва ўскосных склонах яно мела аснову з /t/: ὠτός /отос/, і менавіта ад яго пайшла назва вушной хваробы атыт, а таксама першая частка доўгага слова отарыналарынголаг. * Беларуская блыха — літоўская blusà, латышская blusa. * Мох — сваяк англійскага moss. Імаверна, першая частка слова mushroom таксама адсюль, бо грыбы часта растуць у моху.
#alala_факт У ЗША красавік — месяц гісторыі культуры Глухіх, бо 15 красавіка 1817 года адкрылася першая амерыканская дзяржаўная школа для глухіх, а 8 красавіка 1864 на падставе адной з такіх школ запрацаваў Галадзецкі каледж. Зараз гэта Галадзецкі ўніверсітэт — вышэйшая навучальная ўстанова, цалкам арыентаваная на людзей з асаблівасцямі слыху. З нагоды месяца гісторыі культуры Глухіх кампанія Дысней разам з тэатрам Deaf West Theatre падрыхтавала апрацоўку некалькіх музычных нумароў са сваіх мультфільмаў: героі атрымаюць новую анімацыю і будуць спяваць на амслэне — амерыканскай жэставай мове. Пабачыць у новым выкананні можна будзе песні «The Next Right Thing» з мультфільма «Халоднае сэрца 2», «We Don’t Talk About Bruno» з «Энканта» і «Beyond» з «Маана 2». Прэм'ера чакаецца 27 красавіка, але асобныя ўрыўкі даступныя ўжо зараз. https://www.youtube.com/watch?v=oLwOmxNxCsE https://www.youtube.com/watch?v=BfeOxf4Hln8 https://www.youtube.com/watch?v=80PVeROO0Ug
#alala_этымалогія Праіндаеўрапейскае слова *h₂ŕ̥tḱos-мядзведзь пакінула не так ужо і мала слядоў. Гэта не толькі грэчаскі άρκτος і лацінскі ursus з нашчадкамі: французскім ours, іспанскім oso і румынскім urs. З таго ж слова паходзяць армянскі արջ /ардж/, албанскі ari, валійскі arth, асецінскі арс (гэта кірыліца), hirč у мове народу рома, хецкі 𒄯𒁖𒂵𒀸 /ḫartaggaš/, таджыкскі хирс... Выглядае, што паклікаць мядзведзя баяліся толькі германцы, славяне ды балты. То-бок, у часы індаеўрапейскай агульнасці слова *h₂ŕ̥tḱos не пазбягалі, і замена зыходнай назвы на «той, што есць мёд», «той, што карычневы» ці «той, што топча» адбывалася ў мовах-нашчадках: прагерманскай, праславянскай і прабалцкай. Можа здарыцца, што табуяванае слова сышло са штодзённага ўжывання, але захавалася ў нейкіх устойлівых канструкцыях — напрыклад, тапонімах ці імёнах фальклорных герояў. Уявіце: вучоныя высветлілі, што вымаўленне слова мядзведзь сапраўды прыносіць непрыемную сустрэчу са злым галодным мядзведзем, таму замест яго беларусы дамовіліся казаць таптач. Праз некаторы час людзі ўжо і забылі, як там раней называлі таго таптача — але ў Мінску засталіся транспартныя прыпынкі Мядзвежына. Гэтая назва вельмі б дапамагла лінгвістам альтэрнатыўнай будучыні аднавіць зніклае слова! Мовазнаўца-іраніст Васіль Абаеў лічыў, што праіндаеўрапейскі *h₂ŕ̥tḱos мог бы перайсці ў праславянскі *orxъ, ці *roxъ пасля метатэзы плаўных. Далей ён згадвае праславянскі суфікс -ja, які дазваляў будаваць новыя назоўнікі ад існуючых слоў. Напрыклад, менавіта праз так былі ўтвораны словы гушча ад густы, суша ад сухі, душа ад дух... Чаргаванне зычных тлумачыцца больш познімі фанетычнымі з'явамі ў праславянскай мове: першай палаталізацыяй і першай ётацыяй. Адпаведна таму, як праславянская *duša утворана ад праславянскага *duxъ, так і з *orxъ / *roxъ магло б выйсці *orša ці *roša з нейкім «каля-мядзведжым» значэннем. І як мы ведаем, ёсць такі горад Орша, які ў старажытных летапісах завецца Ръша. Васіль Абаеў робіць вынік, што Орша — гэта вось Мядзвежына і ёсць. *** Агульнапрынятай этымалогіі назвы горада Орша не існуе. Орша стаіць на рацэ Аршыцы, а назву ракі выводзяць і з балцкіх моў, і з фіна-ўгорскіх, і ад кораня іржавы. Што датычыцца гіпотэзы Абаева, то яна не мае шырокай падтрымкі, бо, падаецца, з *h₂ŕ̥tḱos усё ж такі не магло атрымацца праславянскага *orxъ.
#alala_каляндар Аднакарэннае бабру слова bear — гэта вынік табу. Сярод старажытных еўрапейцаў была распаўсюджана думка, што калі называць мядзведзя яго сапраўднай назвай, ён пачуе: ці то нападзе, ці то схаваецца ад паляўнічых. Таму мядзведзь пераўтварыўся ў таго-каго-нельга-называць: замест звычайнага слова выкарыстоўвалася бяспечная замена: карычневая істота. Табу выконвалася так адказна, што з часам зыходнае слова цалкам знікла з лексікону. Славянская назва мядзведзь — таксама іншасказанне: той, хто есць мёд. Лічыцца, што першапачатковай індаеўрапейскай назвай мядзведзя было *h₂ŕ̥tḱos — з яго ўтварыліся лацінскае ursus і грэчаскае άρκτος, вядомае нам па слову Арктыка. *** Філалош чарговы раз вяртаецца да мядзведзя на дзень нараджэння Філалабаек, бо менавіта пра *h₂ŕ̥tḱos і табу была напісана першая байка роўна 12 год таму — 14 красавіка 2014 года.