Андрэй Хадановіч
Статистика- Последний пост
- 14 авг.
- Последнее чтение
- 15 авг.
- Постов за неделю
- 6
- Всего постов
- 23
- Тип
- открытый
- Язык
- белорусский
- Категория
- Видео (по похожим)
- В каталоге с
- 12 авг.
- 1/24сутки в ленте
- 70
- 1/48двое суток
- 80
- 1/72трое суток
- 86
Оценка по просмотрам недавних постов: пост набирает почти всё за первые сутки.
Посты
Кругасьветласьць Яблыкі сьпелых зор падаюць з Дрэва Сусьвету, анікому ня бачныя сярод белага летняга дня. Абмінаючы пляжы зямлі, бо там ім няма дзе ўпасьці, тонуць у хвалях. І прарастаюць на дне Балтыйскага Неба садамі новых сусьветаў.
Русалка Русалкі ў Балтыйскім моры пяюць у царкоўным хоры, бо храм з усімі званамі аднойчы змыла цунамі – і ўсе пад вадой далей жывуць, ад граху далей. Найлепшыя вучаніцы, хаваюць хвасты ў спадніцы. Старанна вучаць урокі, як зьняць з тапельцаў сурокі, балады аб Сьвіцязянцы на земна-воднай трасянцы равуць, як тыя сірэны, і хор выходзіць нядрэнны. Гарэлкі ня п’юць і віна. …Ды ўсё сапсавала адна. Аднойчы бачыць здаля: матросік упаў з карабля. У форме краіны НАТО прыгожы, а без – аж занадта. Схапіць – і да мамы з татам. Але куды нам, хвастатым! Трапеча сэрца, як птах. …А хлопец – увесь у хвастах. (Працяг у камэнтары)
Зацьменьне сонца "Арфэй, не глядзі на сонца", - раіў Гамэр. - "Калісь я глядзеў, а яно мне... За гэта і вып'ем!" Напой быў нябесны, гекзамэтр булькаў у горле, і пасьля сёмай гадзіны з хвілінамі ў сонца паэзіі здарылася зацьменьне. Арфэй абразы пісаў лесьбійскім паэткам. (Назаўтра патрэ палімпсэсты і прыйдзе ў прыват выбачацца.) Пытаў Эўрыдыку: "Ты мяне паважаеш?" Задзёр галаву і крычаў Ікару: "Я паэт, а ты пралятаеш!" (Ікар, разабраўшы крыло, заляпіў вушы воскам.) Абражаны на ўвесь сьвет, быў пайшоў у краіну ценяў, але наастачу зь цікавасьці азірнуўся на неба - і ператварыўся ў сонечны слуп. Яшчэ цікавей з Гамэрам. Падпіты небажыхар зусім не глядзеў па баках - і трапіў пад Пэрсеіды. Падобна, абодва ня вернуцца на зямлю...
Летняя алімпіяда 1 Пара пэнсіянэраў на лавачцы каля пляжа дзеліць надвое аўсяныя тры пячэнькі. Ніхто ня хоча браць апошнюю. Перамагае чайка. 2 Маленькі хлопчык хваліўся дзяўчынцы, што першы даплыве да Швэцыі. Вылецеў з мора куляй. Перамагла мэдуза. 3 Вялікае чырвонае сонца павісла на валейбольнай сетцы і ўпала на бок ночы. Дзень перамог.
Чэслаў Мілаш СЭНС – Калі я памру, я ўбачу падшэўку сьвету. Зь іншага боку, за птахам, гарою й заходам сонца. Сапраўдныя знакі, што прагнуць, каб іх расчыталі. І зробіцца слушным усё, што было няслушным. І зробіцца ўцямным усё, што было няўцямным. – А калі няма ніякай падшэўкі сьвету? Калі дрозд на галіне – гэта зусім ня сымбаль, Проста дрозд на галіне, а дзень і ноч Настаюць па чарзе і ня дбаюць пра сэнс, І нічога няма на зямлі, апроч гэтай зямлі? Калі нават і так, усё адно застанецца Слова, абуджанае ў нетрывалых вуснах, Што бяжыць і бяжыць, нястомны пасланьнік, У міжзорных палёх, у вірох галяктык, І крычыць, і гукае, і пратэстуе. 1991
Першы беларускі палітык, за якога я галасаваў, якога падтрымліваў, стаяў тры дні на "Плошчы Каліноўскага" - і ні разу пра гэта не пашкадаваў. Аляксандр Мілінкевіч. Высокі ўзор прыстойнасьці, чалавечнасьці і мудрасьці. Яго сыход - вялікая страта для ўсёй Беларусі. Сьветлая памяць і шчырыя спачуваньні родным і блізкім...
Добра чытаецца на падлозе ў набітым цягніку. Нават на сваё можа натхніць ) САД Дурное сэрца стукае аб рэбры. Грукоча памяць яблыкамі ў садзе. Падлетак у табе чытае Брэдбэры ў нязробленым пакуль што перакладзе. “Малая Ленка стала свалачугай, – гаворыць Славік, сам не падарунак. – Хацеў паціскаць, а яна мне пугай”. А ты маўчыш пра першы пацалунак. Уночы зь неба падаюць сусьветы, як прывіды на роварах бяз колаў. На яблынях у садзе сьпеюць веды, што зваляцца табе і ёй на голаў. Пагрозы шлюць суседзкія гамэры, ды крочыць на сьвятло прыгожы самы стары сюжэт паперадзе паперы, нікім яшчэ да вас не напісаны. Сьпявалі камары: “Дурны, рабі ўсё!” І сад шумеў прыбоем нетутэйшым. Злаваўся Славік і някепска біўся, калі прыйшоў з брацельнікам старэйшым. Гузак пад вокам – ідэальны вынік. Адлупіць і ўсё выбачыць бабуля. Сусед-фатограф завядзе гадзіньнік і з аб’ектыва вылеціць зязюля. Дзіцячы твар вандроўнага сюжэта шчасьлівым лёсам выпадзе з альбома. Навобмацак малюеш колер лета. І лета надыходзіць па-любому.
НА БЕРАЗЕ ВОЛІ Лета на беразе Волі. Да ранку нямнога. Стужачка сонца, а потым — яшчэ, і яшчэ. Воля ня ловіцца ў рукі разьліку зямнога. Хваля ня ловіцца ў рэкі, бо сонцам цячэ. Хваля мацнее — і сьвет на вачах маладзее, юны прачнуўся — і сьлёз не хавае стары, сонца ўстае — і прыходзіць у горад надзея, дзень надыходзіць — і страх пакідае двары. Двор упадае ў завулак, завулак у вуліцу, вуліца сквэрам, праспэктам і плошчам нясе вестку, што самае чэрствае сэрца расчуліцца і ў немагчымую праўду павераць усе. Сонца прыходзіць да ўсіх, не пакрыўдзіць ніводнага, — і ператворыцца кожны, каго ні вазьмі, кволы заплаканы раб у героя свабоднага, людзі ў народ, а народ — застанецца людзьмі. Памяць герояў сьвятлом ахінаюць нябёсы — сонечнай стужкай, гарачаю сьцежкай крыві. Скрадзены голас вяртаецца ў хор шматгалосы. Лета на беразе Волі. Бяры і плыві. Жнівень 2020 З Днём Годнасьці, дарагія!
4 жніўня 1944 - на чацьверты дзень варшаўскага паўстаньня - ад кулі нацысцкага снайпэра загінуў вялікі паэт Кшыштаф Каміль Бачыньскі. Яму было 23 гады. Сьнежная песьня жаўнера Падае сьнег, як голуб цішы, на выспу-горад. Белы шум навакольля вочы лашчыць і коле. Занядбаны ўжо, занядбаны кожны з тых, каго так кахалі: здані паннаў, ветру фантаны, сон аленя ў азёрнай хвалі. Зацугляны агнём і крыжам сьпеў абшараў, готыка шыбаў – занядбаных позіркам хіжым кветак, цмокаў, зіхоткіх рыбаў. Занядбаная кроў сьляпая, што кіпела сьцюжай любоўнай. Чарналесьсе хмар наступае сьнегавою жалобнай воўнай. Занядбаны і ўжо забыты (сьнег на вочы – позьняй пяшчотай), чуеш сьпінай крокі нябыту, што за намі – белаю ротай. 14.01.1944 (пераклад з польскай мой)
Прыём! Сёлета таксама ва Ўроцлаве! Пачынаем прыём заявак на PRADMOVA-2026! Фестываль інтэлектуальнай кнігі завітае ва Уроцлаў, Вільню, Прагу і Варшаву. Тэма сезона – «Чужая Бацькаўшчына». PRADMOVA – гэта супольнасць вакол беларускай культуры, кнігі і свабоднага абмену ідэямі. Таму мы зноў запрашаем аўтараў і аўтарак, даследчыкаў і даследчыц, перакладчыкаў і перакладчыц, выдаўцоў і выдаўчынь, рэдактараў і рэдактарак, мастакоў і мастачак, куратараў і куратарак, а таксама культурныя ініцыятывы, арганізацыі і незалежныя праекты далучыцца да стварэння фестывальнай праграмы. Сёлета сустракаемся: 📍 Уроцлаў – 2-4 кастрычніка 📍 Вільня – 16-18 кастрычніка 📍 Прага – 30 кастрычніка - 1 лістапада 📍 Варшава – 13-15 лістапада Падавайце дыскусіі, прэзентацыі, лекцыі, чытанні, паказы, майстар-класы, перформансы, міждысцыплінарныя праекты і іншыя фарматы. Прыём заявак да 17 жніўня, 23:59 CEST. Перад падачай уважліва азнаёмцеся з правіламі. Форма і ўся неабходная інфармацыя – па спасылцы. https://pradmova.github.io/apply/
без подписи
без подписи
Дзякуй усім сябрам і сяброўкам, з кім пабачыўся на "Летуцені". Фэст атрымаўся найвыдатнейшы - і літаратурная пляцоўка ад "Прадмовы" была цалкам сабе на ўзроўні. Шчыра ўдзячны ўсім, хто нас слухаў, задаваў файныя пытаньні, а часам і кніжкі набываў! Кракаўская сьпёка - школа загартоўкі беларускіх патрыётаў. Як той казаў, перажылі лета гарачае - перажывём і дзярмо сабачае ))
«Камяні мусілі паляцець» Што не так з нашай памяццю, якая робіць з забойцаў герояў? Што старанна сціралася з гісторыі польска-беларускіх стасункаў на Падляшшы? Як гэта - пазнаць сярод злачынцаў брата школьнай сяброўкі? Чаму пакаленні беларусаў дзесяцігоддзямі маўчалі пра гэтыя злачынствы? 6 жніўня ў межах цыклу сустрэч "Доўгая дарога дадому" Андрэй Хадановіч паразмаўляе з Анэтай Прымакай-Онішк пра яе кнігу «Камяні мусілі паляцець», якую цяпер можна прачытаць і ў беларускім перакладзе. Пачатак а 18.00. Клуб Proza. Для тых, хто па-за Ўроцлавам, будзе трансляцыя. «Камяні мусілі паляцець. Зацёртая мінуўшчына Падляшша» — гэта дакументальная кніга-рэпартаж, якая апавядае пра трагічны лёс праваслаўных беларусаў у Польшчы ў даваенны, ваенны і пасляваенны перыяды. Пра перасяленні, польска-беларускія канфлікты, гвалт і маўчанне пра здзейсненыя злачынствы. Аўтарка адштурхоўваецца ад уласнай сямейнай гісторыі — яе дзед загінуў ад рук польскага падполля як нібыта «камуніст». Беларускі пераклад - Наталля Русецкая.
У сераду ва Ўроцлаве расказваў - з дапамогай перакладчыцы, шаноўнай Жанны Нагіной - пра польскую паэзію і яе пераклады. А заўтра буду ў Кракаве на пікніку "Летуцень". А 13.00 пагаворым з Марынай Казлоўскай пра добрую паэзію ў кепскія часы. Падпішу ахвочым свайго Галчыньскага. За фота шчыры дзякуй Ірыне Міхеевай! Запіс лекцыі - па спасылцы. https://www.facebook.com/share/v/1GayPJUwcv/
Пачынаю свае ўроцлаўскія лекцыі ўжо сёньня а 19, у клубе Proza. Гэтым разам пакажу трохі перакладаў любімых польскіх паэтаў і паэтак, а таксама раскажу пра іх. Прадстаўлю навінку - кнігу "Вуліца шарлатанаў" К.І.Галчыньскага. Хто далёка ад Уроцлава, можа глядзець трансьляцыю. https://facebook.com/events/s/d%C5%82uga-droga-do-domu-wyk%C5%82ad-and/1729534438068254/ Фота зрабіў Rafał Komorowski падчас леташніх лекцыяў ва Ўроцлаўскім Доме Літаратуры.
без подписи
без подписи
Сёньня дзень памяці Натальлі Арсеньневай, Янкі Брыля і Ўладзіміра Караткевіча.
без подписи